Гэты гурт заявіў пра сябе дэбютным сінглам увесну. У пачатку лета даў першы канцэрт, а пры канцы ўжо выдаў дэбютны альбом. Але гэтаму імкліваму старту папярэднічала доўгая і руплівая праца. У інтэрв’ю Budzma.by удзельнікі гурта SnopSnoǔ распавялі пра бярозаўскую тусоўку, уплыў Кітая, Радрыгеса-Лопеса, Вольскага і Маўзера на іх творчасць і далі несуцяшальны прагноз адносна далейшага існавання свету.
– Ведаю, што ў музыцы вы не навічкі. Што не склалася з вашымі папярэднімі гуртамі?
Сяргей Іваноў (С.І.): Для мяне і Ромы (Еляневіча) гэта ўжо трэці гурт. Усе пачалося гадоў восем таму, нам было па 15-16. Бяроза, горад, у якім мы з Ромам выраслі, у тыя часы была сапраўднай рок-сталіцай Беларусі, бо акрамя гуртоў, знакамітых на ўсю краіну, кшталту Б:Н: і “Кальмараў”, было яшчэ з дзясятак каманд, што для горада з насельніцтвам менш за 40 тыс. вельмі нядрэнная лічба. Кожны другі быў музыкам, граў у гурце ці марыў мець свой, наш бубнач граў яшчэ ў трох гуртах, усе з усімі сябравалі, і гэта было сапраўднае юніці, была тусоўка. Гралі мы тады рэпкор і ню-метал, што цяпер падаецца дзікаватым, але нават у Бярозе тады было кола прыхільнікаў такой музыкі. Я і дагэтуль вялікі аматар гурта Deftones, а у Ромы павінная валяцца дзесьці цішотка KoЯn (смяецца). Гэты этап скончыўся ў 2009, калі мы пераехалі ў Мінск, а астатнія ўдзельнікі засталіся, было цяжка рэпетаваць, мы намагаліся, нават гралі канцэрты ў Мінску, але было вельмі складана існаваць у такім рытме, і мы вырашылі закрыць гурт. У 2010 мы стварылі “Джыну”. У тыя часы ў маіх плэйлістах былі The Mars Volta, Tool, А Perfect Circle, што відавочна паўплывала на музыку “Джыны”. У 2012 мы пачалі пісаць першы EP і прыкладна тады пазнаёміліся з Ромам (Жарабцовым), які зрабіў нам гук на абодвух міньёнах “Джыны”.
Сяргей Іваноў (трэці злева) і Раман Еляневіч (першы злева) у складзе гурта “Джына”
З “Джынай” усё адбывалася неяк марудна, нібы з-пад палкі, ніхто не хацеў працаваць на 100%, і ўсё скончылася, калі я з’ехаў у Кітай вучыцца. Там я набыў танную midi-клавіятуру за 70 даляраў і пачаў працаваць над песнямі, як новымі, так і тымі, пісаць якія пачаў да ад’езду. А калі летась вярнуўся дадому, паказаў напрацоўкі абодвум Ромам, і мы вырашылі, што з гэтага штосьці можа атрымацца. Так і з’явіўся SnopSnoǔ.
Рома Еляневіч (Р.Е.): З Сяргеем мы пазнаёміліся яшчэ калі вучыліся ў школе ў Бярозе, нягледзячы на тое, што гэта былі розныя школы. Але музычная тусоўка аб’ядноўвае, асабліва ў невялікім горадзе. Адзін мой добры сябар казаў, што ёсць такі Сярога і з ім можна граць някепскую музыку. Пасля спісаліся ў сеціве і пайшлі граць першыя песні. Нават запісалі некалькі трэкаў у студыі. Але неўзабаве мы скончылі школу і раз’ехаліся. Нам з Сярогам пашчасціла апынуцца ў Мінску і працягнуць займацца музыкай. Хутка да нас далучыліся мой брат Жэня і наш сябар Кірыл. Тады і з’явіўся гурт “Джына”. Ва ўніверсітэце я пазнаёміўся з Ромам. Здаецца, менавіта ён закінуў дыскаграфію The Mars Volta і яшчэ шмат выдатнай музыкі.
З “Джынай” мы шмат чаго зрабілі для нас новага, але ў нейкі момант з’явілася адчуванне, што трэба нешта змяняць і рухацца далей. З Сяргеем мы вырашылі працягваць удвух, але без гітарыста неяк было няўтульна, і паклікалі Рому.
Рома Жарабцоў (Р.Ж.): Так склалася, што мой папярэдні гурт, страціўшы вакаліста, зайшоў у тупік, і я шукаў, чым сябе заняць. Да таго ж з’явілася жаданне больш увагі надзяляць гітары (мой першы інструмент – бас), і цікавасць да спалучэння гітарнай музыкі і электронікі, не без уплыву Радрыгеса-Лопеса і альбомаў гурта The Fall 90-х гадоў. Таму я не мог не прыняць запрашэнне Сяргея і Ромы граць з імі. У нас нармальныя сяброўскія зносіны, шмат у чым падобныя музычныя густы, і мы дакладна займаемся гэтым не з-пад палкі.
– Чаму вырашылі змяніць не толькі стыль і падыход, але і назву? Вам ніхто не казаў, што яна цяжкая для запамінання і напісання?
С.І.: Змена стылю і падыходу – вынік таго, што мы не хацелі шукаць новых людзей. Калі сталася так, што мы засталіся без бубнача, мы вырашылі паспрабаваць драм-машыну, плюс у мяне было вельмі сур’ёзнае жаданне паспрабаваць сапраўдны аналагавы сінт, бо дагэтуль я граў толькі на лічбавых сінтах, то бок стыль і падыход атрымаліся з таго, што трэба было неяк вырашыць пытанне недахопу людзей і эвалюцыянаваць у выніку гэтых эксперыментаў. Што да матэрыялу, то мне падаецца, што гэта дастаткова лагічны працяг таго, што мы рабілі ў “Джыне”, толькі граем мы ўсё гэта па-іншаму. З гэтай нагоды і назва новая: мы нібы і працягваем тую ж лінію, але па-іншаму і ў іншым складзе.
Гурт SnopSnoŭ (злева направа): Раман Жарабцоў, Сяргей Іваноў, Раман Еляневіч
Р.Ж.: Асабіста мне назва SnopSnoŭ не падаецца настолькі цяжкай для запамінання і напісання – узяць хоць бы Einstürzende Neubauten ці ўсялякія там вітчхаўс-праекты з невымаўляльнымі крыжыкамі і дужкамі. Ці вось нядаўняя гісторыя з Re1ikt, калі Мэт О’Донэл пытаўся ў іх, як правільна вымаўляць назву. А нашая назва складаецца з двух абсалютна звычайных словаў і, мне здаецца, не выглядае занадта экзатычна для небеларускамоўнага чалавека.
Р.Е.: Было жаданне зрабіць нешта нанова і ў некаторай ступені зусім наадварот, таму і вырашылі змяніць назву. А пасля Рома прапанаваў выразнае “Сноп сноў”, і сумненняў ужо не было.
– Вы ўжо казалі раней, што трымаецеся беларускай мовы, бо нецікава быць чарговай групай, якая спявае па-ангельску. Вы праўда адчуваеце сябе ў меншасці і супрацьстаіце ціску іншамоўных?
