17.02.2017 | Музыка

“Кашлаты Вох”: “Наўрад ці ёсць яшчэ гурты, дзе ўдзельнік — рыба”

Удзень іх нават і не вылучыш з натоўпу звычайных мінакоў. Акампаніятар і аспірант ва ўніверсітэце, навуковы супрацоўнік музея, электрык, сушэф аднаго са сталічных рэстаранаў… Але калі адчыняюцца дзверы рэп-кропкі, “заводзіцца” комбік гітары, пачынаюць гучаць першыя ўдары барабанаў, усе кардынальна змяняюцца. Купка нічым не адметных хлопцаў ператвараецца ў адзін з самых скандальных гуртоў на айчыннай рок-сцэне. Нехта імі захапляецца, нехта ненавідзіць, а некаторыя арганізатары фестываляў нават паспелі ўнесці ў “чорны спіс” выступоўцаў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_7281.jpg

Так, гэта “Кашлаты Вох”, фолк-панк гурт, які ўжо дзесяцігоддзе існуе на беларускай андэграўнднай сцэне. За гэты час хлопцы запісалі некалькі сінглаў і поўнафарматнік, каманда кардынальна змяніла склад і гучанне, а літаральна тыдзень таму музыкі прэзентавалі ў інтэрнэце свой другі альбом “Не бяры да галавы”. Заўтра разам сябрамі па сцэне “Вохі” прэзентуюць дыск у паб-клубе “Бруге”, мы ж схадзілі з імі на піва і нахабна напрасіліся на рэпетыцыю, каб даведацца, чым жыве гурт сёння і якія новыя сюрпрызы і правакацыі рыхтуе для слухачоў.

 

У гутарцы бяруць удзел:

Лідар гурта, вакаліст Вячка Красулін

Гітарыст Аляксей “Алоха” Самкевіч

Гітарыст Амір Шадзі

Дудар Коля “Нікалас” Дашыневіч

Аўтар музыкі, бэк-вакаліст Васіль “Нікалаіч” Саковіч

Маўкліва прысутнічае Фёдар

 

Не крок наперад, а цэлы скок з кульком

Вячка: Паміж з’яўленнем нашага першага альбома “Пазаўчора” і другога “Не бяры да галавы” атрымаўся перапынак амаль у чатыры гады. Таму што ў лістападзе 2013 года я распусціў гурт. У тым стане, у якім ён быў тады, мы не маглі супрацоўнічаць далей. Нехта з хлопцаў ленаваўся рэпетаваць на выходных, нехта не жадаў укладаць грошы ў нашу музыку… Разам з гітарыстам Пецем Суцкім сабралі цалкам новы склад і цягам года рэпетавалі. Потым з каманды сышоў Пеця, і гурт ізноў разваліўся…

Праз сацыяльныя сеткі, нейкіх агульных сяброў мы пазнаёміліся з гітарыстам Алохам, які з намі грае і сёння.

Алоха: Я пайшоў некуды тусавацца, добра выпіў і напісаў пра сябе хвалебнае паведамленне Вохам, але зранку ўжо пра гэта не памятаў і не адразу зразумеў, чаму мне піша нейкі Вячка і кліча граць разам.

Вячка: Так, Алоха крыху патрэніраваўся, у каманду вярнуўся бубнач Назар, і разам мы запісалі кавер на песню гурта “Аргазм Настрадамуса” “Прарок”. Насамрэч Васіль Нікалаіч для нас даўно нарабіў дэмак, над якімі мы маглі працаваць. І пачалі працаваць над альбомам яшчэ летам 2015 года, прыкладна паўтара года таму. Шмат песень адкінулі, многае грунтоўна перарабілі, матэрыял з першага абнавілі. А сам запіс расцягнуўся на год… Таму наш альбом “Не бяры да галавы” для нас зусім не новы. Ён нам надакучыў, таму ўжо хочам пісаць новы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_7023.jpg

Алоха: Гэтыя песні я нават не дадаваў сабе ў аўдыязапісы!

Вячка: Я таксама. Не магу больш гэта слухаць.

Нікалас: Але ж мы ўсё роўна альбомам задаволеныя.

