Беларуская каманда з Польшчы Ilo&friends упершыню выступіла ў Беларусі. Музыкі далі два канцэрты, а таксама прадставілі ўласны саўндтрэк да стужкі “Прастытутка” ў межах праекту “Тузін.Немаўля”.
Гурт Ilo&friends на чале з вакалісткай Ілонай Карпюк існуе ўжо восем гадоў. Сама Ілона доўгі час кіравала Беларускім аб’яднаннем студэнтаў у Польшчы і ладзіла “Басовішча”. Там выступала неаднаразова і са сваім гуртом, але ў Беларусі музыкі яшчэ не былі. Яны з ахвотай адгукнуліся на прапанову напісаць музыку да першай беларускай мастацкай нямой стужкі “Прастытутка” (1926) і прыехалі ў Мінск адразу з двума канцэртамі. “Прапанова гэтая значыла, па-першае, што дзесьці ў Беларусі разумеюць, што беларускія гурты ў Польшчы — частка супольнай культурнай прасторы. Па-другое, гэта шанец нарэшце трапіць з канцэртам у Беларусь, па-трэцяе (і гэта самае важнае), магчымасць праверыцца ў новай матэрыі, пашукаць у сябе новых эмоцыяў”, — казала Ілона напярэдадні выступаў.
Першы канцэрт Ilo&friends адбыўся ў клубе “Графіці” з нагоды адкрыцця выставы афішаў і плакатаў беларускага нямога кіно 1920-х. Музыкі прадстаўлялі сваю акустычную праграму і гралі песні з двух альбомаў — “Па дарозе” і “Сланечнікі”. “Думала пабачыць тут больш людзей, з якімі сутыкалася раней. Радая, што бачу шмат незнаёмых твараў. Гэта значыць, што наша творчасць цікавіць не толькі сяброў ды знаёмых”, — прамовіла ў пачатку ўсцешаная Ілона. Спявачка была яўна на ўздыме, як і ўсе астатнія музыкі. Яны проста зачаравалі публіку песнямі на ўласныя словы, а таксама на вершы Рафала Ваячка, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса.
На другі дзень музыкі перамясціліся ў клуб Loft, каб прадставіць свой саўндтрэк, напісаны да фільма “Прастытутка” — фактычна першай беларускай нямой кінастужкі, знятай у 1926 годзе. У фільме ўздымаецца надзвычай актуальнае на тыя часы праблема. У цэнтры яе — гісторыі трох жанчын: Любы, Надзеі і Мані, якім па розных жыццёвых абставінах даводзіцца гандляваць сабой. Стваральнікі фільма зрабілі жанравы гібрыд, каб ахапіць большы кантынгент гледачоў і адначасова зарабіць больш грошай. Яны паспрабавалі спалучыць сацыяльную з’яву ў жанры душашчыпальнай меладрамы з агітацыйна-асветніцкім чыннікам. Фільм гледачам прадставіў кінакрытык Андрэй Расінскі. Ilo&friends паставіліся да агучвання з усёй адказнасцю і ператварылі прагляд нямога фільма ў захапляльную дзею.
Пры канцы вечара музыкі прадставілі беларускай публіцы свой апошні альбом “Сланечнікі” ўжо ў электрычным гучанні. На шматлікія просьбы часцей заязджаць у Беларусь з канцэртамі Ілона адказала проста: “Запрашайце, і мы з задавальненнем прыедзем”.
Фота: Аляксандр Ждановіч