Незвычайны аўкцыён прайшоў на сцэне Тэатра лялек у Магілёве 21 кастрычніка. Кашулю, у якой застрэліўся Уладзімір Маякоўскі, магілёўцы маглі купіць усяго за 55 000 беларускіх рублёў.
Насамрэч кашуля з дзіркай была проста пафарбаваная чырвоным акрылам, а магілёўцы сталі ўдзельнікамі тэатральнага перфомансу ROT. Няцяжка здагадацца, што сам Маякоўскі не тое што не канчаў жыццё самагубствам у гэтай кашулі, але і наогул памёр задоўга да таго, як яе пашылі.
Аднак за тыя 10 хвілін, што ішоў перфоманс, гледачы змаглі ўбачыць як, на думку аўтараў, усё адбывалася ў той фатальны дзень. Аказваецца, напаўголы Маякоўскі спачатку выкурыў цыгарэту да апошняй зацяжкі, потым надзеў парадны касцюм, завязаў гальштук, зайшоў за шырму і памёр. Стрэліў сабе ў сэрца. Хоць сапраўдныя фанаты, безумоўна, ведаюць, што ў галаву.
Кашулю з крывавай плямай тут жа выставіў на продаж канферансье. Стартавая цана лота была ўсяго тысяча рублёў, аднак пайшоў ён за 55 тысяч амаль за пару хвілін. Гледачы гандляваліся з запалам, аднак потым выявілася, што заяўленую суму сапраўды давядзецца заплаціць. Гэтага магілёвец, які перамог у аўкцыёне, здаецца, не чакаў. Пасля атрымання грошай канферансье абвясціў перфоманс скончаным, і крыху ашаломленыя гледачы разышліся па дамах.
Як кажуць аўтары перфомансу ROT Юрый Дзівакоў і Таццяна Душэўская, гэта было ўяўленне пра тое, як людзі выкарыстоўваюць смерць вядомай асобы ў сваіх інтарэсах. Асноўную думку гледачы, вядома, зразумелі, але большасць яшчэ відавочна не гатовая да прагляду такіх пастановак.
Марыя Гілёва