С.І.: Жаданне пісаць песні па-беларуску з’явілася яшчэ ў “Джыне” і, наколькі я памятаю, ніяк не абмяркоўвалася, не было ніякіх дамоваў, яно проста з’явілася – і ўсё. І са SnopSnoǔ моўнага пытання ў нас не паўставала. Рацыянальна патлумачыць, чаму так адбылося, я не магу. Гэта проста нейкая маўклівая дамова, нам падалося, што так трэба. Наконт нейкага там супрацьстаяння магу сказаць, што мне ўвогуле не вельмі падабаецца падзел беларускіх гуртоў па моўным прынцыпе, таму што так ці інакш – гэта ўсё беларускія гурты, і іх музыка – адбітак менавіта гэтай рэчаіснасці, незалежна ад таго, на якой мове гэтыя песні спяваюцца. Мне цяжка ўявіць, што песня, напрыклад, “ТЭЦ” “Петли Пристрастия” магла б з’явіцца дзесьці акрамя Беларусі. Але гэта толькі адзін бок. З іншага боку, ёсць яшчэ кан’юнктура, тэндэнцыі, і тут трэба вызначыць, што для цябе як выканаўцы прымальна, а што не. Для мяне пакуль ангельская мова непрымальная, таму што, па-першае, я наўрад ці магу на ёй добра спяваць ці пісаць; мова – гэта носьбіт рэчаіснасці, яе код, і ў мяне наўрад ці атрымаецца зразумець гэтую рэчаіснасць і разгадаць іншы код. Я нават не ўпэўнены, што ў мяне з нашым кодам усё добра.
Сяргей Іваноў на першым канцэрце гурта SnopSnoŭ (лета 2016, пл. Свабоды, 4), фота Алісы Ахрамовіч
– Ці скіраваныя вашыя песні на кагосьці канкрэтна?
С.І.: Мне падаецца, што нас могуць пачуць такія ж, як мы, моладзь, якая толькі пачынае свой шлях, якая яшчэ не вельмі добра ўяўляе, што яе можа чакаць. Канечне, мы хочам, каб ахоп быў максімальна шырокі, але разумеем, што нам над гэтым яшчэ працаваць і працаваць. Відавочна, у нас есць арыентыры, напрыклад, мы ўтрох натуральна захапляемся тым, што рабіў і робіць Амар Радрыгес-Лопес. Асобна мяне апошні год-два натхняюць альбомы Дэльфіна, якія ён зрабіў у супрацы з Паўлам Дадонавым, а таксама Крыс Корнэр і ягоны праект IAMX. Ён сапраўды даводзіць да ідэалу мае ўвасабленні пра тое, як трэба сумяшчаць рок-н-рольную энергію і сучасныя тэхнічныя магчымасці для стварэння музыкі. Так, ён вельмі рок-н-рольны па духу, але выдатна працуе з электронным гукам. Тэкстава ж на мяне вельмі паўплываў Ян Маўзер, увогуле, Mauzer дагэтуль застаецца адным з маіх улюбёных беларускіх гуртоў.
Р.Ж.: У працэсе напісання музыкі патэнцыйная аўдыторыя – ці не апошняя рэч, пра якую задумваешся. Мне нават цяжка сказаць, да якога жанру нашую музыку аднесці, як яна гучыць “збоку”, так бы мовіць, для старонніх людзей. Я хачу, каб пашыралася кола нашых слухачоў, каб больш людзей прыходзіла на канцэрты. Але ў першую чаргу тое, што мы робім, павіннае прыносіць асалоду нам самім.
Р.Е.: На маю думку, нашыя песні скіраваныя на трошкі падрыхтаванага слухача, які шукае і знаходзіць. Але гэта не азначае, што нас будзе складана знайсці.
– Вы зрабілі цікавую версію песні “Да жалю не пан” з “Народнага альбома”, якую высока ацаніла журы конкурсу “Заспявай” і асабіста Лявон Вольскі. Чым яна вас зацікавіла?
Р.Ж.: З “Народным альбомам” я пазнаёміўся яшчэ малым, тады ж, калі ўпершыню пачуў N.R.M., “Новае Неба”, Ulis, “Краму”. Гэта безумоўна знакавая з’ява для ўсёй беларускай культуры, што тут гаварыць. Ведаеце, у ідэальным свеце песні з “Народнага альбома” вывучаліся б у школе, а юбілейны канцэрт трансляваўся б па дзяржтэлебачанні ў прайм-тайм, але… маем што маем.
Чаму выбралі “Я да жалю не пан”? Мне здаецца, гэтая песня заўсёды выдзялялася сваім настроем, нейкай атмасфернасцю, яна цалкам упісваецца ў канцэпцыю альбома і адначасова натуральна гучыць па-за кантэкстам, як самастойны твор.
