Напачатку студзеня ў Мінску прайшоў першы этап Нацыянальнага адбора на Еўрабачанне-2018. Чаго там толькі не было: песня пра Валеру, мядзведзь у вышымайцы, рэпчык, металісты, Віктар Лупасін…
У фінал адбора прайшлі адзіннадцаць артыстаў: хтосьці з іх будзе прадстаўляць нашу краіну на «Еўрабачанні-2018». Прапануем вам агляд фіналістаў.
- Adagio
Гурт, створаны напярэдадні конкурса, складаецца з чатырох артыстаў: саліста Нацыянальнага тэатра оперы і балета Аляксандра Гелаха, лаўрэата «Славянскага базара-2010» Дзяніса Вяршэнкі, удзельніка шоу «Х-фактар» і «Голос Краіны» Андрэя Коласава і пераможца «Акадэміі талентаў» Яўгена Курчыча.
Песню «Ты і я» напісаў кампазітар і ўдзельнік гурта Aura Яўген Алейнік. Менавіта пад песню ён шукаў вакалістаў. І знайшоў.
У выканаўцаў сапраўды крутыя галасы і моцны вакал, але сама песня занадта эстрадная, старамодная, «песняроўская». Канешне, здорава, што песня па-беларуску і што беларускія артысты звяртаюцца да мовы, але гэта не асноўны складнік перамогі.
- Alekseev
Удзельнік пад нумарам два, вядомы песняй «Пьяное солнце», украінскі спявак Alekseev, яшчэ да фінала паспеў «хайпануць». Скандал разгарэўся з-за конкурснай песні «Forever», якую спявак быццам бы «засвяціў» на сваіх канцэртах. Некаторыя фіналісты нават напісалі калектыўнае пісьмо ў Белтэлерадыёкампанію з просьбай дыскваліфікаваць артыста. Але ён усё ж такі будзе выступаць у фінале нацыянальнага адбора.
Песня даволі стылёвая і фарматная. Пры ўсёй любові да краіны-суседкі, будзе крыўдна, калі ад Беларусі на конкурс паедзе ўкраінец. Няўжо сярод амаль дзесяці мільёнаў жыхароў нам няма каго адправіць на «Еўрабачанне»?
- Shuma
Нечаканы ўдзельнік нацыянальнага адбору – праект, які спалучае беларускія фолькавыя песні з электроннай музыкай. Гурт паспяхова выступае ў Беларусі і за яе межамі. Напрыклад, у бліжэйшы час музыкі будуць граць на фестывалі Talinn Music Week.
Песня «Хмаркі» – прыгожая, арыгінальная і сучасная кампазіцыя, пад якую можна танчыць на тусоўцы, ці паставіць на званок. Але наколькі яна падыходзіць для «Еўрабачання»? У песні няма дакладнага падзялення на куплеты і прыпеў, хаця ёсць так званыя loop-ы: гукі і словы, якія паўтараюцца і «заядаюць» у галаве. І варта адзначыць, што песня напісана па-беларуску. І зроблена гэта стылёва.
- Соф’я Лапіна
Маладая спявачка з Расеі выбухнула ў Беларусі, заспяваўшы кавер на песню Sonika «Новы дзень». Відэа адразу ж разляцелася па сеціве, і Соф’я атрымала некалькі сотняў беларускіх прыхільнікаў. Яна прайшла ў фінал, але адмовілася ад удзелу ў ім з-за скандала з Alekseev, патлумачыўшы, што не ўхваляе двайныя стандарты для ўдзельнікаў.
Для конкурса спявачка прадставіла песню «Gravity», якая вартая таго, каб яе паслухаць, хай яна і не ўдзельнічае ў далейшым адборы.
- Napoli
Пад такім псеўданімам выступае спявачка Вольга Шыманская – для яе гэта пятая спроба трапіць на «Еўрабачанне». Дарэчы, у 2016-м Napoli заняла другое месца ў фінале нацыянальнага адбора ў Польшчы. На жаль, спявачка не праславілася нічым іншым (прынамсі, так моцна), акрамя жадання трапіць на «Еўрабачанне».
Песня «Chasing Rushes» фарматная, але нічым не вылучаецца сярод іншых, вельмі тыповая поп-песня. Паслухаеш, і яна адразу згубіцца сярод тысячы такіх жа.
