“Разам у згодзе на роднай зямлі”.
Памёр бязжонны я.
Любіў мой родны край.
Пакінуў Вам свае багацці – Храмы.
Яны і праз стагоддзі – мае дзеці,
Гонар горада, яго адметнасць.
А можа адбудуеце
Прыгажуню – Царкву Беразвецкую.
Шэдэўр архітэктуры еўрапейскага ўзроўню!
З Божай дапамогай і добрых людзей усё магчыма.
Хай будзе брэндам горада Глыбокае лагатып са слоганам “Разам у згодзе на роднай зямлі”. Гэта і ёсць глыбіня традыцый, гісторыі, духу.
Іосіф Корсак, які нарадзіўся амаль 440 гадоў таму, на працягу свайго жыцця шукаў паразумення праваслаўных і католікаў. Паходзіў з праваслаўнай сям’і, потым прыняў каталіцкую веру і заснаваў Беразвецкі Базыльянскі кляштар для прымірэння дзвюх асноўных канфесій нашай былой дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.
Надыходзіць час, калі глыбачане назавуць сваю плошчу на Храмавай Гары плошча Іосіфа Корсака, альбо плошча Сустрэчы, дзе побач красуюцца дзівоснай прыгажосці Касцёл і Царква. Побач з Алеяй славутых землякоў замест магазіна “Цифра” было б добра аднавіць Блакітную сінагогу паменшаных памераў і зрабіць музей яўрэйскай культуры. Было б добра звярнуцца да дыяспары глыбоцкіх татар і на былой Татарскай вуліцы, цяпер Школьнай, збудаваць Малітоўны дом татараў. Ёсць прапанова Аляксандра Івашчонка ў газеце “Вольнае Глыбокае” ад 26.07.2012 года.
Святкаванне 600-годдзя горада можа дапамагчы знайсці рашэнне аднавіць альбо закансерваваць прыгажун будынак былога кляштара кармелітаў.
Тады Глыбокае сапраўды стане не толькі квітнеючай Вішнёвай сталіцай, а прыцягальным цэнтрам турызму ў цэнтры Еўропы.
Калі вышэй прыведзеныя радкі былі набраныя у газеце “Вольнае Глыбокае”, раённая газета паведаміла, што адпрацоўваюцца пытанні перайменавання плошчы 17 верасня ў Саборную плошчу.
Такая прапанова супярэчыць гістарычнай талерантнасці глыбачан і будзе прыніжэннем статуса Касцёла перад веліччу Сабора-Царквы, гэта будзе спроба прынізіць справу і веліч здзяйсненняў сына глыбоцкай зямлі Іосіфа Корсака. Дзякуючы яму ў Глыбокім красуюцца дзівоснай прыгажосці Сабор і Касцёл. Не трэба забывацца, што сённяшні Сабор на працягу амаль 240 гадоў быў Касцёлам. У сутарэннях храма каля 220 гадоў спачываў яго фундатар. У час перабудовы касцёла пад царкву гэты нямы сведка рабаўніцтва быў выкінуты з катакомбы, яго прах двое сутак мокнуў пад адкрытым небам на могілках і пахаваны невядома дзе.
Помнік Іосіфу Корсаку побач з яго храмамі-дзецьмі ёсць Божы знак Пакаяння і з’явіўся дзякуючы благаславенню Уладыкі Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прысланага глыбачанам на зварот з подпісамі 51-го праваслаўнага верніка і аднаго католіка.
Плошча Іосіфа Корсака, альбо плошча Сустрэчы, Храмавая Гара, на якой адбываліся сустрэчы многіх пакаленняў глыбачан, будзем спадзявацца, стане месцам сустрэчы Высокіх Святароў праваслаўнай, каталіцкай канфесій і іншых канфесій і рэлігій. Жыхары майго краю чуваюць спатканне…
У наш час інфармацыйнай рэвалюцыі на аснове пашырэння Інтэрнэту назіраеца крызіс веры, рэлігій, асабліва ў маладога пакалення. Патрэбны крокі да сустрэчы святароў, дыялогі, крокі да прымірэння. Такі імпульс можа даць плошча Іосіфа Корсака, асэнсаванне гісторыі Сабора Раства Прасвятой Багародзіцы.
У год юбілею горада глыбачане адчуюць подых слаўнай мінуўшчыны і продкаў. А што трэба зрабіць, каб ажывіць старажытнасць горада па левы бок рачулкі Бярэзвіца.
Чароўны сквер на разгалінаванні чатырох вуліц каля Зялёнага магазіна назваць плошча Юрыя Зяновіча, як знак пашаны да аднаго з заснавальнікаў паўднёва-усходняй часткі горада і Міратворцы (суправаджаў у 1494 годзе пасольства ў Маскву ў справе замужжа дачкі Вялікага князя Маскоўскага Алены: спробы ўладкаваць мірна, па-сямейнаму, дзяржаўныя супярэчнасці,што мелі месца паміж Вялікім княствам Маскоўскім і Вялікім княствам Літоўскім).
Глыбачанін Юрый Зяновіч у канцы 15 стагоддзя уваходзіў у інтэлектуальную эліту ВКЛ, выступіў як дыпламат і вяльможны сват. Такая бронзавая постаць- асоба з паднятым уверх княжацкім гербам роду Зяновічаў добра б глядзелася у цэнтры клумбы сквера каля Зялёнага магазіна.