Калі ёсць выніковы артыкул, мусіць быць і пачатковы. Паспрабуем паразважаць над праблематыкай, якая стаіць перад тэатральнай супольнасцю ў гэтым годзе.
Год пачаўся вельмі цяжка. Кепскія навіны прыйшлі з Масквы, дзе паліцэйскія ўлады з надуманай прычыны разбурылі маёмасць Тэатра.doc. У Парыжы расстралялі рэдакцыю “Charlie Hebdo”. Беларускі культурны год пачаўся таксама з кепскіх навін – Belswissbank адмовіўся працягваць дамову арэнды з культурніцкай прасторай “ЦЭХ”, кнігарні “логвінаЎ” быў прысуджаны мільярдны штраф.
Новага года прайшло ледзь два тыдні, а ўжо з цяжкасцю можна ўявіць, што можа адбыцца нешта такое, каб ацэньваць яго можна было станоўча. Нават з беларускай перспектывы. Я чамусьці з цяжкасцю ўяўляю, каб нехта граміў ці расстрэльваў “ЦЭХ” ці кнігарню “логвінаЎ”. Але чаму плача песня наша? Ці не таму, што яе душаць? Бертальт Брэхт напісаў некалі, што з усіх спосабаў забойства (праткнуць нажом, не вылечыць ад хваробы, змарнаваць працай, адправіць на вайну) толькі некаторыя забараняюцца дзяржавай. Тое самае можна сказаць і пра змаганне са свабодай слова і думкі. У іншых краінах заткнуць рот тым, хто кажа што думае, можна толькі куляй, у нас жа выкарыстоўваюцца цалкам “прававыя” сродкі.
Калі звярнуцца да праблемы “ЦЭХа”, то мне лёгка казаць ад свайго імені. Як незалежны культурны менеджар, як прадстаўнік Міжнароднага тэатральнага форуму “ТЭАРТ” я некалькі разоў супрацоўнічаў з Ме100 і пазней “ЦЭХам”. Заўсёды было зручна і выгадна дамаўляцца. Мінскім беларускім тэатрам цесна на традыцыйных сцэнічных пляцоўках настолькі, што пляцоўка, па сутнасці, без абсталявання лёгка стала месцам падзей для ўнікальных тэатральных праектаў. Спектакль “Сумны хакеіст”, за які я адказны асабіста, ствараўся адмыслова пад цагляныя муры былых прамысловых цэхаў. Пагроза была толькі адна – няпэўнасць будучыні.І цяпер, калі яна спраўдзілася, спектакль мусіць шукаць іншую прастору.
У мяне выклікаюць абурэнне тыя, хто лічыць Belswissbank у сваім праве: маўляў, нічога асабістага, толькі камерцыйная таямніца. І гэтую камерцыйную таямніцу не выпытаць у банка ні грамадскасці, ні самому “ЦЭХу”: стойка трымаюцца яны на допыце, як сапраўдныя кібальчышы.
Камерцыйная таямніца прымушае хаваць ад грамадскасці нюансы выгады, якую атрымае банк ад таго, што пустыя, пыльныя, халодныя памяшканні, якія спрабавалі ажывіць арандатары, цяпер будуць яшчэ больш пустымі і халоднымі. Я ўпэўнены, што ёсць нават план, які ператворыць гэтыя цэхі ў горад-сад, прынясе шмат карысці не толькі ўладальнікам, але і шырокім колам грамадскасці, якую “ЦЭХ” прымушаў вышукваць у лабірынтах аўтамоек свае ўнікальныя мерапрыемствы. І найважнейшым складнікам гэтага плана абавязкова мусіць быць раптоўнасць абвешчанага рашэння: вымятайцеся, калі ласка, праз месяц…
Мне знаёмая падобная сітуацыя з часоў маёй практыкі ў горадзе-пабраціме Боне. Там таксама ёсць культурніцкая прастора ў прамысловай будыніне, якая хутка мае пазбавіцца свайго памяшкання. У 1986 годзе будынак быў ператвораны ў шматпрофільны культурны цэнтр Brotfabrik – невялікі кіназал, кавярня, дзве пляцоўкі для спектакляў, канцэртаў, сустрэч і семінараў. Сярод найбольш цікавых арандатараў – бонская сінематэка і моладзевы тэатр “Марабу”, які рабіў шэраг сумесных праектаў з беларусамі.
І вось апошнія некалькі гадоў не сціхаюць дыскусіі з нагоды таго, што ў 2017 годзе заканчваецца тэрмін арэнды, працягваць якую не стае сродкаў ні ў саміх культурных арганізацый, ні ў горада, ні ў шырокіх колаў грамадскасці. Горад прапануе культурным арганізацыям перабрацца ў іншыя, не такія зручныя памяшканні, на што тыя справядліва пярэчаць, што такім чынам будзе страчаная ўнікальная нават для Германіі культурная прастора, якая дае шмат карысці і гораду, і людзям. Ідуць сустрэчы, кансультацыі, пошук інвестараў, планы, дыскусіі.
На маю думку, на гэтым добрым прыкладзе бачная сутнасць крызісу ў Еўропе, дзе культурныя ініцыятывы таксама пад пагрозай, але страціць можна плён працы некалькіх дзесяцігоддзяў. І размовы аб тым, як захаваць напрацаванае, цягнуцца гадамі, і я вельмі аптымістычна настроены: думаю, што збольшага захаваць атрымаецца. І нашае прынцыповае адрозненне толькі ў тым, як адчайна кіраўніца “ЦЭХа” Юлія Дарашкевіч ці кіраўнікі Тэатра.doc Алена Грэміна і Міхаіл Угараў гатовыя пачынаць усё спачатку, страціўшы практычна ўсё, апроч саміх сябе.
Трэба з адказнасцю разумець, што мы перажываем чарговае сярэднявечча, што fette Jahren sind vorbei, што ні адной культурнай ініцыятыве на Зямлі зараз не будзе добра. І, напэўна, акрамя рашучасці працягваць займацца сваёй справай, іншых камерцыйных таямніц у культурных акцёраў няма, колькі б іх ні пыталі плахішы-буржуіны.
Дый папраўдзе ніякай камерцыйнай таямніцы і ў буржуінаў з Belswissbanka таксама няма. Адзіную іх таямніцу даўно раскрыў той самы Брэхт, які сказаў, што заснаваць банк – больш выгаднае злачынства, чым яго абрабаваць.
Аляксей Стрэльнікаў