Першы фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” адбыўся ў 1999 годзе, але да гэтага падрыхтоўка вялася некалькі гадоў. Усяго яго арганізатары налічылі 20 гадоў, таму вынікі падвялі за круглым сталом і прэзентавалі фотавыставу Яўгена Пясецкага, прысвечаную юбілейнай даце.
Сёлета фестываль прайшоў восьмы раз і сабраў звыш 500 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі, акрамя Гарадзенскай. Гэта была яркая відовішчная падзея для тых, хто за ёю назіраў як глядач, а для фальклорных гуртоў — доўгачаканая сустрэча сяброў, конкурсы майстэрства, суперажыванне і радасць за дасягнутыя поспехі. Параўнальна з іншымі фестывалямі гэты незвычайны не толькі таму, што ён доўжыцца 4 дні і ўключае ў сябе конкурсы танцавальных пар, гуртоў і майстроў рамёстваў, але і таму, што тут жа за круглым сталом абмяркоўваюцца яго вынікі за кожныя 2 гады падрыхтоўкі і папярэдні шлях, канцэпцыя наступнага фестывалю. Такім чынам, ён з’яўляецца творчай лабараторыяй як для ўдзельнікаў, якія спаборнічаюць і вучацца на прыкладзе іншых, для іх кіраўнікоў, а таксама для экспертаў, якія ацэньваюць таленты і назіраюць сам працэс фестывальнага руху. Сёлета на “Берагіні” працавала экспертная рада, у склад якой уваходзілі 2 дактары навук, 3 прафесары, 6 кандыдатаў навук — харэографы, фалькларысты, этнамузыказнаўцы, этнолагі, філосафы. Па традыцыі ў яе склад уваходзіць замежны эксперт. Гэтым разам прыехаў з Масквы Аляксей Шылін, вядучы навуковы супрацоўнік Расійскага цэнтра рускага фальклору, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаны работнік культуры.
Сёлета ў г.п. Акцябрскі ўпершыню трапіла наша зямлячка родам з Мазыра, якая цяпер жыве ў Амерыцы. Яна была ўражаная, здымала на камеру ўсе падзеі і падчас аднаго з конкурсаў сказала: “Ніякі чэмпіянат па хакеі ці футболе не можа параўнацца з тым, што тут адбываецца. Гэты фестываль і традыцыйная культура беларусаў у жывых формах — вось што можа стаць брэндам Беларусі, бо ў гэтым наш народ не мае аналагаў у свеце”. А сябры экспертнай рады лічаць, што ў фестывалі “Берагіня” закладзеная нацыянальная ідэя, якую чыноўнікі шукаюць і прыдумляюць са сваёй галавы. Сёлета ў конкурсе танцавальных пар бралі ўдзел і аўтэнтычныя носьбіты, якія спаборнічалі паміж сабой у майстэрстве танца. Дзеці і моладзь вучыліся ў іх імправізацыі. Тэхніку танца яны засвоілі і танцуюць, безумоўна, гарачэй за старэйшых выканаўцаў, якія па стане здароўя не могуць танцаваць так, як у маладосці. Але якія панкіндэсы яны часам вырабляюць! Са Жлобінскага раёна была пара з пажылога мужчыны і маладой жанчыны — Эдуард Гараўцоў і Жанна Міронава. Кожны іх танец — маленькая імправізаваная сцэнка, дзе партнёрка красуецца перад партнёрам павай, а кавалер такія конікі выкідае, што зала ўзрываецца апладысментамі і крыкамі “брава”. Міхаіл Тачыла і Ганна Катлярчук з Жыткавіцкага раёна не маглі зразумець, чаму яны не выйшлі пераможцамі ў выкананні полькі, пасля конкурсу папрасілі тлумачэння ў сябра журы. Ім растлумачылі, што ў танцы кіруе мужчына, жанчына павінная падпарадкоўвацца, а не тузаць партнёра, калі ён нешта зрабіў не так. У гэтым праяўляецца народны этыкет і традыцыя выканання. Сяргей Жаўняк і Ларыса Якіменка з Буда-Кашалёўскага раёна — пара з іншым характарам: рухі адточаныя, эмоцыі стрыманыя, танцавалі з годнасцю, прыгожа. Вёскі Сарачы Любанскага раёна і Янкавічы Расонскага прадставілі на фестывалі свае фальклорныя гурты, у складзе якіх шмат мужчын, таму і танцавальныя пары з іх на конкурсе выступалі паспяхова, бо яны шмат гадоў разам. Зінаіда і Пётр Акулічы з Прыбылавіч Лельчыцкага раёна вельмі хваляваліся, бо на конкурс прыехалі ўпершыню, але іх горача вітала зала, а журы не скупілася на добрыя адзнакі.
За 20 гадоў працы над фестывалем, які праводзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці кожныя два гады, увесь раён ужо танцуе, тут цэняць і адзначаюць майстэрства па вырабе народных строяў, страваў народнай кухні, рамёстваў лазапляцення, саломапляцення і іншых — сярод дзяцей, моладзі і старэйшага пакалення. А колькі вырасла на гэтай зямлі музыкантаў! Самы знакаміты — узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Дульскай, якая сама выдатная гарманістка, тонкі педагог-выхавацель, збіральніца музычнай спадчыны Рудабельшчыны. Тут народныя музыканты з рук у рукі перадаюць сваё майстэрства дзецям, танцоры — з нагі ў нагу, вусны фальклор — з вуснаў у вусны. У кожнай вёсцы культработнікі вядуць збор матэрыялаў, якія склалі фонд традыцыйнай культуры раёна. Вынікі гэтай працы неабходна надрукаваць з дадаткамі ў выглядзе дыскаў з запісамі. Тут гасцінна прымаюць і вельмі кваліфікавана, на еўрапейскім узроўні, суправаджаюць цягам чатырох дзён фестывалю ўсіх удзельнікаў і гасцей. Вось чаму, убачыўшы ўсё гэта ўпершыню, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры і сябра Нацыянальнай камісіі ЮНЕСКА, назваў Акцябрск сталіцай Рудабельскай фальклорнай рэспублікі.
Акрамя конкурсу танцавальных пар і турніру дзіцячых фальклорных калектываў (музыка, танцы, спевы, вусныя формы фальклору), быў конкурс у галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці, адбылася прэзентацыя рэгіянальных народных строяў, майстар-класы па навучанні танцам і фальклорная дыскатэка, канцэрты, шэсці, свята “Рудабельскае Купалле” ў дзень летняга сонцавароту. Выступалі гарадскія моладзевыя гурты з Мінска. Але яны яшчэ традыцыйна складаюць групу падтрымкі, дапамагаюць у арганізацыі фестывалю. За круглым сталом эксперты, журналісты і кіраўнікі дзіцячых, моладзевых і дарослых фальклорных гуртоў абмеркавалі вынікі дзейнасці за два гады і канцэпцыю наступнага, дзявятага фестывалю “Берагіня”. Ён бесперарыўны, праца ў рэгіёнах праводзіцца пастаянна, а падчас яго працуе як бы творчая лабараторыя ўдзельнікаў і навукоўцаў, а таксама тут праводзяцца ўнікальныя конкурсы. Эксперт з Масквы Аляксей Шылін зазначыў, што аналагаў фестывалю “Берагіня” няма нідзе ў свеце. Няхай жа ён шырыцца і паглыбляецца ў кірунку пераемнасці ад старэйшага пакалення да дзяцей і моладзі. Доўгага яму і плённага жыцця!
Рэгіна Гамзовіч
Фота Аляксея Сталярова