Ідэя з каверам узнікла абсалютна выпадкова, у нас спачатку былі іншыя варыянты, мы нават ужо спрабавалі штосьці пісаць. А потым, у адзін дзень, я проста ішоў па вуліцы ў абедзенны перапынак, і раптоўна нарадзілася гэтая аранжыроўка, нешта кшталту класічнага даба і музыкі Дэвіда Лінча. Трэк быў зроблены прыкладна за тры вечары.
– Вы прадставілі альбом як гісторыю пра людзей, якія вяселяцца падчас набліжэння канца свету. Ім наканавана памерці або застаецца надзея на ўратаванне?
С.І.: Такая ідэя “сюжэтнага” альбома з’явілася ў мяне менавіта падчас навучання ў Кітаі. Не ведаю, што было ў тым паветры, як і ў які момант гэтая ідэя з’явілася, мабыць, гэта ад тугі па Радзіме, мабыць, ад тых вечарын ва ўлюбёных барах. На гэтай хвалі мне вельмі добра зайшла кружэлка Bloc Party – A Weekend in the City, якая і дала мне гэтае канчатковае натхненне і ўпэўненасць, што ідэя добрая і варта над ёй працаваць. Прыкладна так з’явілася канцэпцыя гэтай вечарыны напярэдадні канца свету. Сама гісторыя, на жаль, заканчваецца дрэнна, па-першае, кульмінацыя “Апошняй песні” (дарэчы, назва – рэверанс у бок другога альбома гурта Mauzer) увасабляе сабой гэты самы канец. Па-другое, там ёсць радкі, якія кажуць пра гэта ў лоб. Што да музычнага складніка, то мы намагаліся перадаць гэтую ідэю праз музыку, пакласці ў аснову пульсуючы, але інтэлігентны біт, каб зрабіць адпаведны настрой, перадаць і пазітыўныя, і негатыўныя эмоцыі, і мне падаецца, што ў нас атрымалася.
Альбом “Танцпляц” – слухаць/спампаваць
– А што будзе далей з вамі, берацеся сказаць?
С.І.: На прэзентацыі альбома мы гралі тры новыя песні, ёсць яшчэ некалькі напрацовак, увогуле новага матэрыялу ў нас на такі ж па памерах альбом. Але наконт другога альбома нешта казаць складана, таму што да “Танцпляца” мы ніколі не запісвалі вялікіх праграмаў, толькі міньёны. Цяпер, калі мы гэты альбом напісалі, запісалі і выпусцілі, пісаць другі не мае сэнсу, проста на дадзены момант няма такой патрэбы і жадання. Мне, напрыклад, было б больш цікава выпускаць новы матэрыял у форме сінглаў ці ЕР. Я лічу, што такая манументальная форма, як альбом павінная выспець, альбом не павінен стварацца проста так, ён павінен быць выказваннем, прадуманым і адпаведным чынам аформленым. На дадзены момант для такога выказвання ў нас няма цэнтральнай думкі, стрыжня, вакол якога ўсё будзе будавацца. Яшчэ мне б вельмі хацелася зняць лайв-відэа. Для проста кліпа ў нас пакуль няма добрай ідэі, а вось лайв-відэа мы б пацягнулі.
Р.Е.: Галоўнае – працягнем працаваць над новымі творамі і атрымліваць асалоду ад рэпетыцый, запісу і выступаў. Мы ўжо не адзін раз абмяркоўвалі ідэю з запісам падрыхтаванага канцэрта з якасным гукам, дзе не будзе слухачоў. Атрымаецца адначасова і кліп, і канцэрт. Паглядзім, ці атрымаецца. Таксама будзем спрабаваць удзельнічаць у шоў-кейсах. Таксама ў планах трошкі папрацаваць над нашымі старонкамі у сацыяльных сетках – каб нас было не толькі прыемна слухаць у бары, але і сачыць анлайн, пакуль ёсць вольная хвіліна.
Р.Ж.: Я ўпэўнены, што новы матэрыял будзе цікавейшым і больш разнапланавым. Мы дакладна не збіраемся стаяць на месцы.
Размаўляў Мікалай Дубавіцкі