Яна стварае вопратку і аксэсуары сваімі рукамі. І матэрыялы для яе цудоўных вырабаў прыходзяць да яе самі: старыя джынсы, мех куніцы, знойдзены на дарозе, лісінае футра ці адрэз тканіны з засекаў цёткі з мінулага стагоддзя. Натуральна, што ўсе блізкія і родныя Кацярыны маюць у гардэробе вопратку фірмовай маркі «ОtKat» (ад Кацярыны). Праект «Захапленні» заспеў Кацярыну Яворскую, акторку кіно і тэатра імя Я. Купалы, за вырабам чарговага цуду.
— Найлепшая рэклама для тых, хто вырабляе рэчы сваімі рукамі, — гэта калі створаны табою прадмет выклікае добры настрой, прымушае любавацца сабой, дае падставу для захопленых поглядаў. Тады людзі пачынаюць казаць: «А мне? Мне таксама такое трэба!» І я адказваю: «Нічога складанага, я змагу дапамагчы вам у вашым жаданні».
Галоўная задача — зрабіць рэч, не выдаткаваўшы на яе шмат грошай, таму што ў нас у Беларусі ручная праца не асабліва цэніцца, і вялікая частка людзей не захоча плаціць, скажам, за зроблены ўручную шалік, завоблачную суму. Кітайскі шырспажыў, які можна знайсці на любым рынку, і таннейшы, і выглядае, на думку абывацеляў, лепш. І толькі калі пакупнікі на самай справе знатакі ручной працы, яны гатовыя заплаціць за рэч столькі, колькі яна каштуе, і з вялікім задавальненнем.
Для мяне продаж — не самамэта, я проста люблю нешта ствараць сваімі рукамі. А атрыманне сродкаў ад продажу — гэта ўжо бонус.
Мая мама, архітэктар па адукацыі, распрацавала, для мяне этыкетку. Цяпер усё, што я прадаю, называецца «OtKat» — трыкатажныя вырабы ад Кацярыны Яворскай.
Матэрыялы, з якіх я пазней раблю свае тварэнні, трапляюць да мяне ў рукі дзіўным чынам. Я ніколі не бегаю па крамах, не шукаю спецыяльна нейкую тканіну, ніткі, мех. Усё прыносіцца да мяне ў дом сябрамі, знаёмымі, выпадкова знаходзіцца мной у нечаканых месцах. Свае знаходкі і «ахвяры» я захоўваю вось у гэтай валізцы. Яна вельмі часта бывае пустой, а потым раптам зноў напаўняецца.
Гэта паліто пашытае з трохметровага кавалка воўны. Адрэз тканіны прынесла мне цётка і аддала са словамі: «Я не ведаю, што з ім рабіць. Ён ляжыць у мяне з 1982 года». Вось гэтая трусіная скурка яшчэ шукае свайго лёсу, мне яе таксама падаравалі. Вось гэтую куніцу я знайшла мёртвай па дарозе ў вёску. Я падабрала яе, замарозіла, і пазней, у Мінску, мне вырабілі з яе скурку. На дарозе яна б знікла, а так будзе «жыць» далей.
Мае бацькі — архітэктары, і, напэўна, сякія-такія навыкі перайшлі да мяне ад іх. Я ніколі не шыю па гатовых выкрайках. Бяру кавалак тканіны, абмотваю ім манекен, зашываю там, дзе палічу патрэбным зрабіць вытачку, зморшчыну, палосачку. Для мяне працэс шыцця —канструктарская праца і ў вялікай ступені нават архітэктурная.
Аднойчы суседка падарыла мне велізарны плячысты лісіны кажух савецкіх часоў. Я адрэзала ў яго рукавы і трошкі адбіла бакі, таму што ён быў большы, чым адзенне майго памеру. З рукавоў я зрабіла вось гэтыя шалікі, а ўсё астатняе пайшло на камізэльку. У мяне цяпер ёсць зімовая супермодная камізэлька з лісы.
Я прыдумала выдатную сістэму для захоўвання нітак, так яны нікому не перашкаджаюць: у нішу ўбудоўваюцца палічкі для DVD-дыскаў, а ў іх цудоўна залазяць шпулькі.
Быў адзін вельмі цікавы заказ. Мая сяброўка прыйшла і кажа: «Хачу свайму хлопцу на 23 лютага зрабіць падарунак». — «Не пытанне, — кажу, — можа, звяжам чаго?» Яна кажа: «Бачыла я на фатаграфіі мужчынскія трусы марской тэматыкі: палосачка белая, палосачка блакітная, звычайныя шорцікі, але ўвесь прыкол у тым, што спераду звязаны мяшочак-футаральчык для мужчынскага палавога органа. Хачу, — кажа, — такія». Спачатку я думала, што не спраўлюся з просьбай. Але ў выніку мы адолелі гэтую канструкцыю. Яна падарыла трусы свайму хлопцу, і ён вельмі доўга выхваляўся імі ў спартыўнай распранальні (ён займаўся футболам). Праўда, кліентаў на гэты выраб не дадалося.
Як правіла, даўжыня шаліка, якія я вяжу на заказ, складае 600 радоў. Выседзець гэтыя 600 радоў — самая сумная частка працэсу. Звычайна я прымушаю сябе: звязала 60 — выйшла на кухню, выпіла шклянку вады, прагулялася. Імкнуся разбаўляць манатонную працу. Далей, калі пачынаецца ўпрыгожванне мехам, размалёўванне, праца рухаецца нашмат весялей. Я магу рабіць гэта бясконца доўга!
Калі я вучылася ў школе ў старэйшых класах, насіць асабліва не было чаго. Гэта былі 1987—1990 гады. Я плакала маме, што не хачу быць як усе: надзяваць боты і ласіны і стаяць у чарзе па «Мальвіны». Мама адказала мне: «Тады, дзяўчынка мая, вазьмі што-небудзь і зрабі сама — гэта будзе крэатыўненька, і ты сапраўды будзеш непаўторная». Тады я купіла мужчынскія чаравікі, у якіх саромеліся нават хлопчыкі хадзіць, звязала велізарныя гетры з арнаментамі да калена і прыйшла ў такім выглядзе ў школу. І не саромелася. Аказалася, што гэта была правільная тактыка: у нас у класе было 15 дзяўчынак і адзін хлопчык, і ўсе змагаліся за яго ўвагу. Ну, і ўсе хадзілі, вядома ж, у ласінах, высокіх чорных батфортах з аблямоўкаю. Ніхто і не здагадваўся, што трэба было пайсці іншым шляхам, а мне тады было дастаткова надзець гэтыя мужчынскія чаравікі з гетрамі.
Мяне раздражняе, што ўсе людзі ходзяць у аднолькавым, думаюць аднолькава, ездзяць у аднолькавых машынах і лічаць гэта прэстыжным. Цалкам нескладана зрабіць нешта арыгінальнае сваімі рукамі. І не трэба шмат грошай для гэтага, як некаторыя лічаць. Мяне часта пытаюць: «А дзе вы ўзялі гэта? А дзе тое? Гэта павінна быць шмат працы і грошай?» Зусім не: нядорага, і ўсё зробленае вось гэтымі ручкамі.
Гэты столік, напрыклад, мне дастаўся ў спадчыну. Я ўзяла стальніцу, накрыла яе шаўковай тканінай і нанесла паверсе сем слаёў лаку. Атрымалася выдатная рэч! Каб зрабіць штосьці, што радуе вока, неабавязкова засвойваць усе тэхнікі. Пачніце хаця б з таго, што ўмееце. Бо сумна жыць у доме, у якім няма чым здзівіць сяброў.
У мяне сяброўка займаецца дастаўкай моднай вопраткі знакамітых дызайнераў з Італіі. І ўсе купляюць у яе гэтыя рэчы, лічачы іх эксклюзіўнымі. Але нават калі яна прывезла тры аднолькавыя мадэлі, значыць, як мінімум тры чалавекі будуць хадзіць падобныя да вас! Я не разумею, у чым сэнс такіх рэчаў. Гэта шырспажыў у любым выпадку, і ён не можа быць зроблены з любоўю. Туды не ўкладзена ніякай станоўчай энергетыкі, наогул ніякай энергетыкі не ўкладзена. Кожную рэч, якую я вырабляю сваімі рукамі, я раблю як для сябе. У такіх выпадках і выраб забіраюць ахвотна, і зарад станоўчых эмоцый яго ўладальніку забяспечаны. Я лічу, што ў гэтым і ёсць сэнс зробленых уручную рэчаў.
У чалавека, які носіць любімае адзенне, і настрой змяняецца ў лепшы бок, і падыход да ўсіх жыццёвых сітуацый робіцца пазітыўным: нават у краме, калі наступіш яму на нагу, ён не стане агрызацца. Вось так змяняецца ўспрыманне твайго душэўнага свету ў залежнасці ад таго, у што ты апрануты. Можа быць, гэта занадта саманадзейна, але мне хочацца, каб людзі цешылі сябе і навакольных сваім выглядам, каб ад гэтага рабіліся больш прыгожымі ўнутры, расквіталі.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)