Вячка: “Не бяры да галавы” — гэта нават не крок наперад у параўнанні з першым дыскам, але цэлы скок з падвыпадвертам і кульком. Альбом атрымаўся вельмі канцэптуальным, бо ніякай канцэпцыі ў ім няма. Альбом не аўтабіяграфічны, а хутчэй фантасмагарычны. Мы здзекуемся з розных рэчаў: узаемаадносінаў, палітычных поглядаў. Літаральна ўсё ўскопваем, як грады. Але глядзіцца так: іншыя гурты нібыта робяць сур’ёзныя рэчы, а мы з усяго смяёмся з асаблівым цынізмам.

 

Як з падручніка “Так рабіць не трэба”

Амір: Калі я прыйшоў на першы канцэрт “Вохаў” проста як глядач, быў вельмі ўражаны. Вячку палюбіў адразу, і ў цэлым выступленне было адным з нямногіх, дзе хацелася танчыць. Але з першай рэпетыцыі, куды прыйшоў паграць разам, захацеў адразу ж збегчы. Гэта было культурным шокам. Што адбываецца? Гэта ўвогуле рэпетыцыя? Яны заўсёды так праходзяць? Але праз тыдзень мы знайшлі агульную мову.

Нікалас: Але ты потым усё ж прывык і ўцягнуўся. Усе нашы новыя музыкі спачатку перажываюць шок. Але Амір заняў маё месца гітарыста, бо я перад ім граў, але не мог граць афігенныя салягі.

Амір: Працэс стварэння альбома “Не бяры да галавы” можна запісаць у падручнік “Як рабіць не трэба”. Усё адбывалася неяк хаатычна, некаторыя партыі прыдумваліся адразу падчас запісу. Алоха мне мог сказаць: сыграй, як Аўрыл Лавін, або “ўяві, што ты на сельскай дыскатэцы”. Так было і з маімі музычнымі ідэямі, рэдка якія з іх хлопцы адкідвалі, якімі б шызафрэнічнымі яны ні былі. Нават даходзіла да таго, што я сядзеў, граў усялякую лухту, і Алоха казаў: гэта наша новая песня.

Нікалас: Дзіўна, але сапраўды добрыя партыі прыдумваліся менавіта падчас запісу. Не дома, не на рэпетыцыях. Мы разам збіраліся, адзін з аднаго смяяліся, і неяк адвольна ствараліся мелодыі.

Вячка: Чым дзічэй усё жыве — тым лепш.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_7294.jpg

Ад “дэмкі” да гурта

Нікалаіч: Першы альбом “Пазаўчора” таксама павінен быў быць і цяжкім, і разнастайным. Але цяжкім яго не зрабіў гукарэжысёр, які нас запісваў. А разнастайным ён не стаў, бо самім удзельнікам гурта было ўсё роўна. Ім кажаш: прыдумай нешта новае, іншае, але яны зноў граюць тое ж самае. Таму для гурта той дыск можна лічыць не першым, а нулявым.

Вячка: “Кашлаты Вох” ранейшага ўзору быў “дэмкай”. А зараз мы выпусцілі тое, што заўжды хацелі граць. Дзякуй Алоху, Аміру, Нікаласу, Александзеру, Глебу (нашаму былому басісту). Але калі б не Алоха, я б даўно спіўся. Бо раней я ўсіх прымушаў працаваць, а цяпер наконт музыкі даю Алоху поўную свабоду. А ў стварэнні тэкстаў усе даюць свабоду мне. Я магу спяваць пра герпес, менструацыю, варэнікі. Хлопцы мяне разумеюць. Але што да тэкстаў, яны досыць асабістыя. Думаў, што пішу нейкую алегарычную дзіч, але паслухаў дэбютнік гурта Lindemann і супакоіўся, што не адзін у свеце. А песня “Месяцовая праграма” пра тое, што мы будуем касмапорты, пераходзім на новы ўзровень, пачынаем глядзець не толькі сабе пад ногі, але і навокал.

Алоха: Дарэчы, песняй “Усмешка ў акенцы” мы хацелі адпрэчыць усе правілы. Тут усё не так: сола ў пачатку, прыпеў на рэпе, ёсць псіхадэлічныя дудкі. А “Сок” мы напісалі, калі вырашылі зрабіць нейкую танцавальную песеньку. Разам фрыстайлілі — і тэкст склаўся. Да музыкі мы таксама пафігістычна падышлі: Саня, ты грай тыц-тыц-тыц-тыц, Глеб, басіст, спачатку пачаў сварыцца, а потым сам зайграў бум-бум…

Нікалаіч: Часам запытваюцца, чым мы натхняемся, якой музыкай. Але складана адказаць адназначна. Вось сёння я пачуў у адной з песень альбома нешта падобнае на “Літвінтроль”, але я дакладна ведаю, што гэта проста немагчыма. Гэта адбываецца выпадкова, адсылкі і падабенствы з’яўляюцца самі па сабе.

Вячка: У нас у альбоме чытаецца ідэя насраць на тых, хто сядзіць на хатах і лічыць, што беларускі рок — тое, што пісалі ў 1990-х — пачатку 2000-х, на тых, хто робіць беларускі рок на рускай мове. Я разумею, што рускамоўная сцэна большая, але ўсё ж важна ствараць сваю музыку па-беларуску.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_6243.jpg

Стыль і эпатаж

Вячка: Часам і нас усіх, і мяне ў прыватнасці называюць наркаманамі. Маўляў, толькі пад наркотыкамі можна напісаць такую музыку. Але можам усім адказаць, што мы не ўжываем ніякіх забароненых рэчываў, ядзім кіслую капусту і п’ём журавінавую “Дарыду”.

Нікалас: Мы не задумваемся пра гэта. Проста так атрымліваецца. Але ў той жа час цікава прымерваць на сябе новыя амплуа.

Нікалаіч: На нашы эпатажныя паводзіны паўплывала Зінаіда Юльянаўна Тулейка, наша настаўніца матэматыкі ў 6-8 класах.

Амір: Часам да мяне падыходзяць нейкія жанчыны і просяць лізнуць іх у рот. Раней такога не было. А адна неяк папрасіла лізнуць у вока. Я пагадзіўся.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_6253.jpg

Знаёмцеся: селядзец Фёдар

Вячка: У Кіеве мы выступалі ў клубе, дзе некалі граў Віктар Цой. Выдатна сыгралі, нас добра прынялі. Але за пяць хвілін да выступлення мне разбілі галаву. У гэтым была вінаватая столь з каменнымі вісюлькамі. Дарэчы, у Кіеве мы набылі тое, што ў будучыні стала ўдзельнікам нашага гурта. Знаёмцеся: гэта селядзец Фёдар.

Алоха: Калі потым ехалі з Кіева ў Чаркасы на фестываль, было вельмі горача ў маршрутцы. Сядзелі потныя, ногі смярдзяць, і хлопцы хацелі з’есці Фёдара. Я яго, як дзіця, забраў ад іх, каб не зжэрлі. Так ён стаў удзельнікам нашага гурта.

Публіка? Не, не чулі

Алоха: Падаецца, што мы толькі рэпетуем.

Вячка: Тыя, хто з намі сябруе, застаюцца і развіваюцца разам з гуртом. Мы ўсе гатовыя да новых эксперыментаў. І не толькі ў музыцы. Але ў нас ёсць і хейтары. Наконт хейтараў скажам: валіце з нашага канцэрта. Мы выступаем на рыцарскім фэсце 1-2 ліпеня “Гонару продкаў” у Вілейцы. І як бы многія нас ні ненавідзелі, мы ўсё роўна выступім.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kvox/IMG_7275.jpg

Як і абяцалі, адышлі ад фолку

Нікалас: Усе дудары, якія граюць з фолк-рокавымі і фолкавымі гуртамі, паўтараюць ужо вядомыя тэмы і самі нічога не прыдумваюць, проста перарабляюць народныя мелодыі, мы ж прыдумваем свае. Мы граем свае мелодыі, проста выкарыстоўваючы народныя інструменты.

Вячка: Мы даўно выйшлі з гэтай уяўнай іерархіі гуртоў, якія граюць з дудой. “Кашлаты Вох” — самі па сабе, проста поставангард-панк каманда з дудой. Як і абяцалі, адышлі ад фолку і прадставілі цалкам аўтарскія кампазіцыі. Але самі гатовыя сыграць на адной сцэне з усімі камандамі, якія адасобленыя ад палітычных рухаў. На канцэрце заўтра выступім з сябрамі — гуртамі “Бульбінгем” і Exegutor. Адбудзецца поўная прэзентацыя альбома, прагучаць самыя лепшыя песенькі, якія мы выбралі з таго, што гралі раней. У нас сабралася ўжо цэлае вядро мелодый.

 

Марына Весялуха для budzma.by

Фота Сяргея Нікановіча

 

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика