Мінскі блюз-рокавы калектыў Cross B Band прэзентуе свой першы поўнафарматны альбом I’m Gonna Leave This Town на сайце кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Фота — Сяргей Рылакс
У кружэлку ўвайшло адзінаццаць трэкаў, усе — аўтарскія, што хутчэй выключэнне для беларускай блюзавай сцэны.
“Гурт існуе ўжо дзесяць гадоў, — кажа лідар Cross B Band, гітарыст Сяргей Смірноў, — аднак большую частку сваёй гісторыі мы выдаткавалі менавіта на канцэртную дзейнасць, знаёмілі з беларускім блюзам слухачоў Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы. Праца над альбомам была доўгай, але мы задаволеныя вынікам.
Гучанне альбома наўмысна максімальна набліжана да канцэртнага, каб іншыя музыкі маглі пры жаданні далучыцца да нас на сцэне. Блюз і блюз-рок перажываюць чарговую хвалю папулярнасці ў Еўропе. Беларусь — еўрапейская краіна, і мы хочам разам, супольнымі намаганнямі, не толькі палепшыць беларускую блюзавую сцэну, але і паказаць творчасць беларускіх музыкаў на агульнаеўрапейскіх пляцоўках”.
Набыць альбом I’m Gonna Leave This Town можна на канцэртах гурта.
Мікалай Левертаў