Учора адкрыўся праект “Фемінісцкая (art) крытыка”, які сабраў у Мінску мастачак і актывістак з 13 краінаў. Можна сказаць, гэта своеасаблівы вялікі злёт феміністак: цягам тыдня ў прасторы “Цэх” пройдзе мастацкая выстава, трохдзённая канферэнцыя, а таксама публічныя выступы, дыскусіі, воркшопы і перфомансы. Карэспандэнт budzma даведалася, чаго чакаць ад гэтай насычанай праграмы.
На афішы – моцная гераіня ў баксёрскіх пальчатках, знятая ў будзённым натоўпе беларускіх жанчын. Большасць удзельніц мерапрыемства свядома пазіцыянуецца як феміністкі, таму арганізатаркі ў першую чаргу намагаліся стварыць для іх прастору, дзе магчымы шчыры і адкрыты абмен досведам. Жанчыны раскажуць, чаму для іх важна прасоўваць гендарныя тэмы, абмяркуюць беларускія ўмовы і параўнаюць іх з кантэкстамі іншых краін. Адна з арганізатарак, даследчыца Ірына Саламаціна, патлумачыла неабходнасць такой камунікацыі: “Магу прывесці такі прыклад. Часам бачу, як вядомая феміністка Марыя Арбатава сядзіць у якасці эксперткі ў нейкім ток-шоў і можа сказаць нешта накшталт: “Мае эрагенныя зоны мне гавораць…” Я разумею, што гэта правакацыйна, але такія выказванні не зусім дарэчныя ў дадзенай аўдыторыі. А ў нас якраз тое месца, дзе можна без эпатажу і асуджэння пагаварыць пра досвед сваёй цялеснасці альбо, скажам, выцяснення жанчыны з працоўнага асяродку ды іншыя праблемы”.
На фестываль прыехалі мастачкі і даследчыцы ў асноўным з краінаў былога савецкага лагеру: з Польшчы, Малдовы, Грузіі, Расіі, Украіны, Кыргызстана, Чарнагорыі, Эстоніі, Расіі, іх праекты былі абраныя шляхам адкрытага конкурсу. Пагадзіліся паказаць свае працы і беларускія аўтаркі – паэтка Вольга Гапеева, мастачкі Антаніна Слабодчыкава, Алеся Жыткевіч, Жанна Гладко, якія рэфлексуюць на гендарныя тэмы. Арганізатаркі бачаць у гэтым нават пэўную смеласць, бо фестываль названы фемінісцкім упершыню ў Беларусі. Як высветлілася, для нашага грамадства тут ёсць элемент табуяванасці.
“Фемінізм у нас застаецца з’явай малазразумелай, ахутанай містыкай, – кажа Ірына Саламаціна, – часам калі я ў публічнай прасторы кажу, што феміністка, мне даводзіцца тлумачыць, што ў мяне няма жабраў і хваста, у мяне ёсць муж і сын, то бок я не пакутую на ўвесь комплекс стэрэатыпных асацыяцый. Раней я лічыла, што мерапрыемства лепш называць нейтральна – напрыклад, “Гендарны маршрут”. Але пабываўшы на маскоўскім “Фемінісцкім алоўку”, я падумала, што не варта ісці за арт-асяродкам, лепш называць рэчы сваімі імёнамі”.
Назва “Фемінісцкая (art) крытыка” ўжо далася арганізатаркам у знакі – напрыклад, у друкавальным цэнтры “Карандаш” менеджар адмовіў у друку буклетаў, спужаўшыся нейкай правакацыйнасці прадукцыі. А ў кампаніі “Самсунг”, якая нядаўна тэхнічна дапамагала выставе XXY, прысвечанай квір-тэматыцы, у падтрымцы адразу не адмовілі, але збянтэжыла назва.
“Фемінісцкая (art) крытыка” – гэта не закрытая канферэнцыя, трапіць сюды могуць усе зацікаўленыя (мужчыны таксама), а асобныя мерапрыемствы будуць карысныя не толькі гендарным спецыялістам, але і шырокай публіцы.
