Гурт OSIMIRA, які на доўгія два гады знік з поля зроку магілёўскай публікі, нарэшце вырашыў зноў выступіць у родным горадзе. 12 траўня ў клубе CUBA прайшоў канцэрт гэтага этна-гурта, які сабраў нямала аматараў такой музыкі.
Трэба сказаць, выступ такога фармату ў клубе атрымаўся даволі незвычайным: апранутыя ў набедраныя павязкі, штаны і сукенкі з меху і скуры, музыкі выглядалі як прыхадні. Ды і ў цэлым фармат іх музыкі падыходзіць хутчэй для камерных памяшканняў або для выступаў на прыродзе. Аднак канцэрт, нягледзячы на гэта, атрымаўся даволі гарманічным і цікавым – нават народныя інструменты, аказваецца, выдатна гучаць у клубе.
Увесь вечар музыкі гралі на незвычайных інструментах, многія з якіх яны робяць сваімі рукамі, жартавалі з публікай і выконвалі цікавыя кампазіцыі. Публіка ж з радасцю танцавала пад меладычныя народныя матывы, гутарыла і атрымлівала асалоду ад канцэрту.
OSIMIRA адыграла два аддзяленні з невялікім антрактам. Першае аддзяленне было акустычным, і асобныя кампазіцыі музыкі выконвалі ўсяго на адным-двух інструментах. А вось у другім аддзяленні на сцэне з’явіўся бубнач гурта Аляксей Палаўчэня, і музыка зрабілася нашмат гучнейшай і разнастайнейшай. Танцпляц адразу ж запоўніўся, і прыхільнікі гурта, якія прыйшлі на канцэрт, з задавальненнем патанчылі пад добрую музыку. Пад канец канцэрту гледачы нават пачалі вадзіць карагоды пад сцэнай.
За час сваёй адсутнасці гурт паспеў паездзіць па розных гарадах з канцэртамі, узяць удзел у фестывалях, удасканаліць сваю ігру, а таксама крыху змяніць склад – новую ўдзельніцу гурта, скрыпачку Мальвіну, музыкі і прадставілі на канцэрце. Публіка за два гады паспела засумаваць, і ўсе, хто прыйшоў на канцэрт, засталіся задаволеныя ўбачаным і пачутым. Галоўнае, каб OSIMIRA зноў не знікла з поля зроку і працягнула даваць канцэрты ў Магілёве.
Марыя Гілёва