Беларускі пісьменнік-аматар з Горадні Аркадзь Літвін (Жукоўскі) напісаў кнігу “Галс. Аповесць з 1734 года”.
– Спадар Аркадзь, пра што і для каго гэтая кніга?
– Кніга расказвае пра падзеі на Беларусі ў 1734 годзе, на Панямонні. Тады тут сутыкнуліся канфедэраты з царскімі войскамі. Царскія войскі прыйшлі дапамагаць гетману Радзівілу. Гэта быў час, калі высунуўся Ляшчынскі з аднаго боку, а з другога хацелі Аўгуста Саксонскага. Такая прыгодніцкая аповесць, галоўная мэта якой, як і ўсіх маіх твораў, – вярнуць беларусам сваю шляхту.
– У гэтым кантэксце вы цытуеце Купалу: “З аднаго боку вучоныя з Усходу, з другога боку вучоныя з Захаду даказваюць, што сярод беларусаў толькі сяляне”.
– Лапці і г.д – гэта глупства. А хто ваяваў? У войска тады сялян не бралі. А войска ў Вялікім Княстве было мінімум 6 тысяч. Гэта мінімум 6 тысяч шляхты. А ў іх былі бацькі, браты і сёстры. У беларусаў таксама была свая шляхта. Шляхта гэтая мела даволі моцны настрой не толькі аўтанамічны, але і часта сепаратысцкі. На сойме, калі што не прымалася з пастулатаў шляхты ВКЛ – пагражалі разрывам уніі.
– Некаторыя думаюць, што ў сойме сядзелі сяляне.
– Куды магла падзецца гэтая шляхта, калі з яе выраслі і Купала, і Лучына, і шмат хто яшчэ? Менавіта на гэтай злосці я і ўзяўся пісаць. Я як пайшоў на пенсію, часу стала больш. Я быў падрыхтаваны да гэтай пісаніны, шмат чаго чытаў і пісаў.
– Як доўга рыхтавалася кніжка?
– Я пісаў адзін вялікі раман – ён пакуль не пайшоў у друк. І тут да мяне прыйшла ідэя невялікай прыгодніцкай аповесці. У кнізе я паказаў, што канфедэрацыя – добрая з’ява Рэчы Паспалітай. Я заўсёды падкрэсліваю, што гэта была Рэч Паспалітая абодвух народаў. У кнізе я ўжываў слова “ліцвін”. “Ліцвін” – гэта не беларус, гэта палітычная назва жыхара Вялікага Княства, у якім жылі і жмудзіны, якія пасля пачалі звацца літоўцамі, яцвягі і прусы, і няважна, як яны тады зваліся. Таму што няма ніводнага народа, які б ад часоў Рыма меў сваю назву. І у мадзьяраў некалькі назваў, і ў славянаў. І ў “маскавітаў”. У мяне ў кнізе няма рускіх, у мяне там маскавіты. Яны самі сябе тады так звалі.
– Што яшчэ цікавага пішаце?
– Пішуцца два раманы, прысвечаная паўстанню 1863 года, падзеі напярэдадні, за некалькі гадоў да паўстання, і раман пра беларуса, які трапіў на Каўказскую вайну. Натхніўся я лёсам Франца Савіча і яшчэ падзеяй, калі паўстанцы паслалі экспедыцыю на Каўказ, каб узняць на чаркескім узбярэжжы паўстанне наноў, таму што на каспійскім узбярэжжы яно было задушанае, і Шаміль капітуляваў. Там ёсць прыгодніцкі элемент, які будзе цікавы чытачу.
Размаўляў Андрэй Мялешка