Менскія ідэолягі забаранілі чарговы канцэрт гарадзенскай каманды. Затое ў Гародні сябры прафсаюзаў могуць набыць са зьніжкай квіткі на канцэрт Brutto.
Чарговая спроба зладзіць канцэрт гурту Dzieciuki скончылася нічым. Ідэалягічны аддзел Менгарвыканкаму адмовіў у выдачы гастрольнага пасьведчаньня на правядзеньне мерапрыемства з удзелам гарадзенцаў. Выступ плянавалася правесьці 25 сакавіка ў менскім пабе «Брюгге». Падпісаў дакумэнт сумнавядомы чыноўнік Павал Скалабан, сын знакамітага гісторыка і архівіста Віталя Скалабана.
«Апошнім часам сталі дазваляць выступы беларускамоўных гуртоў, таму мы вырашылі таксама правесьці канцэрт «Дзецюкоў» у спадзеве, што сытуацыя нармалізавалася. Думаў, калі і адмовяць, то з тэхнічных прычынаў: дакумэнтаў нейкіх не хапае ці яшчэ чаго. А тут наўпрост залічылі да экстрэмістаў», – сказаў у камэнтары для Tuzin.fm арганізатар канцэрту Сяргей Палажэнка. Абскарджваць рашэньне ідэолягаў ён не бачыць ніякага сэнсу – усё адно канцэрт не дадуць правесьці, пэўны Сяргей.
Dzieciuki былі занесеныя ў «чорны сьпіс» летась увесну. З таго часу музыкі не змаглі даць у Менску ніводнага канцэрту. Tuzin.fm намагаўся абскардзіць рашэньне ідэолягаў у вышэйстаячай інстанцыі, але марна. «У нас гатовыя ўсе дакумэнты для падачы ў суд на дзеяньні чыноўнікаў адносна гэтага гурту. Але распачнем справу, толькі калі самі музыкі гэтага захочуць. Пакуль яны вызначаюцца са сваёй агульнай пазыцыяй і не губляюць надзею выступіць у іншых беларускіх гарадах, акром Менску», – кажа кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін.
Тым часам калегі «Дзецюкоў», якія нядаўна таксама былі ў «чорным сьпісе», гурт Brutto рыхтуецца да беларускага туру, які пачнецца з канцэрту ў лядовым палацы Баранавічаў 10 лютага, а скончыцца 8 сакавіка канцэртам у «Менск-Арэне». Расклад канцэртаў можна пабачыць на афіцыйным сайце каманды. У сеціве зьявілася сьведчаньне таго, што гурт падтрымалі прадзяржаўныя прафсаюзы, якія абяцаюць сваім чальцам 50%-ную зьніжку на квіткі. Адносна забароны на творчасьць «Дзецюкоў», зь якімі Brutto неаднойчы ладзілі разам сумесныя канцэрты ў Польшчы, лідэр каманды Сяргей Міхалок пакуль публічна не выказваўся.
Бліжэйшы канцэрт гурту Dzieciuki адбудзецца 25 лютага ў Беластоку. На 18 красавіка ў гарадзенцаў заплянаваны канцэрт у Віцебску, дзеля якога выступамі ў Гданьску і Калінінградзе.