Паўтарагадзінная рэінкарнацыя кароткаметражкі пра ўваскрашэнне сабакі, праз якую у 84-м годзе Цім Бёртан быў прызнаны на студыі Дысней прафнепрыдатным і звольнены ў самым пачатку творчага шляху.
У школьніка Віктара Франкенштэйна гіне сабака, і юны аматар натуральных навук, натхніўшыся эксперыментамі з мёртвымі жабамі і электродамі, вырашае вярнуць гадаванца да жыцця. Сабраўшы класічную кіношную лабараторыю падстрэшнага генія з вентылятара, тостара і набору цацак, Віктар ловіць зарад маланкі ў трупік сабакі. Сабака ажывае, але герой хавае яго ад чужых вачэй, паколькі гараджане яшчэ маральна не гатовыя да з’яўлення зомбі. Аднакласнікі Віктара, даведаўшыся пра тэхналогіі вяртання памерлых звяроў у свет жывых, бедакураць і без злога намеру пачынаюць пладзіць войска монстраў. У ход падзей ўкліньваецца раз’юшаны цёмны гістэрычны натоўп жыхароў гарадку. Як гаварыцца, IT’S ALIVE.
Праз 28 гадоў ад моманту, калі дыснэеўцы дамагліся, каб Бёртан сыйшоў са студыі, Цім стаў сусветна вядомым рэжысёрам з мільёнамі фанатаў. Але ўсё-такі дыснэеўцы разумнейшыя, чым можа здацца, і пляваць, што тая ж “Аліса” здымалася іх студыяй.
Бёртан заўсёды больш быў дызайнерам і ілюстратарам, чым рэжысёрам. Калі ёсць магчымасць панаўстаўляць усялякіх пацешных вырадкаў у кадр, у Ціма атрымліваюцца добрыя фільмы. Яшчэ ён дае, мабыць, самыя нецікавыя ў свеце інтэрв’ю, а гэта нешта ды значыць. Хоць Ціму і 54 гады, адзіныя эмоцыі, якія яму ўдаецца трансляваць – вельмі дзіцячыя. І большасць сваіх карцін Цім здымае настолькі стылістычна падобнымі адно да адной, што на прапанову паглядзець яго чарговую стужку часам хочацца адказаць: “А сэнс, калі я і так некалькі яго фільмаў глядзеў?” Як быццам Вудзі Ален ва ўзросце 16-ці гадоў закансерваваў ўласныя мазгі пад узлахмачанай шавялюрай.
Не змяняючы гэтай сваёй манеры, Бёртан малюе амаль усіх персанажаў новага мультфільма так, быццам яны ўжо памерлі. Надзвычайны ж саўндтрэк кожнай нотай пераконвае што не памрэ ніхто і ніколі – ні па той бок экрана, ні па гэты. Па-за прыгожай і моцнай музыкай разгортваецца трошкі сумная гісторыя пра страту ўлюбёнца. Як часта здараецца ў фільмах Ціма, сам аповед не заслугоўвае ўвагі – гэта толькі спосаб арганізаваць у кадры найбольшую колькасць смешных герояў. А невізуальны гумар карціны застрае на ўзроўні жартаў пра ката, які спаражняцца, малюючы экскрэментамі першыя літары імёнаў таго з дзяцей, каго чакаюць важныя падзеі. Адсылкі да класікі хорару і мінулых работ Ціма выходзяць нацягнутыя і недасціпныя.
То вяртанне да вытокаў, якое гэтым мультфільмам здзяйсняе Бертон, дэманструе адно: як аўтар Цім не здольны не толькі сталець, але і элементарна развівацца. І разумеючы гэта, ён робіць тое, што сапраўды ўмее выдатна – дорыць нам чыстыя дзіцячыя настрой і эмоцыі. Накшталт успамінаў пра гады жыцця, калі можна было за тры дні паглядзець адно кіно сем разоў, зусім не адчуўшы нуды. Уласна, Цім і здымае больш-менш адзін фільм без малога ўсю сваю кар’еру. І колькі разоў можна паглядзець гэтую стужку без страты цікавасці да таго, што адбываецца – справа выключна індывідуальная.
А калі ўжо пра сваё, занадта інтымнае для вынасу напаказ, суб’ектыўнае, якое нікога не цікавіць сур’ёзна, адкрытым тэкстам і без эківокаў: Бёртан надакучыў, сіл няма.
Уладзімір Аладзьін