Гурт “Крама” даў вясёлы і мілы канцэрт у “Графіці”. Варашкевіч кпіў з Саладухі і Міхалка ды прадставіў новую олдскульную рэч з будучага альбома класікаў беларускага рок-н-ролу.
Свой першы ў 2014-м канцэрт “Крама” пачала, вядома ж, з віншаванняў з Новым годам. Для музыкаў ён абяцае стаць асаблівым хоць бы з той прычыны, што яны рыхтуюць да выдання новы альбом у традыцыйным для сябе гучанні. Ігар Варашкевіч на прывітанне грае “Жыццё – дзіўны сон”, а потым колькі старых хітоў. Усе з ахвотаю падпяваюць, але чакаюць: ці пакажа “Крама” зусім новыя і не чутыя дагэтуль песні. Гучыць “Камендант”, а затым “Mein Faterland”. Варашкевіч папярэджвае, што канцэрт даецца без папярэдняй рэпетыцыі, але відавочна, што і без яе музыкі гучаць зладжана. Лідар гурта можа часам дазволіць сабе адхінуцца ад мікрафона падчас спеву, каб публіка за ім працягнула фразу: “Паднясуць табе віно і кавалак хлеба”, напрыклад. Канчаткова дарэшты запоўненая зала “Графіці” разварушыцца падчас дылогіі “Стэфка” – пасля з’яўлення “Стэфкі праз 20 год” яны разам з арыгінальнай “Стэфкай”, “бондаўскіх” яшчэ часоў, выконваюцца заўжды разам і без паўзы між песнямі.
“Дзяўчынку са шклянымі вачыма” Варашкевіч прадстаўляе як песню вельмі сумную, але пры гэтым рамантычную. Яе можна прыняць за нявыдадзены “крамаўскі” рарытэт пачатку 90-х, аднак не – яна ўвойдзе якраз у гэты самы новы альбом гурта. Нечакана Ігар згадвае пра Саладуху і выказвае шкадаванне, што таго не адправілі на “Еўрабачанне”, бо рокер уразіўся вобразам гіганцкага матыля, у якім паўстаў поп-спявак. “Але не будзем яго крыўдзіць, ён жа “Краму” любіць”, – заўважыў Ігар і практычна прысвяціў Саладуху песню “Неба – лёс арла”, бо “ён жа арол!”
Самы інтрыгоўны момант у канцэрце “Крамы” прыспеў. Даўно такога не было, каб музыкі ўпершыню прадстаўлялі са сцэны сваю песню. Новы твор завецца “Вышэй за дахі”, словы да якога напісаў Зміцер Лукашук. “Пра што песня, не пытайцеся, бо яна ні пра што. Напэўна, пра нейкую дзяўчыну, халера яе ведае”, – шчыра пераказаў яе змест Варашкевіч. Пасля прэм’еры спявак дадаў, што яму падабаецца рабіць олдскульныя рэчы і ён разумее, што такое на радыё не возьмуць. “Хай не бяруць, мы будзем да канца жыцця ў “Графіці” канцэрты даваць. І, дарэчы, гэта не найгоршы варыянт. Бо публіка тут збіраецца найлепшая!”
У пэўны момант Варашкевіч актыўна заклікае наліваць піўко ды гарэлачку. Гэта знак таго, што загучыць песня, без якой вось ужо 20 год не абыходзіцца ніводзін канцэрт гурта – “Гэй, там, налівай”. “Крамаўцы” любяць згадваць гісторыю з часоў расійскіх гастроляў, калі да іх падышоў вакаліст гурта “Технология” Рома Рабцаў, каб пахваліць за выдатную песню пра геяў. “Чыкага найтс” Варашкевіч прадставіў як улюбёную песню гурта “Палац”, што часткова тут прысутнічаў у асобе Юрася Белякова. Яшчэ адзін удзельнік “Палаца”, Андрэй Цераховіч, таксама быў на канцэрце, аднак ужо ў якасці ўдзельніка. Зусім нядаўна ён замяніў Андрэя Філатава, які сышоў праз татальную занятасць.
Варашкевіч у гэты вечар лёгка кпіў не толькі з Саладухі. “Я вось думаю, можа, таксама “Рускі альбом” запісаць, – казаў ён з усмешкаю. – Можа, тады запросяць у Вільню ці ў Кіеве на Майдане выступіць”. Лідар “Крамы” пажадаў усім добрым людзям больш шчасця і свабоды ў новым годзе, хоць і прызнаўся, што не ўяўляе, як гэта павінна выглядаць, і паабяцаў радаваць новымі песнямі на кожным канцэрце па меры таго, як яны будуць дапісаныя. На наступным выступе 25 лютага “Крама” рыхтуе яшчэ як мінімум дзве прэм’еры.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Яўген Ерчак