Першы сумесны канцэрт джазавых музыкантаў “Diagilew project” (Германія) з удзелам вядомага джазавага піяніста Канстанціна Гарачага (“Apple Tea”) і беларускай этна-джазавай групы “Akana-NHS” пройдзе 5 чэрвеня на сцэне сталічнага Моладзевага тэатра эстрады. Упершыню ў Беларусі нямецкі джаз і беларускія этнічныя песні загучаць разам.
“Мы хочам паказаць старажытную рытуальную песенную традыцыю Беларусі ў межах джазу так, каб людзям было лёгка і прыемна знаёміцца са сваёй культурай і роднай мовай, – адзначае адна з вакалістак “Akana-NHS” Руся. – Мы вельмі спадзяемся, што нашымі сіламі беларускі фальклор будзе працягваць сваё жыццё не як музейны экспанат, а як частка жывой сучаснай музычнай культуры, бо ўспрымаць аўтэнтычны песенны матэрыял непадрыхтаванаму слухачу звычайна складана, а сумяшчаць этніку з сучаснай музыкай, тым больш джазам, мала хто рызыкуе”.
“Diagilew Project” (Германія) з’явіўся ў 2006 годзе. Сюды ўвайшлі высокапрафесійныя джазавыя музыканты Еўропы са шматлікімі музычнымі рэгаліямі і дасягненнямі.
Максім Дзягілеў (саксафон, перкусія) з 7 гадоў пачаў браць урокі фартэпіяна. У 14 гадоў пачаў іграць на саксафоне. Пазней ён пераехаў у Германію, каб працягнуць навучанне, дзе застаўся жыць. Максім працуе ў розных кірунках музыкі, свабодна валодае тэхнікай ігры на саксафоне, кларнэце, піяніна і перкусіі.
Гітарыст гурта Віталь Золатаў у 2008 г. адзначаны як адзін з найлепшых джазавых гітарыстаў Еўропы, ён жа выступаў з такімі вядомымі музыкантамі, як Дзі Дзі Брыджуотэр, Маціас Шрыфель, Бодэк Янке, Марцін Дзяканоўскі.
Барабаншчык Цімафей Бірукоў даўно вядомы ў Беларусі як цудоўны выканаўца не толькі на ўдарных, але і на вібрафоне. Цімафей нарадзіўся ў Мінску, але пасля заканчэння джазавага аддзялення Мінскай музвучэльні пераехаў у Германію, каб далей вучыцца музыцы ў Кёльнскай кансерваторыі. Цімафей удзельнічаў у майстар-класах такіх сусветна вядомых джазавых музыкантаў, як піяністы Джон Тэйлар і Хаберт Нусс, ударнікі Ханс Дэкер, Бруна Кастэлучы і Джон Рылей, перкусіяніст Хасэ Карціё і вібрафаніст Дэвід Фрыдман.
У канцэрце таксама возьме ўдзел вядомы беларускі джазавы піяніст Канстанцін Гарачы (“Apple Tea”).
“Akana-NHS” (Беларусь) – этна-джазавы гурт, які беражліва збірае і захоўвае старажытныя шматгалосныя этнічныя спевы, прадстаўляючы беларускі фальклор у звыклым для сучаснага слухача музычным стылі. Альбом “700” прызнаны беларускімі музычнымі крытыкамі Experty.by найлепшым дэбютным альбомам 2008 году. Адна з вакалістак гурта Руся з’яўляецца Рок-Князёўнай 2006 году.
Запрашаем вас на гэты ўнікальны эксперымент: ніхто раней у Беларусі не рабіў падобнага і не сумяшчаў беларускую песенную этніку і высокапрафесійны джаз.
Канцэрт будзе ладзіцца пры падтрымцы агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
“Diagilew Project” на MySpase: www.myspace.com/maksimdiagilew
Сайт группы “Akana-NHS”: www.akana-nhs.com
Моладзевы тэатр эстрады. вул. Маскоўская, 18а. (метро “Інстытут Культуры”).
Пачатак: 19.00
Замова квіткоў: (029) 342 66 39, (029) 620 65 94.
Касы тэатра: 222 82 96, 213 19 48.
Кошт квіткоў: 10 000, 15 000, 20 000.