6-7 ліпеня ў Магілёве на спартыўнай базе “Дынама” адбыўся двухдзённы фестываль Extreme Power Fest – 2012. У межах фестывалю прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, байк-шоу, выступленне каманды фаер-шоу і вялікі канцэрт з удзелам музычных калектываў з Беларусі і Расіі.
У першы дзень фестывалю публіка магла размясціцца ў намётавым лагеры на тэрыторыі спартыўнай базы і паслухаць электронную музыку ў выкананні магілёўскіх музыкаў і ды-джэяў. Гонар адкрываць фестываль выпаў гурту Mind The gravity. Таксама ў гэты вечар на сцэну падняўся Denny Todd з electro punk-праекта «Freakcircus». Завяршыўся першы фестывальны дзень выступам каманды «Танец огня» з піратэхнічным фаер-шоу. Яны ж закрывалі і другі дзень фестывалю.
Асноўныя падзеі былі запланаваныя на суботу, 7 ліпеня. У гэты дзень з самай раніцы ў межах фестывалю пачаліся розныя мерапрыемствы. Акрамя спартыўных спаборніцтваў, публіцы было прапанавана ўпрыгожыць сваё цела бодзі-артам або татуіроўкай проста на тэрыторыі фэсту. Тут жа праходзіла дэгустацыя кітайскіх гатункаў гарбаты: пуэр, да хон пао і іншых.
Бліжэй да сярэдзіны дня пачалася канцэртная праграма, якая працягнулася да самага вечара. Перад публікай выступілі магілёўскія гурты «НеАвстралия» і «JAZZ CITY BAND». Шмат было гасцей са сталіцы. Мінск на фестывалі прадставілі пяць гуртоў, вельмі разнапланавых, але ў той жа час і цікавых: «Мутнаевока», «Лавр Бэнд», «Без Паники», «Addis Abeba» і «NAKA». Не здолелі выступіць на EXTREME POWER FEST музыкі з мінскага гурта «IQ48», заяўленыя ў афішах. З Арла прыехаў калектыў «6 страниц Назад».
Галоўным жа нумарам фестывальнай праграмы стала выступленне хэдлайнераў, гуртоў «ТТ ’34» з Гомеля, «Мангол Шуудан» з Масквы і «Дай Дарогу!» з Брэста.
Выступ гурта «Дай Дарогу!» быў спынены на самым пачатку, што вельмі засмуціла як публіку, так і саміх музыкаў. Міліцыя запатрабавала адключыць апаратуру, спасылаючыся на позні час, хоць на гадзінніках было ўсяго 22:00. Фестываль пры гэтым павінен быў працягвацца да 23:00. Але, нягледзячы на гэта, гурт са сцэны выдаліцца і не падумаў. Дапявалі песні «Дай Дарогу!» хорам пад адны толькі ўдарныя. Гэта працягвалася нядоўга, і канцэртная частка фестывалю неўзабаве скончылася.
А закрывалі фестываль, як мы ўжо казалі вышэй, бясстрашныя хлопцы з каманды «Дыхание огня», якія прадэманстравалі публіцы сваё яскравае і вельмі відовішчнае фаер-шоу.
Марыя Гілёва