“Краіна”, сумесная праца часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, пакінула Палессе, але так і не даехала дадому: вёска Шыпілавічы, абрад “Пятрок”, як прапусціць?
Вёска Шыпілавічы — гэта ўсё яшчэ Палессе: менавіта тут, за Салігорскам, пачынаецца мяжа, рыса паміж “проста беларусамі” і палешукамі.
— Раней у нас вакол балоты былі — паведамляюць мясцовыя, — нават рака цякла зусім у іншым месцы. І вас, з Цэнтральнай Беларусі, называлі “палякі” — таму што ў вас поле ёсць. А ў Шыпілавічах да меліярацыі поле “шукалі”, зямлі мала было.
На гэтай памежнай тэрыторыі паміж Палессем і Цэнтральнай Беларуссю яшчэ захаваўся абрад “Пятрок”: прынамсі, яго рэканструююць пяты год запар.
— Насамрэч жывых абрадаў у Беларусі амаль не засталося. Яшчэ гадоў дзесяць таму на Палессі нешта адбывалася, а цяпер засталіся толькі рэканструкцыі, у якіх абалонка ёсць, а сэнсу ўжо ніхто не адчувае, — гэта меркаванне этнографа Ірыны Мазюк. Аматарам “жывога” абраду я магу параіць фатаграфіі Ягора Вайнова, глядзець можна тут . Што да абраду “Пятрок” у Шыпілавічах…
— Мы нічога не прыдумлялі, свята “на Пятра” было ў Шыпілавічах заўсёды, проста пра яго забыліся, давялося аднаўляць па крупінках, — кажуць арганізатары Сяргей Выскварка і Анастасія Кухарэнка. — І калі столькі людзей у ім удзельнічае, значыць, жывы абрад! Наогул, у Шыпілавічах тыдзень пасля Купалля лічыўся святочным, усе весяліліся.
Стоп-стоп, як весяліліся, калі летам у вёсцы слова “праца” пішуць з вялікай літары П і ўсе працуюць ад золку і да зваліўся ў ложак?
“Гэта былі зусім іншыя людзі, маглі ноч не спаць і раніцай ісці на працу”, — мабыць, гэтыя гены спрацоўваюць выключна ў 20-гадовых у Мінску. Але ў агульным і цэлым, азіраючыся вакол, сучасныя Шыпілавічы — не Рыа-дэ-Жанейра.
— Раней у вёсцы тысяча чалавек было, а цяпер толькі трыста. Дзяцей у школу з шасці вёсак у акрузе збіралі, назбіралі толькі 88 чалавек. Якія тут святы…
Але святы ў вёсцы ёсць: іх стварае Сяргей Выскварка. Гэта чалавек-аркестр з філасофіі, жартаў, прымавак. Калі б не ён, у Любанскім раёне культурных з’яваў было б менш.
— Абрад вам цікавы? Сэнс у яго просты: жыве ў вёсцы дзяўчына, падабаецца ёй хлопец, а падысці да яго баіцца, нельга ж, агаворваць потым будуць. Выйсце? Дачакацца абраду “Пятрок”, надзець хлопцу вянок на галаву, — і да наступнага года ў іх афіцыйна аформленая сімпатыя адно да аднаго!
Абрады ў жыцці “старажытных” беларусаў — не з любові да мастацтва, а перформансы з выразным функцыяналам. Напрыклад, правёў “пахаванне стралы” — і ў твой дом дакладна не ўдарыць маланка. “Жаніцьба коміна” азначае, што ўсё, справа да зімы, пачынай тапіць печ. Шыпілавіцкі “Пятрок” акрамя функцыі сайта знаёмстваў сігналізуе, што лета пайшло на спад, час прыбіраць ураджай.
— Абрады, напэўна, дапамагалі не звар’яцець ад пастаяннай працы — і аб’ядноўвалі людзей у вёсцы. Бо адмовіцца ад удзелу ў агульным свяце нельга было, ты што, потым год успамінаць будуць. Таму была ў абрадаў і “аб’яднаўчая” функцыя.
Раней людзі працавалі нашмат больш, мелі менш — а былі весялейшыя…
Чаму весялейшыя — на гэта ў Выскваркі ёсць адказ.
“Мы ўсе хочам кожны дзень апранацца і есці як на Вялікдзень”, — словамі беларускай бабулі Бадрыяр клеймаваў грамадства спажывання, але яно нікуды не знікла. Зніклі абрады і народная культура.
Але… 12 ліпеня 2015 года, вёска Шыпілавічы, пяты, заключны дзень фестывалю традыцыйнай культуры “Пятровіца”. Я стаю і дзіўлюся: фестываль зроблены выключна на жалезнай волі арганізатараў.
— За чый кошт вашае свята?
— За наш, агульны кошт… Мы разам скінуліся, вырашылі зрабіць добры вясковы фестываль, як раней. Галоўную ролю адыгрывае Наста Кухарэнка і яе бацькі: удзельнікі фестывалю жывуць на іх участку, іх кормяць, пояць, увогуле, Вудстак таксама з нечага пачынаўся. Насці Кухарэнка паклон ад усіх нізкі да зямлі.
Разглядаючы гэтых людзей, размаўляючы з імі, я згадаў слова “адметныя”: менавіта так можна іх усіх ахарактарызаваць. “Адметныя” і “апантаныя”.
