25.10.2013 | Музыка

Іван Кірчук: “З часам даўнія песні прабіраюць усё болей”

Напярэдадні прэм’еры сваёй новай сольнай праграмы “Дарожка мая” Іван Кірчук даў інтэрв’ю Budzma.org, у якім расказаў, як варта абыходзіцца з магіяй і чарамі, як трапіць у стан трансу, ды патлумачыў, якую шкоду нанесла беларусам праграма “Запрашаем на вячоркі”.

— Іван Іванавіч, вы і раней выходзілі на сцэну з сольнымі праграмамі. Чым “Дарожка мая” адрозніваецца ад вашага “Святога вечара” ці “Варажбіта”?

— Хачу адразу заўважыць, што калі я прадстаўляю сольную праграму, гэта не значыць, што з “Троіцай” нешта не так. “Троіца” існуе, можаце зайсці на сайт, пабачыць наш графік. А першы свой сольны канцэрт я даў у 1999 годзе ў Босніі і Герцагавіне. З таго часу і пачаліся пошукі: як прадставіць народную песню і тыя інструменты, якія ёсць у маёй калекцыі. Праграма “Святы вечар”, пра якую вы згадалі, рыхтавалася ў 2002 годзе з Таццянай Песнякевіч з Беларускага радыё. У ёй былі паказаныя песні, прымеркаваныя да Калядаў, з тлумачэннямі. Яна была невялічкая — на 25 хвілін недзе. “Варажбіт” паказваўся ў 2003 годзе, гэта монаспектакль, які моцна захапіў мяне матэрыялам. Я начытаўся літаратуры і наглядзеўся відэа пра розныя славянскія сістэмы аздараўлення, магіі і чараў на паганскіх сайтах і зразумеў, што такое можа існаваць і ў Беларусі. Мэта была паказаць беларускі дух, які валодае ўсёй гэтай інфармацыяй. Праграма доўжылася 45 хвілін. За гэты час я праходзіў вялікае кола, браў удзел у розных абрадах і святах, і там гучала таксама шмат музычных інструментаў. Гукі, звязаныя з перкусіяй і шумамі, мне дапамагаў рабіць з-за сцэны Юры Паўлоўскі, а мая студэнтка Яніна Рудніцкая чытала фрагменты старадаўніх замоваў.

За 10 гадоў шмат чаго змянілася, у тым ліку і мой погляд на некаторыя рэчы. У новай праграме “Дарожка мая” я ўжо не ўвасабляюся ў Духа, а проста бяруся паказаць шлях чалавека ад яго нараджэння да смерці і далей. Гэта рытуальны тэатр. Я падзяліў усю праграму ўмоўна на 12 частак — “Анёл”, “Залатыя ключы”, “Розгары”, “Царыца-вадзіца”, “Чары”, “Вогненная рака”, “Рай”, “Божы дар”, “Пан усяго свету”, “Зямля-маці”, “Ігрышчайка” і “Продкі”. У кожнай з частак будзе адбывацца пэўная дзея і будуць гучаць інструменты, якія я падабраў. Было б добра яшчэ на кожнай частцы пераапранацца, але час не дазволіць, таму буду выкарыстоўваць на сцэне розныя маскі і галаўныя ўборы. 70 хвілін будзе доўжыцца дзея.

— Вам нехта будзе дапамагаць?

— Не, вырашыў працаваць адзін. Арганізатар канцэрта Павал Кашырын прапанаваў зрабіць праграму юбілейнай, да майго 55-годдзя — з музыкамі, гасцямі, каб падыходзілі, віншавалі і спявалі песні. І я яму адказаў: ведаеш, там настолькі цэльна ўсё, што я больш нікога на сцэне не бачу. Я год рыхтаваў сцэнар да яе. Ён нараджаўся падчас вандровак з “Троіцай”.

— Вашы ранейшыя сольныя праграмы не былі выдадзены на CD ці DVD. Вам не крыўдна, што ўсё гэта знікла? І ці збіраецеся запісваць “Дарожку маю”?

— Ну, фотаздымкі захаваліся на ўспамін… Я разумею, што такі шлях музыкі. Я з цягам часу разумеў, што трэба рабіць, каб зацікавіць людзей, трымаць іх увагу. Напрыклад, той сольны канцэрт у Босніі быў у рок-клубе, і пасля першай кампазіцыі гледачы пайшлі піць піва. Падчас паказу працягу “Варажбіта” ў Заслаўі ўжо было па-іншаму, калі працавалі маскі, рэчы, звязаныя з элементамі магіі і якія можна паказаць. А тое, што гэта не запісана і не выдадзена, — не бяда. Я думаў зрабіць фільм пра Варажбіта, які б здымаўся цягам года, каб у ім паказаць гэтага Дзеда, які валодае ўсёй інфармацыяй ад продкаў і можа перадаць веды дзецям, але гэта ж вымагае сродкаў. Мы на альбом “Троіцы” з такой цяжкасцю збіраем грошы… І калі запісваць, то запісваць як “Зімачку”, а не з нейкага мікрафона ў лесе.

— Вы выкарыстоўваеце спевы, якія самі запісалі ў этнічных экспедыцыях. А можаце прыгадаць самую першую паездку?

— Так, я ёй вельмі даражу. Гэта было ў 1983 годзе. Мяне туды ніхто не заганяў, проста было цікава. Мы паехалі ў Любанскі раён, мне сказалі, што там бабуля спявае — Пелагея Міхайлаўна Шмялёва. Я да яе прыйшоў з магнітафонам, пытаю: ці ведаеце песні? І яна ў дзесяць раніцы пачала і ў гадзіну ночы скончыла. Гэта былі песні яе маці. Я запісаў тады больш за 100 песень толькі ад яе. Уразіўся, як чалавек можа запомніць столькі матэрыялу. Творы гэтыя былі выкарыстаныя і маімі студэнтамі, і “Троіцай”. Таму што ў іх найпрыгажэйшыя мелодыі і выдатныя тэксты. А ў апошнюю па часе экспедыцыю мы ездзілі ўжо з “Троіцай” — у вёску Міхалкавічы, Лагойскі раён. Там жыла бабулька 92 гадоў. Яна гадзіну пяяла песні, а яшчэ гадзіну казала вершы і малітвы.

— Ці ёсць сэнс цяпер выпраўляцца ў этнічныя экспедыцыі?

— Студэнты ездзяць і цяпер і прывозяць багата матэрыялу. Самае складанае тут — адабраць тое, што павінна гучаць. Таму што як я трапіў аспірантам у Акадэмію навук, там было 20 шафаў, у якіх стаялі шэрагамі магнітныя стужкі. У мяне і свой архіў ёсць, пад 100 бабін. І выбраць з гэтага ўсяго тое, што ляжа на аранжыроўку, вельмі няпроста. Я працягваю шукаць песні, хоць мог бы выкарыстоўваць ранейшыя, як тое робіць “Альтанка” і “Фольк-машына” (праекты ўдзельнікаў першага складу “Троіцы” — заўвага С.Б.), якія выконваюць тыя ж песні, якія былі ў “Троіцы” ў 1995 годзе. Матэрыялу хапае, калі вы самі не можаце паехаць у экспедыцыю, то можна звярнуцца на рэспубліканскае радыё ці да 40-томнага выдання “Беларускай народнай творчасці” з музычнымі прыкладамі.

— Як вы самі адбіраеце з гэтага масіву тое, што вам трэба?

— У мяне неяк быў адпачынак зімовы на месяц, і я вырашыў за гэты час праслухаць усе свае бабіны. І ведаеце, трапіў у такі стан трансу. Бо ўключыў рана, есці — не еў, хоць сястра нешта прыносіла. Апынуўся ў шахце часу. Песня гучыць — і я адзначаю: тут добры тэкст, тут мелодыя, гэта столькі метраў на бабіне…Месяц сядзеў, каб усё адслухаць і пазначыць.

— Вы ўздымаеце старадаўнія пласты, каранёвы беларускі фальклор. Але цяпер у вёсках могуць не ведаць тых даўніх песень і наспяваць нешта ўжо з сучаснага фальклору, які ўжо зусім іншы. Як вы ставіцеся да гэтых прыкладаў — песень пра брыгадзіраў ды старшыняў, пераробак расійскіх шлягераў на свой манер і падобнага?

— У гэтым вельмі “дапамагло” тэлебачанне ў свой час. Напрыклад, былі такія праграмы “Запрашаем на вячоркі” і “Спявай, душа”, у якіх зусім не тое паказвалася, што трэба, што насамрэч было ў вёсцы. Бабулькі і калектывы гэта ўсё бачылі і думалі: а навошта старая песня? Мы на Століншчыну прыехалі, прашу нешта паспяваць, а мне — “Цячэ вада ў ярок”. Кажуць, ну гэта ж па тэлебачанні цяпер. Прашу згадаць, што маці спявала. Трэба аддаць час, і можна выцягнуць старыя рэчы. Я калі аспірантам паехаў, мне сказалі знайсці казку пра цмока, а я знайшоў песню і быў яшчэ болей задаволены. Гэты спеў увайшоў у дыск “Спадчына загінуўшых вёсак”. Галоўнае ведаць сваю мэту, і тады знойдзеш.

— Як вы самі прымаеце прыклады “новага фальклору”?

— Тут нічога не зменіш. Я такога не выкарыстоўваю нават са студэнтамі, бо яны і без мяне такое пачуюць. Калі не было тэлебачання і радыё, песня была як дыямент, яе ніхто не чапаў. А цяпер бачна, што шмат якія калектывы маюць адзін і той жа твар, чаго раней не было. Цяпер у кожным калектыве ёсць цымбалы, гармонік, дудка, барабан ды яшчэ харэаграфічная група можа быць. І можа быць так — адзін куплет спяваюць, два куплеты танчаць. Так і не распазнаеш, з Гарадзеншчыны гэта калектыў ці з Віцебшчыны. Можа, нехта і захаваў свой твар, але такім вельмі складана. Яны выйдуць і пачнуць спяваць сваё, а рэжысёр ім скажа: гэта нудна, давайце што-небудзь павесялей. І ўсё — пойдзе праграма аднолькавых песень. Мы доўга шукаем матэрыял, які можна вынесці на сцэну. І ведаеце, з гадамі такія песні яшчэ больш прабіраюць людзей.

Прэм’ера сольнай праграмы Івана Кірчука “Дарожка мая” адбудзецца 1 лістапада ў Палацы прафсаюзаў у 19.00. Цана квіткоў: 90 000 — 150 000. Даведкі: 8-029-6715865, 8-029-2544909.

Размаўляў Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч


Адзін каментар у “Іван Кірчук: “З часам даўнія песні прабіраюць усё болей””

  1. маша says:

    мне понравилось

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика