Мы — прыватная паліўная сетка, на 100 адсоткаў беларуская. Больш шырокае ўжыванне беларускай мовы ў абслугоўванні для нас было пытаннем часу. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і мы сёння не зрабілі нічога незвычайнага — проста прапанавалі кліентам выбар. Гэта было зроблена не з думкай пра тое, каб атрымаць нейкі дадатковы даход, а для таго, каб людзі чулі родную мову, «падлучаліся» да яе. Мы жадаем пашырыць іх моўнае асяроддзе. Гэта не бізнес, гэта — сацыяльна-культурны праект.
Паўтаруся яшчэ раз — мы абслугоўваем на дзвюх дзяржаўных мовах. Вітаем госця на беларускай мове, а калі ён жадае размаўляць па-руску, аператар пераходзіць на яе. Але ж я хачу адзначыць дзіўную тэндэнцыю: «родная мова» зрабіла нешта асаблівае — сёння да нас пачынае прыходзіць больш кліентаў. Мы, прызнацца, гэтага не чакалі. Сёння на станцыях сфарміравалася пазітыўная абстаноўка. На беларускую мову людзі рэагуюць па-рознаму — нехта пасміхаецца, нехта пытае, навошта нам гэта патрэбна. Людзям цікава! Беларуская мова вельмі прыгожая і простая. Нават расіяніну, які беларускую мову ніколі не чуў, яна будзе зразумелая, моўных асаблівасцей не шмат. Ведаеце, мы ўвогуле не адчуваем праблемы.
Хачу сказаць з вялікім гонарам — нашу ідэю «беларусізацыі» падтрымалі, а падчас падрыхтоўкі праекта ўсе шчыра ёй захапіліся. Мы пачалі больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў маркетынгавых матэрыялах, абслугоўванні. Гэта праект з перспектывай — крок за крокам мы будзем пашыраць прысутнасць беларускай мовы (канешне, па меры падрыхтаванасці людзей — кліентаў, калег і супрацоўнікаў). Падчас перамоў з расійскімі калегамі я размаўляю на рускай мове, з беларускімі — на беларускай, і, дарэчы, ім гэта падабаецца. Тут не патрэбна ніякага надрыву і прымусу. Як аказалася, беларуская мова арганічна ўліваецца ў наша жыццё. Вось ужо амаль паўгода мы ладзім для супрацоўнікаў бясплатныя курсы беларускай мовы, разам з таленавітымі выкладчыкамі курсаў «Мова Нанова», і я не зманю, калі скажу, што каля 70 адсоткаў нашых аператараў ужо стараюцца размаўляць на роднай мове.
Мы ўсе з вамі забылі родную мову — і вы, і я. Шырокае ўжыванне беларускай мовы павінна быць не ў бізнесе, а па ўсёй краіне. Давайце будзем разумнымі і прымем як належнае — калі ёсць тое, што трэба падтрымаць і адрадзіць, то хто гэта зробіць, калі не мы з вамі? Ёсць добрая фраза — тваё стаўленне вызначае тваё становішча. Калі, прасоўваючы нейкую ініцыятыву, вы мяркуеце, што да яе паставяцца негатыўна, так, хутчэй за ўсё, і будзе. Мы ж робім сваю працу з усмешкай, разуменнем правільнасці і запатрабаванасці нашых пачынанняў. І нас разумеюць.