Прарабіўшы шлях ад кандыдата ў майстры спорту да акцёра тэатра і кіно, наш герой запэўнівае: чалавеку неабходна рухацца. Паспяховы прафесіянал у рэдкі вольны час, ён не сядзіць на месцы, а захоплена бегае з мячом па спартзале. Самая гарачая і ў той жа час дэмакратычная гульня дае магчымасць скінуць назапашаную энергію, адчуць сваё цела і зарадзіцца для новых здзяйсненняў. У чарговай серыі праекта «Захапленні» акцёр, рэжысёр і педагог Генадзь Фамін расказвае нам пра ўтоеныя і відавочныя сэнсы футбола.
— Футбол — неймаверна азартная гульня. Уявіце сабе, што тысячы, мільёны мужчын забываюць пра ўсё на свеце, надзяваючы рознакаляровы шалік, займаючы месца перад арэнай і размахваючы сцягам у падтрымку сваёй каманды. Яны робяцца падарожнікамі, выпраўляючыся ў сусветныя “сталіцы футбола”, ці тыднямі адсочваюць апошнія навіны чэмпіянатаў праз інтэрнэт і тэлебачанне. Першапачатковае хобі часцяком перарастае ў сэнс жыцця.
Маё жыццё заўсёды было звязанае са спортам. З дзяцінства мы з братамі наведвалі розныя секцыі. Я спецыялізаваўся ў вольнай барацьбе, стаў кандыдатам у майстры спорту. Мае старэйшыя браты былі прафесіяналамі ў цяжкай атлетыцы і фехтаванні. Можна сказаць, што спорт выхаваў і выгадаваў нас, надзяліўшы многімі якасцямі характару, якія мы маем цяпер.
Сур’ёзныя заняткі спортам цягнуць за сабой выбар далейшага шляху: ты альбо дасягаеш пэўных перамог, альбо робішся трэнерам, альбо ператвараешся ў аматара. Напэўна, з мяне атрымаўся б добры трэнер. Таму што цяпер, як мне думаецца, я магу называцца годным педагогам.
Я памятаю словы сваёй мамы: «Трэба трошкі, Гена, галаву развіваць», — сказала яна. І гэта напаўжартоўнае выказванне змяніла вектар майго жыцця. Я вырашыў вучыцца на фізіка, паступіў і атрымаў інжынерна-тэхналагічную спецыялізацыю. Такая прафесія на найвышэйшым узроўні выконвае запатрабаванне па развіцці мыслення! Папрацаваўшы на заводзе, я паступіў на рэжысёрскі факультэт у Тэатральны інстытут, і толькі потым перавёўся на акцёрскі. Можна сказаць, што мой шлях да выніковай прафесіі быў досыць звілісты.
Як і любы чалавек, а можа, нават і больш, акцёр павінен «быць у форме». Рэцэпт вельмі просты — неабходна быць у руху. Прабежкі, гімнастыка, сілавыя снарады — любы від дзейнасці, звязаны з рухомасцю і нагрузкай, будзе спрыяць захаванню і падтрыманню цела ў тонусе.
Чалавеку неабходна адчуваць сваё цела. Многія часта перастаюць звяртаць увагу на сябе: хтосьці праз ляноту, хтосьці, наадварот, ад празмернай занятасці. Напрыклад, мы, акцёры, трацім вельмі шмат душэўных сіл і эмоцый падчас рэпетыцый, спектакляў. Можна сказаць, жывем «на надрыве», забываючы пра матэрыяльны свет, уключаючы ўласнае, з плоці і крыві, цела. Бывае так, што толькі сур’ёзная траўма прымушае зрабіць прыпынак і зразумець, што нам варта быць удзячнымі нашаму фізічнаму целу за тое, што яно спраўна працуе. У такія моманты мы пачынаем старанна клапаціцца пра сябе, адчуваем кожную жывую клетку. Такое стаўленне карысна захаваць і пасля аднаўлення сіл!
Нашая футбольная каманда — не зусім аматарская. У кожнага ўдзельніка вельмі сур’ёзны падыход да агульнай справы. Трэнер Юрый Іванавіч працуе ў поўную сілу, дапамагаючы нам авалодаць тэхнікай, стратэгіяй, тонкасцямі гульнявой тактыкі. І мы вучымся, убіраючы кожнае слова, кожны рух. Акцёрам наогул уласціва рабіць усё так, быццам заўтра яны памруць, не дазваляючы сабе фальшывіць.
Калі я, чалавек ва ўзросце, гуляю ў футбол з маладымі хлопцамі, то сам раблюся маладзейшым гадоў на дваццаць-трыццаць. Гэта вельмі дэмакратычная гульня. Калі я спраўляюся з пастаўленай задачай, то раблюся раўнапраўным удзельнікам. І гэтую талерантнасць вельмі важна захоўваць — бо любая гарачая спаборніцкая гульня лёгка можа ператварыцца ў арэну для прымітыўных і абсурдных ўзаемаадносін удзельнікаў. Футбол жа — высокаінтэлектуальная гульня, практычна балетнае мастацтва, напоўненае эмоцыяй.
Пры гэтым футбол у наўпростым сэнсе слова можа стаць яблыкам разладу. Гэтая гульня можа так паглынуць увагу мужчыны, што ён перастае заўважаць прыгажосць жанчыны, якая знаходзіцца з ім побач. Натуральна, такое грэбаванне спараджае ў спадарожніцы жыцця пачуццё рэўнасці. Дарэчы сказаць, цалкам справядлівае, але яно не спрыяе наладжванню адносін. І вось якраз дзеля захавання ўзаемаадносін з каханым чалавекам многія жанчыны праяўляюць ўсю сваю мудрасць і гнуткасць і папаўняюць шэрагі заўзятараў.
Існуе меркаванне, што футбол — ледзь не адзіны від дзейнасці, які задавальняе адгалоскі паляўнічага інстынкту, уласцівага першабытнаму чалавеку. Я магу пагадзіцца з гэтым сцверджаннем толькі часткова. Вядома, у сучасным свеце няма такой прасторы для свабоднага палявання, як у дагістарычныя часы. Атрымліваецца, што даступныя раней спосабы вызвалення «лішку» энергіі цяпер, скажам наўпрост, абмежаваныя. Застаецца толькі спорт, у тым ліку футбол — як магчымасць укласці і выказаць увесь свой запал, шчыра і без тармазоў. Але ўсё ж мужчына можа накіраваць сваю моц і ў іншы бок — каханне, працу, падарожжа. Галоўнае — адчуваць, што тое, у што ты занураешся з галавой, прыносіць табе радасць і дае сілы для новых здзяйсненняў!
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)