На гэтым тыдні пасля невялікага перапынку ў “Карціне дня” – стрыт-арт. Мы, як і раней, не будзем уздымаць пытанне пра тое, ці вандалізм малюнкі на сценах і ці заслугоўваюць іх аўтары спагнанняў і турмы. Мы паспрабуем разгледзець канкрэтныя працы і тыя сэнсы, якія закладаліся ў іх аўтарамі. Вы зможаце даведацца пра некалькі імёнаў у гэтым жанры і паглядзець на цалкам ананімныя творы.
Арцём KROSE – вулічны мастак з каманды студыі http://urbanpunk.org. Працуе з графікай, стэнсілам, постарам, графіці.
Палічым ROI?
У гэтай працы ёсць дзве асаблівасці. Па-першае, перад намі так званы embient – аб’ект, што ўпісаны ў гарадскую прастору, выкарыстоўвае яе элементы, паразітуе на іх. Жанчына па сутнасці ляжыць на жалезным элеменце канструкцыі прыпынку. Такімі рэчамі вельмі любяць займацца ў рэкламных агенцтвах. Па-другое, перад намі рэкламны плакат. Усё тут пабудавана па тых канонах, якіх свята прытрымліваюцца ў сеткавых агенцтвах: голая баба, яе мара і капірайт вялікім кеглем з якім-небудзь цікавым шрыфтам ці без цікавага шрыфту, калі для мас-маркету.
Ад’ехаўшы ў любую з суседніх краінаў, прайшоўшыся вуліцамі яе сталіцы (і не толькі сталіцы), вы напэўна заўважыце не адну такую бабу, а цэлы іканастас з іх. Адзінае што позы і, адпаведна, мары, у жанчын будуць розныя – я даўно заўважыў, што паміж гэтымі дзвюма рэчамі існуе надзіва моцная сувязь, – але для мастацкага аб’екта гэта не важна: поза і мара маглі б быць і іншымі. З тым жа поспехам гэтая кабета магла б танчыць, як на шасце, на вертыкальным элеменце канструкцыі.
Важна тут, што мастак падмяняе сабою рэкламадаўцу – запаўняе горад блізкімі яму сімваламі, якіх ён нахапаўся па вярхах у краінах спарахнелага капіталізму. Ці, наадварот, папярэджвае нас пра тое, што вось яна, гэтая навалач, – зусім блізка, і не паспеем мы азірнуцца, а ўся гарадская прастора будзе запоўненая ёю, і не застанецца ніводнай празрыстай паверхні, якая б не дэманстравала аголеную цялеснасць і аголеную бесцялеснасць. І само паветра стане шчыльнейшым, каб у ім плавалі рэкламныя паведамленні, як балонікі ў дзіцячых руках.
Які знак прыпісаць да модуля гэтага мастацкага паведамлення, кожны можа вырашыць сам. Усё адно, чакаючы аўтобуса, ёсць час падумаць.
Выкарыстаныя выявы з сайта urbanpunk.org