Конкурс праходзіў у Віцебску на працягу ўсяго канцэртнага сезону 2008/2009 і падзяляўся на 3 туры. За гэты час у конкурсе ўзялі ўдзел 24 маладыя віцебскія гурты. З іх 6 гуртоў сустрэліся ў фінале. Арганізатарам конкурсу выступіла кампанія NO LOGO Promogroup.
Фінал конкурсу NO LOGO FEST у Віцебску адбыўся 5 ліпеня.
Выбар фіналістаў адбываўся з дапамогай кампетэнтнага журы і інтэрнэт-галасавання гледачоў.
У склад камісіі ўвайшлі мясцовыя віцебскія журналісты, басіст і клавішнік гурта “СадЪ” Анатоль Харытонаў, а таксама галоўны рэдактар інтэрактыўнай газеты “Народныя навіны Віцебска” Сяржук Серабро.
Адзінагалосным пераможцам фэсту стаў гурт “Jenowa”. Другое месца заваявала каманда “Shit Happens”. Пераможцы атрымалі майкі з сімволікай фэсту, торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, музычныя дыскі і сертыфікат на набыццё любой прадукцыі ў краме музычных інструментаў “Медыя Цэнтр” у межах прэзентаванай сумы.
У фінальным канцэрце ўзялі ўдзел запрошаныя госці – гурт “B:N”. Нягледзячы на тое, што музыкі першы раз выступалі ў Віцебску, публіка прыняла гурт цёпла.
Арганізатар фэсту Віталь Броўка зазначыў: “Вельмі і вельмі задаволены тым, што адбылося. Выразна бачна, што за мінулы канцэртны сезон гурты пачалі ўдасканальвацца, працаваць з публікай. Самае прыемнае, што гледачы сталі актыўна хадзіць не толькі на канцэрты замежных зорак, але і на канцэрты мясцовых гуртоў”.
Фестываль адбываўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”