Больш за трыццаць рыцарскіх клубаў, што займаюцца гістарычным рэканструяваннем, збяруцца 27-28 чэрвеня ў Камянцы на фестывалі «Беларускі рыцарскі фэст «Камянецкая Вежа», а гэта каля трох соцень удзельнікаў, большасць з якіх прадэманструюць сярэднявечныя ўборы і будуць непасрэдна ўдзельнічаць у выступленнях.
Акрамя ўдзельнікаў, мяркуецца прыезд у Камянец некалькіх тысяч наведвальнікаў з розных рэгіёнаў нашай краіны. І многія жыхары раёна, напэўна, не адмовяць сабе ў задавальненні пабываць на гэткім грандыёзным мерапрыемстве.
Удзельнікі і госці фестывалю размесцяцца ў палатачным гарадку.
Наведвальнікаў фэсту будуць чакаць кірмаш, на які з’едуцца майстры краіны, і незабыўнае відовішча – рыцарскі турнір, штурм замка, турнір лучнікаў, канцэрт сярэднявечнай музыкі, а таксама — сярэднявечная карчма. Праўда, каб паглядзець на бойкі рыцараў, прыйдзецца заплаціць за білет.
Пачатак 27 чэрвеня ў 12.00.