Праграму фестывалю чытаем разам з феміністкай, сацыёлагам Ірынай Саламацінай і вылучаем найбольш цікавае:
26 лістапада (серада)
12.00-15.00 – першая секцыя канферэнцыі, дзе можна паслухаць тры выступы:
1. Беларуская паэтка і мастачка Вольга Гапеева выступіць разам з чарнагорскай скульптаркай Мільянай Ісціяновіч, лекцыя называецца: “When the verbal meets the visual”/ «Калі вербальнае сустракаецца з візуальным».
Ірына Саламаціна.: «Мільяна як скульптар вельмі цікава працуе са сценамі. Мне іх з Вольгай праект дарагі тым, што гэта добры прыклад кансалідацыі, бо часам падаецца, што паміж беларускімі феміністкамі і заходнімі няма нічога агульнага. Мне самой будзе цікава паглядзець, што ў іх атрымаецца”.
2. Аксана Брухавецкая (Украіна, Кіеў): «Прачытанні класічнай літаратуры праз прызму фемінізму»
І.С.: «Аксана працуе ў Цэнтры візуальнага мастацтва ў Кіеве, дзе летась была скандальная і ўсім вядомая выстава на тэму цялеснасці «Украінскае цела». Яна любіць класічныя заходнія тэксты і вырашыла прааналізаваць адзін з іх з пункту гледжання патрыярхатных стэрэатыпаў у рамане».
3. Аксана Кісь (Украіна, Львоў): «Вусная жаночая гісторыя як фемінісцкі метад і досвед эмансіпацыі»
І.С.: «Аксана Кісь – антраполаг з Львова, вельмі значная даследчыца для развіцця гендарных ведаў ва Украіне і на постсавецкай прасторы. Яе лекцыя будзе цікавая самім мастачкам. Досвед прапісвання сваёй жыццёвай сітуацыі – вельмі важны, бо калі жанчыны пра сябе не напішуць, то наўрад ці гэта зробіць нехта іншы».
19.00 – лекцыя Тамары Злобінай (Украіна, Камянец-Падольскі): «Гісторыя ўкраінскага феміністычнага мастацтва»
І.С. “Думаю, гэтая лекцыя будзе карысная ўсім людзям, якія цікавяцца мастацтвам суседніх краін. Дадам, што мне вельмі сімпатычна, як Тамара чытае лекцыі, гэта таксама немалаважна”.
27 лістапада (чацвер)
12.00-15.00 – другая секцыя канферэнцыі, прысвечаная літоўскаму фемінісцкаму мастацтву. Сярод выступоўцаў – Вільма-Фёкла Кюрэ (Літва, Вільня) з лекцыяй: «Дэканструкцыя сімвалаў у пратэстнай культуры»
І.С.: «Летась гурт, удзельніцай якога з’яўляецца мастачка, назвалі ў прэсе «літоўскімі Pussy Riot», бо яны зрабілі перфоманс, падчас якога пераспявалі літоўскі гімн ад імя жанчыны. Здаецца, што тут такога? А праз паўгода супраць іх была пачатая крымінальная справа за дыскрэдытацыю нацыянальнай сімволікі. Хутчэй за ўсё Вільма раскажа пра гэты выпадак».
18.00 – «Перасунутыя» перформанс Машы Гадаваннай і Паліны Заслаўскай.
19.00 – лекцыя Алены Раждзественскай (Расія, Масква): «Візуальная сацыялогія з гендарнымі лінзамі».
І.С.: «Вядомая даследчыца візуальнасці прааналізуе папярэдні перфоманс і прачытае лекцыю. Трэба адразу сказаць, што гэта найвышэйшы акадэмічны пілатаж, мова ў яе складаная для ўспрымання. Але калі гледачы напружацца і ўнікнуць, то атрымаюць вельмі добрыя навыкі, як можна настройваць оптыку для ацэнкі любога візуальнага прадукту».
28 лістапада (пятніца)
12.00-15.00 – воркшоп «Self-publish book/Як зрабіць кнігу самастойна» ад мастачкі Таццяны Фёдаравай (Малдова, Кішынёў).
І.С.: «Звычайна мастачкі, якія асэнсоўваюць гендарныя тэмы, працуюць з відэа, робяць перфомансы. Самаробныя кнігі – гэта таксама цікавая форма. Яна праблематызуе падзел мастацтва на высокае і нізкае, дэманструе, што практыка рукадзелля можа паўнавартасна разглядацца як від мастацтва, таксама як, скажам, коміксы».
16.00-18.00 – круглы стол «Мастацтва супрацьстаяння гендарным міфам».
І.С.: «Беларускія мастачкі і актывісткі раскажуць пра свой досвед. Напрыклад, Анфіса Касьянава – былая спартоўка, якая займаецца тэмай дыскрымінацыі жанчын у спорце, выкажацца пра гэтае актуальнае сёння пытанне».
29 лістапада (субота)
13.00-18.00 – воркшоп платформы BODYPOLITIX: палітыкі цялеснасці ад Катарыны Відлак, Машы Нойфельд (Аўстрыя, Вена), Ксюшы Юрменіч (Германія, Берлін) «Квір-цялеснасць і рэпрэзентацыі гвалту».
І.С.: «Цікавая каманда. Думаю, гэты воркшоп будзе карысны шырокай публіцы і дапаможа зразумець, што канцэпт цялеснасці нашмат складанейшы за аб’ектывацыю жаночых цел у рэкламе, дазволіць выявіць ягоную разнастайнасць».
30 лістапада (нядзеля)
13.00-18.00 – воркшоп «Жаночы Мінск»: распрацоўка і складанне экскурсійнага гіда па мінскіх вуліцах, названых у гонар жанчын.
І.С.: “У Мінску прыкладна 1500 вуліц, праспектаў, завулкаў, бульвараў і плошчаў, з іх 400 названыя мужчынскімі імёнамі і толькі 20 – жаночымі. Пры гэтым у Беларусі жыве 54 працэнты жанчын. Гэта вельмі цікава. Давайце паглядзім, хто тыя жанчыны, імёны якіх упрыгожваюць вуліцы: Роза Люксембург, Клара Цэткін – яны зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё фемінізму, я вельмі радая, што такія вуліцы ёсць. З іншага боку, чаму так мала назваў у гонар нацыянальных дзяячак? Мы вырашылі зрабіць гайд па жаночых вуліцах, бо нам важна зафіксаваць гэтыя назвы, але цікава было б і прааналізаваць, якія жанчыны ўдастоіліся такога гонару і пры якіх абставінах, бо зразумела, што назвы вуліцам даюцца па ідэалагічным рашэнні”.
19.00-21.00 – лекцыя Кацярыны Бараздзіной (Расія, Санкт-Пецярбург): «Гендарны неатрадыцыяналізм у расійскай родадапамозе: ідэалогія і інстытуты (на практыцы натуральных родаў).
І.С.: «Гэта будзе цікава тым, хто мае досвед мацярынства альбо збіраецца яго займець, лекцыя дапаможа зразумець, як звязаныя практыка і ідэалогія ў пытанні натуральных родаў».
1 снежня (панядзелак)
18.00-21.00 – воркшоп рукадзельных кніг «Feminism Illustrated» ад ІІ Бакіхадзэ (Грузія, Тбілісі).
І.С.: «Воркшоп падобны да таго, які робіць Таццяна Фёдарава, але розныя падыходы. Ія раскажа не толькі як зрабіць кнігу, а і пра парушэнне яе нарматыўнасці – розныя тэхнікі (вышытыя кнігі, пэчворк і г.д.)».
4 снежня (чацвер)
19.00 – «Не бойся – злуйся!»/«Be angry – not afraid!»: прэзентацыя музычнага зборніка аўдыёвыказванняў, маніфестаў і гімнаў жаночай злосці.
І.С.: «Гэта праект, які зрабілі Ганна Родзіна і Зміцер Плян. Яны паказалі, як можна прадставіць агрэсію праз электронную музыку. Тут не столькі заклік не хаваць сваіх пачуццяў, выстаўляць агрэсію напаказ, а як бы легітымацыя пачуццёвага боку, але не пазітыўнага, а менавіта негатыўнага. Яны паказваюць, што і гэтая эмоцыя можа перадавацца праз эксперыментальную музыку. Цікава, што арганізатары рабілі кол для музыкаў, і адгукнуліся феміністкі з розных краінаў, напрыклад, з Японіі».
Поўную праграму «Фемінісцкай (art) крытыкі» можна знайсці тут.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай