У часы, калі Беларусь у канвульсіях перажывае чарговую паразу на «Еўрабачанні», няма сэнсу разважаць пра высокую культуру, высокае майстэрства і найвышэйшы пілатаж. Цытуючы Барыса Грабеншчыкова, «пакуль мы пішам на грашовых знаках, няма сэнсу пісаць пра любоў». Прафесіяналізм — слова, на час прыватызаванае гіганцкай поп-падзеяй, «талент» і «творчасць» — канфіскаваныя эстраднымі прынцамі і прынцэсамі. У тлуме кругласутачных шоў кожная дарослая культурная перамога ў сектары немаскульту застаецца незаўважанай, лакальнай — сціплай «птушачкай» у графе «інтэлігентнае мастацтва».
Напрыканцы красавіка беларускі гурт выйграў сур’ёзны міжнародны фолкавы фестываль — гран-пры «Новай Традыцыі», якую ўжо дванаццаты раз у Польшчы ладзіць нацыянальнае радыё, атрымаў зусім малады ансамбль FolkRoll з Мінску. Галоўную ролю ў гэтым мінімалістычным праекце граюць акадэмічны музыка і кампазітар Павел Рыжкоў ды вакалістка Наста Някрасава — былая ўдзельніца гурта NHS, чый альбом «700» быў названы лепшым дэбютным дыскам 2008 года паводле прэміі «Экспертаў.бай». FolkRoll, які быў створаны летам мінулага году, ужо неўзабаве пасля свайго з’яўлення стаў трэцім на фестывалі «Mikołajki folkowe», а яго фронтмэнка Наста тады атрымала ўзнагароду імя Ані Кеўбусевіч для найлепшай вакалісткі.
Тым не менш, у Беларусі музыка падобнага жанру — скрыжавання этна-аўтэнтыкі і джазавага эксперыменту — пачэсна займае выдзеленую ёй нішу непапулярнай, незабаўляльнай і нікому асабліва не патрэбнай. Пакуль суседнія краіны прадастаўляюць нашым фолкавым праектам вялікія прэстыжныя пляцоўкі, у Беларусі пры поўнай залі якой-небудзь КЗ «Мінск» не выступае нават Іван Іванавіч Кірчук са сваім легендарным трыо. І пакуль у нас, за рэдкім выключэннем, замежныя перамогі беларусаў застаюцца незаўважанымі, захад ажно млее, знайшоўшы ў музыцы нашых калектываў непадробную шчырасць, нязвыклае гучанне, прасветленыя твары — адным словам, свежасць і арыгінальнасць.
Ігар Знык, з чыёй дапамогай FolkRoll трапляе на міжнародныя музычныя форумы, а гурт Dali ўвайшоў у пяцёрку польскага нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», дапамагаў гурту «Сьцяна» з Брэста і з’яўляецца сталым спадарожнікам гурта :B:N: з Бярозы, а таксама перманентным удзельнікам беларускіх музычных фэстаў, адбораў і канцэртаў. Нехта скажа: палюе на маладых і перспектыўных, хтосці — шукае талентаў. Шматгадовы менеджэр беларускага музычнага прадукту, які жыве ў Варшаве і вывозіць на экспарт недаацэненыя культурныя здабыткі, распавёў «Беларускім навінам», чаму лічыць Беларусь несучаснай, чаму перамогі на фестывалях амаль нічога не значаць, што «Ляпіс Трубяцкой» і «J:Морс» — ніякі не рок, а Руся не стане добрай фолк-спявачкай. Тэкст цалкам.