Увосень коткі пакідаюць лецішчы ды прыходзяць на вечарыну-фарс “Восень і іншыя коткі”, якая ладзіцца ў бібліятэцы імя Цёткі вечарам у аўторак 15 верасня.
Улетку коткі жывуць на лецішчах, а восенню лецішчы пусцеюць, гаспадары з’язджаюць, а коткі застаюцца сам-насам з хуткай зімой і адсутнасцю ежы.
Арганізатар і вядоўца вечарыны, паэтка Аксана Спрынчан, знайшла сваю котку таксама на лецішчы. Котка атрымала імя Восень, а вечарына ў гонар котак – “Восень і іншыя коткі”. Вечарына мае іранічны характар з абліччам фарсу і ўжо тры гады традыцыйна праходзіць у бібліятэцы імя Цёткі, а яе арганізатары і стваральнікі – паэтычны тэатр “Арт. С”.
Усе ўдзельнікі вечарыны тым ці іншым чынам звязаныя з коткамі. Музыка Юрась Нераток выпісаў пенсійнае пасведчанне сваёй 13-цігадовай котцы, а Маргарыта Аляшкевіч прыйшла на імпрэзу з коткай, імя якой – Хвост. Таксама выступілі Вольга Акуліч і Уладзімір Сіўчыкаў ды інш.
Вядоўцы вечарыны: Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан.
Агульны дызайн залі, дзе праходзіла вечарына, – мастацкая выстава Святланы Цывількі. Героі яе твораў – вераснёўская прырода і прыгожыя закуточкі Беларусі.
Ходзяць плёткі, што вужак таксама котка, бо пацукоў ловіць.