Серыя «Галерэя чалавечай думкі» выдавецтва «Энцыклапедыкс», у якой выходзяць філасофскія творы ў перакладзе на беларускую мову, папоўнілася новай кнігай — Бертран Расэл «Мастацтва філасофствавання», піша bellit.info.
Выданне, акрамя ўласна эсэ, таксама змешчаны кароткі біяграфічны нарыс пра яго аўтара і кароткі англійска-беларускі тэрміналагічны гласар, паведамляе суполка «Акадэмічная кніга».
Навінку ўжо можна купіць у менскай кнігарні «Акадэмкніга».
Бертран Артур Уільям Расэл (1872 — 1970) — брытанскі філосаф, матэматык і грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ўніверсітэт (1894), быў прафесарам шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі і ЗША.
Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А. Уайтхэдам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі». Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму.
Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Суаўтар «Маніфеста Расэла—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век.
У 1950 атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры «...на знак прызнання разнастайных і значных твораў, у якіх ён адстойвае гуманістычныя ідэалы і свабоду думкі».
Чытайце яшчэ:
Навінка: выдавецтва Gutenberg Publisher выпусціла раман «Круглая Square» Вала Клемэнта