- Анастасія Малашкевіч
Артыстка Нацыянальнага тэатра оперы і балета, паспяховая ўдзельніца ўкраінскага шоу «Голос Краіны», выкладчыца вакала. Анастасія мае свой бэнд, з якім выступае на розных пляцоўках Беларусі.
Песню «World on fire» для артысткі напісаў шведскі дуэт сонграйтэраў і музыкаў Ylva&Linda.
27 песень іх аўтарства трапілі ў фінал нацыянальных адбораў у 14 краінах свету за чатыры апошнія гады. Песня атрымалася ў фармаце «Еўрабачання», вельмі бадзёрая і добра раскрывае вакальныя дадзеныя спявачкі. У такой песні есць усе шанцы скарыць cэрцы еўрапейскіх слухачоў.
- Гюнэш
Рэкардсмен па колькасці спробаў паехаць на «Еўрабачанне»: гэта сёмы раз, калі Гюнэш спрабуе прабіцца на конкурс. Гюнэш з’яўляецца артысткай Моладзевага тэатра эстрады, у 2011-м годзе спявачка была ўзнагароджана медалью Францыска Скарыны, якую даюць за дасягненні ў сферы навукі, культуры і адукацыі.
Песня «I won’t cry» неблагая, але быццам чагосьці ў ёй не хапае, нейкай рызынкі і смаку. Калі раптам Гюнэш не стане пераможцай адбору, спявачка не засмуціцца, мяркуючы па назве кампазіцыі.
- «Радиоволна»
Малады гурт, які спявае ў розных стылях: поп, рок, фанк і соул. Музыкі часта выступаюць са сваёй творчасцю і з кавер-праграмай у мінскіх клубах. З’яўляюцца ўдзельнікамі праграмы «Легенды. Live», выступалі на фестывалі «Славянскі базар» і канцэртах «Песня года Беларусі». Нядаўна запісалі альбом пад назвай «118,1», які прэзентуюць 1 сакавіка ў клубе TNT.
Песня «Subway Lines» атрымалася дужа лірычная і салодкая, але момантамі гучыць пранізліва і кранальна. Ці можа, уся справа ў шляпе.
- ALEN HIT
Алег Шчуцкі, ён жа ALEN HIT, з’яўляецца ўдзельнікам конкурса «Новая волна» і расійскага шоу «Голос». Часта выступае на клубных вечарынах у Мінску.
Песня «I don’t care» прэтэндуе стаць танцавальным хітом на клубных тусоўках Беларусі, але ці зможа яна стаць хітом «Еўрабачання» – вялікае пытанне.
- Lexy
Самая юная ўдзельніца нацыянальнага адбору Lexy (Аляксандра Ткач) другі год запар спрабуе трапіць на Еўрабачанне. Аляксандра з’яўляецца пераможцай некалькіх амерыканскіх конкурсаў (Academia Music Awards, Global Music Awards), іспанскага Festival Viva la Música, інтэрнэт-праекта «YourVoice» і паўфіналісткай праекта «Голос Балтии». Дарэчы, на першым этапе адбора спявачка выходзіла на сцэну двойчы: як сольная выканаўца, так і ў дуэце пад назвай «Single».
Песня «Ain’t you» сумнаватая і зусім не запамінаецца. Хаця нельга не адзначыць добрыя вакальныя дадзеныя Аляксандры.
- Кірыл Гуд
Кірыл Гул (Ермакоў), больш вядомы як аўтар і кампазітар для іншых выканаўцаў, вырашыў выйсці з ценю і паспрабаваць свае сілы ў адборы на «Еўрабачанне». Кірыл з’яўляецца суаўтарам альбома «К солнцу» расійскай спявачкі Валерыі, таксама артыст удзельнічаў у расійскім шоу «Голос».
Песня «Deja Vu» нагадала адразу ўсіх папулярных замежных артыстаў: Джасціна Тымберлейка, Фарэла Уільямса, Джасціна Бібера… Кірыл глядзіцца ў такім амплуа даволі арганічна, але песня атрымалася другаснай і штучнай.
Фінал нацыянальнага адбора на «Еўрабачанне-2018» адбудзецца 16-га лютага. Пачнецца канцэрт а 22.15. Паглядзець трансляцыю можна будзе на каналах «Беларусь 1», «Беларусь 24», а таксама анлайн на сайце tvr.by.
Рашэнне, хто паедзе на конкурс у гэтым годзе, будзе прымацца з дапамогай глядацкага галасавання і галасавання прафесйінага журы.
Марыя Сучкова