Як зямляк і сталы ўдзельнік мастакоўскіх выставаў у Жодзіне (нарадзіўся ў горадзе над Плісою і скончыў Мінскую мастацкую вучэльню) узяў удзел у традыцыйнай ужо імпрэзе “Калядныя сустрэчы”. Гэтым разам адбылася яна 24 снежня 2015 года ў гарадской карціннай галерэі, што месціцца на вуліцы Дзеравянкі ў памяшканні былога ПТВ-75 імя братоў Купрыянавых.
Распачала вечарыну ўступным словам Ірына Юльянаўна Супрановіч, дырэктарка гарадскога краязнаўчага музея, філіялам якой ёсць карцінная галерэя, з задавальненнем прыняла падарункі ад кампаніі “Будзьма”.
Падчас свайго выступу я падзяліўся ўражаннямі ад выставы, а таксама юнацкімі ўспамінамі, расказаў пра серыю айчыннай класікі “Мая беларуская кніга”, пачытаў гасцям кароткія навелы са сваёй кнігі прозы “Уладзевы гісторыі” і калядныя вершы з кніжкі “Кошык Велікодны”.
Раманс “Мяцеліца” выканала метадыст гарадскога Палаца культуры, кіраўнік самадзейных музычных калектываў “У коле сяброў” і “Зарачанка” Наталля Зайцава. Асаблівым поспехам карысталіся фартэпіянныя п’есы ў выкаванні лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, шасцікласніцы Аксаны Фаміч, а таксама ўсё сямейнае трыа, калі сыграла найпапулярнейшую мелодыю “Срэбныя званочкі”.
Мэтр жывапісу і графікі Аляксей Марачкін (Алесь МаRа), які некалькі гадоў працаваў у жодзінскіх школах і студыях выяўленчага мастацтва, правёў для ахвотных аглядную экскурсію па выставе, а пасля і творча-вытворчую нараду з маладзейшымі калегамі па мастакоўскім цэху.
Вечарыну наведалі каля 40-50 асобаў – мастакі Аляксандар Казак, Аляксандар Фралянкоў, Мікола Шышлоў, Віктар Навіцкі, Уладзімір Гладкевіч, іх сваякі і знаёмыя, мастацтвазнавец Уладзімір Макараў, дырэктары Смалявіцкай і Жодзінскай мастацкіх школак Уладзімір Шаркоў і Георгі Міхейчык, супрацоўнікі краязнаўчага музея, супрацоўнікі жодзінскіх і сталічных выдавецтваў Алена Гушча, Віталь Жураўскі, Раіса Шастак і Аляксандар Буракевіч, музейшчыкі і асьпіранты-гісторыкі Галіна Аніскевіч і Віктар Аўчарэнка, культуролаг Ксенія Сляшынская, метадыст Валянціна Крывенка, настаўнікі і школьнікі.
Уладзімір Сіўчыкаў