Між тым, каля Дома Культуры з’явіліся людзі, свята пачалося. Перад сцэнай зрабілі невялікі кірмаш, цэны прыемныя: пірожныя па 3500 рублёў. П’яных і алкаголю не відаць, як ні дзіўна.
Гасцей фестывалю сустракала Ніка Самафракійская па-беларуску.
Гледачоў на ранішні канцэрт 12 ліпеня прыйшло няшмат. Дзесьці грукоча “Славянскі базар”, а ў Шыпілавічах ўласная “святая” “Пятровіца” і свой рок-н-рол.
Больш за ўсё святу ва ўсе часы радуюцца дзеці.
Такім чынам, старт пятага дня фестывалю: выступалі і стары і малы. Я ж як не адмысловец адзначыў: ва ўсіх беларусаў песні сумныя, рускія на сцэну выйшлі — адразу заспявалі весялей.
Сучаснаму чалавеку цяжка гэта ўсё зразумець: не альбом Duft Punk, вядома. Для мяне гэтая музыка “зайграла” ў полі, у сваім натуральным асяроддзі. У вялікай вясковай хаце таксама зайграла.
Але бабулі канцэрт глядзяць з задавальненнем, ім музыка даспадобы.
— Моладзь захапляецца народнай культурай?
— Не.
Калі бабулькі разышліся, вясковыя хлопчыкі ў тыя ж калонкі ўключылі дабстэп.
Песні працягваліся, людзям падабалася, а мы ўсё чакалі абраду: ім трэба завяршыць паездку па Палессі, паказаць, што Палессе як у Грузіі Сванэція — адрозніваецца ад Беларусі, глядзіце, нават абрады захаваліся. Такі планавалі сэнс гэтага артыкула.
Абрад пачаўся з набажэнства. Для Беларусі гэта нармальная сітуацыя, у нас заўсёды быў сплаў хрысціянскіх і язычніцкіх традыцый. Цэрквы часта будавалі на месцы старых язычніцкіх капішчаў, а абрады “змешвалі” з хрысціянскай культурай.
Пасля набажэнства маладыя ідуць на горку, да крыжа. Тут раней стаяла царква: і зноў сплаў хрысціянства і паганства, праваслаўны крыж з пляценнем вянкоў рэдка ўжываюцца разам, але ў Беларусі гэта нармальная з’ява.
На крыжы дзяўчаты завязваюць вузельчык, загадваюць жаданне, якое абавязкова збудзецца.
Калі дзяўчаты заспявалі, на поле ўпала прыгажосць. Тут, ля крыжа, стала зразумела: народныя песні павінныя гучаць не на сцэне, а ў палях.
З песняй дзяўчаты збіралі кветкі для вянкоў.
Далей у праграме — пляценне вянкоў.
Тым часам ля Дома культуры пачынаюць рабіць “вясковую юшку” — грамадскі суп, які паспрабуе кожны жыхар.
— Так заўсёды было, так дзяды нашы рабілі, так і мы робім…
— Нехта шашлыкі смажыць, хтосьці бегае, а мы займаемся народнай культурай. Гэта хобі, задавальненне, разумееце?
Калі вянкі гатовыя, дзяўчаты ідуць па вёсцы: спяваюць, водзяць карагоды вакол выпадковых мінакоў.
Вёска насцярожана сочыць за культурнай акцыяй з-за платоў.
Бабулі радасна махаюць і плачуць ад шчасця.
— От як хораша, у нас так прыгожа не было…
Паход па вёсцы заканчваецца ля Дома культуры, дзе водзяць карагод ля вогнішча.
Вось яна, кульмінацыя моманту: вянок на галаве, аб’ект сімпатый пазначаны, засталося толькі скокнуць праз вогнішча.
Скачок з надзеяй, што з’явяцца адносіны ў пары.
Далей стрыманы пацалунак у шчаку, да наступнага “Пятра” гэтая пара павінная быць разам.
Усеагульная юшка, жарты, смех, весялосць: абрад “Пятрок” у вёсцы Шыпілавічы адбыўся!
Вогнішча дагарае, і нам час збірацца ў Мінск. Вынік наведвання фестывалю — добры адпачынак выхаднога дня. Калі пра такія мерапрыемствы будуць паведамляць у афішах, то вырвацца з вялікага горада з сям’ёй можна. Паглядзець «Пятрок», падыхаць свежым паветрам і далей па спісе.
Шыпілавічы, поспехаў, развівайце фестываль! Вельмі раю размясціцца ва ўсіх інтэрнэт-афішах, паедуць людзі да вас з Мінска.
На “Беларуснафце” ў Любані пуста, згадак пра фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца” пакуль няма, але ў межах праекта “Belarus N” (http://belarusn.by/) павінныя з’явіцца. Мы ўжо расказвалі, што запраўкі “Беларуснафты” хутка ператворацца ў аазісы турызму, з пералікам маршрутаў, падзей і сядзібаў. Абрад “Пятрок” мы рэкамендуем занесці ў спіс.
Прыехаўшы ў Мінск, не рассядлаўшы коней, ідзем пешшу ў Ракаў, шляхам кантрабандыстаў і шпіёнаў, пра што будзе наш наступны матэрыял.
Дзмітрый Навіцкі.
Фота: Глеб Малафееў.
Відэа: студыя “Чырвоны баян”
Партнёры праекта:
Інфармацыйныя партнёры: