Чым могуць ганарыцца беларусы? Ды шмат чым, скажаце вы і, зразумела, будзеце мець рацыю. Я прапаную яшчэ адну нагоду: нашу традыцыйную кухню. Ды гэта не новая ідэя. Таму і знаёмлю вас з адной, але ўнікальнай стравай нашай кухні, з глыбоцкай смакатой – “капыткамі”!
Крышачку гісторыі
Прыгатаваць нешта з бульбы – для беларуса справа не новая. Але як можна прыгатаваць! Тут безліч варыянтаў, рэцэптаў, сакрэтаў і таямніц. Дранікамі не здзівіш ужо і турыста, асабліва калі ён не з далёкага замежжа да нас завітаў. Так падавалася і мне, пакуль не наткнуўся на дзіва дзіўнае і смакату неверагодную, на глыбоцкія капыткі. А самае цікавае тое, што прыгатаваныя яны з бульбы!
Будзем ведаць – будзем ганарыцца
Калі ведаеш сваю гісторыю, культуру і свае карані, то і ганарышся сваёй спадчынай. Простае правіла, працуе ў большасці выпадкаў. Застаецца толькі даведацца аб усім гэтым, і будзеш сапраўдным патрыётам. Вось тут пачынаецца самае складанае: трэба ж прыкласці намаганні, трэба нечым цікавіцца і нешта вучыць… А як вучыць, калі нецікава… І калі яно стане цікавым… Зачараванае кола. Таму давайце яго разарвём!
Рэцэпт
Каб атрымаліся сапраўдныя глыбоцкія капыткі, нам неабходная, канечне ж, бульба. Бульбу абіраем і адварваем. Тут усё і пачынаецца. Замест таго каб гарачанькую, толькі-толькі зваранаю бульбачку адразу з’есці, мы пакідаем яе на пэўны час. Найлепш прыдалося б халоднае мураванае памяшканне з магутным скляпеннем, але калі такога няма пад рукой, падыдзе любое халоднае месца. Бульбу астудзілі. Зараз трэба яе здрабніць. Можна патаўчы яе, можна працерці, а можна прапусціць праз мясарубку.
У атрыманую масу дадаём яйка, соль і крыху крухмалу. Усё перамешваем, і атрымліваецца своеасаблівае “цеста”. Вось яго мы раскатваем на доўгія шнурочкі. Каб атрымлівалася ўсё спрытней, пасыпаем паверхню, дзе нашы капыткі качаюцца, крухмалам.
Пакуль качаем ды наразаем капыткі, ставім каструлю з вадой і чакаем, калі яна закіпіць. Вось пайшлі бурбалкі, і капыткі дружна, адзін за адным, апускаюцца ў самы вір.
Тым часам награваем патэльню. Растапляем на ёй кавалачак сметанковага масла, дадаём смятану і кроп. Атрымліваецца цудоўная падліўка. А вось і капыткі зварыліся, паўсплывалі і просяцца на талерку. Асцярожна выкладаем іх, паліваем падліўкай, і страва гатовая. Смачна так, што можна язык з’есці!
Чаму глыбоцкія?
Усё вельмі проста: бо аўтар знайшоў іх у г. Глыбокае. А пашчасціла іх знайсці не абы-дзе, а ў сваёй сям’і. Дык, можа, гэта прыдумка адной гаспадыні? Зусім не! Аказваецца, што ў беларусаў вельмі пашыраныя стравы са здробненай бульбы. І ёсць нават іх класіфікацыя па спосабе здрабнення масы:
– таркаваная; атрымаем дранікі ці бабку;
– клінковая; адціснуўшы натаркаваную бульбу, атрымаем клёцкі;
– тоўчаная; тут наша бульбяная каша, камы, картаплянікі і капыткі.
Бачна, што сам прынцып прыгатавання такіх страваў характэрны для нашай кухні. Каб разабрацца глыбей, звяртаемся да эксперта.
Меркаванне эксперта
Алена Антановіч, магістр гістарычных навук, аспірант гістарычнага факультэта БДУ, спецыяліст па традыцыйнай культуры харчавання беларусаў:
На самай справе капыткі не так часта можна сустрэць на стале беларуса, як, напрыклад, бабку, клёцкі, дранікі, скрылькі і г.д. Можна меркаваць, што страва з’явілася ў другой палове ХІХ ст., у той перыяд, калі адным з асноўных прадуктаў харчавання стала бульба. За кароткі час яга хутка заняла трывалае месца ў народнай кулінарыі.
Капыткі – лакальная страва. Цяпер іх ужыванне зафіксаванае не ў кожным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне Беларусі. Існуюць рэгіянальныя асаблівасці прыгатавання, падачы і ужывання капытак. Так, у Глыбоцкім раёне і г. Глыбокае (гісторыка-этнаграфічны рэгіён Паазер’е) аснову стравы складае маса, прыгатаваная з адваранай астуджанай бульбы, у якую дадаюць неабходныя кампаненты. Капыткі адварваюць у кіпні і ўжываюць са спецыяльна прыгатаваным соусам.
У гісторыка-этнаграфічным рэгіёне Заходняе Палессе (Кобрынскі раён) таксама існуе такая страва як капыткі, але тут іх гатуюць з сырой бульбы, надзертай на тарцы. У бульбяную масу дадаюць муку, соль і соду. Цеста добра вымешваюць і раскатваюць, наразаюць палоскамі і пякуць у печы або духоўцы. Перад тым як ужываць, капыткі апускаюць на 10 хвілін у мясны булён, дастаюць, падаюць на стол з абсмажанай цыбуляй.
Нягледзячы на аднолькавую назву “капыткі”, кожны рэгіён мае свой унікальны спосаб прыгатавання стравы. Гэта сведчыць аб тым, што гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі маюць сваю спецыфіку, комплексы страваў, назвы, тэхналогіі прыгатавання, ужывання і інш. У Глыбоцкім раёне страва “капыткі” не прыпыніла існавання, рэцэпт прыгатавання перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Крыху мараў
Зразумела, што так ці інакш, але гэта ўжо наша спадчына. Мы можам яе апісваць ды вывучаць, гатаваць ды есці, і, канечне, павінныя ёй ганарыцца. Глыбоччына – унікальны рэгіён, дзе пад аховай дзяржавы знаходзяцца чатыры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Можа, на чарзе будзе і пяты, хто ведае.
Давайце здзіўляць сваіх родных, знаёмых і гасцей не пельменямі і хмяльнымі напоямі, а нашай стравай. Нас дзевяць з паловай мільёнаў, мы шмат чаго маем, мы адметныя. Трэба толькі глянуць і пашукаць.
Дзяніс Філіпчык