Беларуская вышыванка зрабілася асабліва модным трэндам — з нацыянальным арнаментам вырабляюць моладзевую вопратку, аксэсуары, хатні тэкстыль і нават робяць татуіроўкі. А 5 кастрычніка ў Мінску прайшоў першы «Дзень вышыванкі». Падтрымаць гэтае свята і зрабіць свой уклад вырашылі і аўтаўладальнікі: у Мінску заўважаны незвычайны «вышываны» Volkswagen Golf.
Golf па праве лічыцца самым паспяховым аўтамабілем у Еўропе і самым прадаваным Volkswagen усіх часоў. Паводле афіцыйных дадзеных, за ўсю гісторыю існавання Golf, якая, дарэчы, сёлета перасягнула 40-гадовы парог, было прададзена больш за 30 млн. экзэмпляраў гэтай мадэлі. Хто толькі не ездзіў на гэтым аўтамабілі — ад заснавальніка сацыяльнай сеткі Facebook (які абраў зараджаны Golf GTI) да канцлера Германіі Ангелы Меркель.
Любоў беларусаў да Golf вядомая ўжо даўно — асабліва да другога пакалення мадэлі, якое можна назіраць паўсюдна на дарогах нашай краіны.
Але цяпер 2014, і Golf сёмага пакалення ўжо на ўсю моц штурмуе сэрцы спажыўцоў. Зусім нядаўна на дарогах Мінска быў заўважаны незвычайны Golf — з актуальным сёння беларускім арнаментам.
Апошнім часам вышыванка ператварылася з музейнага экспаната і нязменнага атрыбуту народных святаў у модны і яркі элемент, які з задавальненнем выкарыстоўваюць многія: нацыянальны арнамент сустракаецца на вопратцы, у аксэсуарах і нават у якасці татуіровак.
Гэта не можа не радаваць — у нацыянальных арнаментах схаваны велізарны пласт культуры, традыцый і павер’яў беларускага народа. Вывучэнне нацыянальнага арнаменту дазваляе наблізіцца да мінулага сваёй краіны, дапамагае беларусам адчуваць сябе беларусамі.
Размешчаны на капоце Golf арнамент — не проста даніна модзе. Гэта ў першую чаргу ўважлівае і беражлівае стаўленне да беларускай культуры і гісторыі. Па-другое, гэта свайго роду абярэг. Менавіта так арнамент выкарыстоўвалі нашы продкі — кожны яго сімвал мае свой сэнс і значэнне. Варта звярнуць увагу на тое, што нават размяшчэнне арнаменту на вопратцы раней насіла асаблівы сэнс — лічылася, што ён абараняў не закрытыя адзеннем участкі цела ад злых духаў (узор звычайна размяшчаўся на каўнярах, абшэўках, уздоўж манішкі, на галаўным уборы ўздоўж твару). Па-трэцяе, сімвалічна, што з нацыянальным арнаментам аказаўся менавіта Golf — мадэль са сваёй гісторыяй. Аўтамабіль, у ідэі якога — быць сімвалам усяго таго, што адбываецца ў аўтамабільнай індустрыі.
Нацыянальны ўзор, размешчаны на Golf, узяты з кнігі «Беларускi народныя арнамент» 1955 года. Гэтая кніга прызначалася для супрацоўнікаў лёгкай прамысловасці Беларусі. А асноўны шыфр арнаменту быў разгаданы дзякуючы сайту http://www.ornaments.shuma.by/.
У дадзеным выпадку гэта аналаг арнаменту «Лапа на дванаццаць растоў», якая сімвалізуе засеянае поле, параснік, квітнеючыя зямлі і палі, якія абяцаюць багацце і дабрабыт.
Вось такі Golf-беларус атрымаўся. Уладальнік упэўнены, што гэта адзін з найлепшых трэндаў апошняга часу — правільны, разумны і важны для ўсяго беларускага грамадства. І гэта можа стаць выдатнай традыцыяй. Дзяліцеся ў сацыяльных сетках, калі ўбачыце такі аўтамабіль, хэштэгам #vwyshivanka.