ХХI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрылася ў НВЦ «БелЭкспа». Сёлета на форуме адбыліся некаторыя змены. Арганізатары абышліся без традыцыі абвяшчаць у якасці ганаровага госця якую-небудзь краіну (напрыклад, летась гэта была Расія), а даць усім роўныя магчымасці. Такім чынам, лозунг і дэвіз выставы — «Усе кнігі ў госці да нас, усе краіны ў госці да нас». Краін, дарэчы, 26, а экспанатаў — 600. Карэспандэнты Budzma.by прабегліся па асноўных стэндах выставы.
Сярод чыноўнікаў і пісьменнікаў, якія наведалі адкрыццё выставы, нельга было не заўважыць маленькіх хакеістаў. Хлопчыкі ў сіне-белых куртках з лагатыпамі хакейнага клуба «Дынама-Мінск» прыйшлі спецыяльна на прэзентацыю «Энцыклапедыі беларускага хакея», якая выйшла ў свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Урачыстыя спічы выдаўцоў мала цікавілі юных спартсменаў — дзеці круціліся па баках, штурхаючы адзін аднаго і пасмейваючыся. «Хлопцы, ну калі вы яшчэ пабудзеце на такім мерапрыемстве сярод такіх людзей?» — спрабавала навесці парадак адна з вядучых прэзентацыі.
Вось дзе сапраўды было весела, дык гэта на стэндзе Саюза пісьменнікаў Беларусі — ля століка з ручніком «Хлеб-соль» граў акардэаніст, пісьменнікі ў парадных строях абдымаліся і фатаграфаваліся на фоне саламянай птушкі і кніжнага стэнда, дзе на адной паліцы суседнічалі выданні Васіля Быкава і Мікалая Чаргінца, кіраўніка Саюза. Сам Чаргінец падпісваў прыхільнікамі свой раман «Аперацыя “Кроў”».
Ля стэнда ісламскай рэспублікі Іран сярод персідскіх казак з вярблюдамі на вокладках і рубаі Амара Хайяама мы сустрэлі беларуса Аляксандра Казлоўскага, вядомага аршанскага аўтаспыншчыка, які доўгі час падарожнічаў па Іране, а вярнуўшыся, сабраў разам свае фатаграфіі, дарожныя нататкі і выдаў кнігу «Незабыўны Іран». Набыць кнігу з аўтографам аўтара і паслухаць дарожныя байкі можна ля стэнда Ірана.
Амбасада ЗША запрасіла на выставу Джоша Эдлера, вядомага стваральніка коміксаў. Яго серыя Mail Order Ninja («Ніндзя на пошце») друкавалася ў шматлікіх нацыянальных выданнях ЗША, такіх як LA Times, The Boston Globe ды іншых. Сёння Эдлер шмат падарожнічае, чытае лекцыі і вучыць маляваць коміксы зацікаўленых амерыканцаў. Беларусы таксама могуць паўдзельнічаць у майстар-класах вядомага мастака — трэба толькі ўдакладніць час на стэндзе амбасады.
Не ведаем як добрай мастацкай літаратурай, а вось даведачнай наведнікі выставы ўзбагацяцца дакладна. Пасольства Кітая прапануе гіды па Паднябеснай і кніжкі з практыкаваннямі аздараўленчых практык. На стэндзе пасольства Венесуэлы — усё пра Чавеса, на Кубе — усё пра Фідэля Кастра. Змагаючыся са спакусай купіць дапаможнік па хірургіі суставаў аднаго з прыватных беларускіх выдавецтваў, карэспандэнт Budzma.org падымаецца на другі паверх, дзе на афсетным станку ў рэжыме рэальнага часу друкуюць кнігі. Тут жа праходзіць выстава «У пошуках страчанага», дзе прадстаўленыя паштоўкі, якія апісваюць гісторыю Беларусі, а таксама паштоўкі, прысвечаныя праваслаўным храмам Беларусі і Польшчы.
Тым часам на асноўнай пляцоўцы для прэзентацый пісьменнікаў чытачоў знаёмяць з кнігай Юліі Навіцкай «Алег Навіцкі. Голас сэрца. Дзённік жонкі касманаўта», выдадзенай у серыі «Наш сучаснік» выдавецтва «Мастацкая літаратура».
«Ідэя напісаць кнігу нарадзілася выпадкова, — кажа Юлія. — Яшчэ да палёту мужа ў космас (Алег Навіцкі — вядомы касманаўт, наш зямляк, ураджэнец Чэрвеня Мінскай вобласці) журналісты з тэлерадыёстудыі Раскосмаса прапанавалі мне весці на іх сайце дзённікі жонкі касманаўта. Я па прафесіі журналіст, пішу шмат і вельмі люблю гэтую справу, таму і пагадзілася. А пазней мае дзённікі перараслі ў кнігу. Назву «Голас сэрца» прапанавала мая маці. Гэта аповед пра тое, як сям’я жыве без касманаўта. Гэта погляд на палёт жаночымі вачыма. Ёсць яшчэ кніга «Дзённік жонкі касманаўта… 3.2.1 — Паехалі!» Лены Дэ Вінэ, жонкі Франка Дэ Вінэ, бельгійскага астранаўта. Лена падарыла мне яе, пакуль мой муж лётаў. Каб незнарок не паўтарыць нічога, я папрасіла дачку схаваць кнігу і прачытала ўжо толькі пасля таго, як муж вярнуўся. Кніга мне вельмі спадабалася. Калі вы заўважыце ў мяне нейкія паўтарэнні з Дэ Вінэ (а паўтарэнні будуць — перш за ўсё ў эмоцыях), то гэта толькі таму, што мы з ёй аднолькава адчувалі расстанне і чаканне. Як, напэўна, і большасць жанчын на нашым месцы».
Мабыць, самай нечаканай і прыемнай падзеяй выставы стане сустрэча са Святланай Алексіевіч, якая адбудзецца ў суботу, 8 лютага, каля стэнда «Белкнігі» з 12.00 да 14.00. Пісьменніца прэзентуе сваю новую кнігу «Час сэканд-хэнд». Вядучы сустрэчы — генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак.
XXI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш працягнецца да 9 лютага.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева