Цяперашняя Вераніка Круглова ўпэўненая ў сабе, ёй утульна на сцэне і ў жыцці і, здаецца, яна цалкам шчаслівая і гэтымі пачуццямі шчыра дзеліцца са слухачамі падчас сваіх рэдкіх візітаў у Беларусь. Гурт Kriwi перажыў шмат трансфармацыяў, на пэўны час спыняў існаванне, але цяпер жыве, пачуваецца вельмі добра і, здаецца, гатовы да адкрыцця новых даляглядаў. 16 кастрычніка ў мінскім Моладзевым тэатры эстрады можна было паглядзець на метамарфозы, якія адбыліся з песнямі гурта апошнім часам і зарадзіцца неверагоднай энергіяй беларускага фальклору.
Вераніка Круглова
Вераніка Круглова і гурт «Гаротніца»
Ужо на першай песні гурта «Гаротніца», які выступіў перад Kriwi, з’явілася і сама Вераніка: ў капялюшыку-клош, адпаведным строі ў стылі 20-х і з валізай у руках, быццам паказваючы: я зноў да вас прыехала.
Вераніка Круглова і гурт «Гаротніца»
Андрэй Такінданг
Тым часам «дэструктыўны пажарны аркестр з жаночым вакалам» «Гаротніца» радаваў публіку сваімі песнямі. Спалучаючы шматстайнасць гукавога аздаблення (тут і домра, і гітара, і шэраг духавых) з разнастайнымі стылістычнымі формамі (рэгей, джаз, клезмер), гурт выдае цікавы і своеасаблівы гук, які падкрэсліваюць цудоўны вакал і какетлівая вытанчанасць Валерыі Валадзько і бясконцая жыццярадаснасць Андруся Такінданга. Музыкі ўвесь час кажуць, што граюць маргінальную і дэструктыўную музыку, але сярод шалёнага пазітыву гурта толькі зрэдчас прабіваюцца гаротныя ноткі, узмоцненыя кларнетам, што ные, і сумнай валторнай.
гурт «Гаротніца»
Увадначас стала цёмна, і пачаўся доўгі клавішны ўступ пад суправаджэнне відэашэрагу: гэта вядомы беларускі музыка Канстанцін Гарачы, удзельнік гурта Apple Tea, далучыўся ў гэты вечар да Kriwi і дадаў джазавай экспрэсіі фолкавым песням гурта. Зрэшты, цяперашняе гучанне Kriwi і так цяжка назваць проста фолкам: гурт эксперыментуе, адаптуе песні ў адпаведнасці з сучаснымі павевамі. «Вутачка й селязень» з джазавага рэчышча перацякла ў завадны рэгей, а Вераніка гэтым разам (але не апошнім) пераапранулася ў яскравую афрыканскую сукенку.
Сюрпрызы толькі пачыналіся. «А ў ляску» некалькі разоў змяняла тэмп ад эстрадна-джазавай з прыгожай скрыпічнай партыяй Карэна Карапецяна да класічна фальклорнай і, нарэшце, амаль да кантры. Песня «Коцік», якую доўга прасіў адзін з гледачоў, увогуле пастала ў якасці кабарэ-версіі, якая плаўна ператварылася ў вядомы хіт Бобі Макферына «Don’t Worry, Be Happy». Ды й сама Вераніка з лёгкасцю змяняла зіхоткую ўсмешку ледзь не да пакутніцкіх слёз («Царкоўка») і галашэння («За туманам»).
Былі яшчэ драйвовая «Усе лугі», нямецкамоўная версія «Зязюля-зязюля», клубная «Агу, вясна». Але самы кранальны момант чакаў усіх у канцы. Вераніка паклікала да сцэны ўсіх малых дзетак (у тым ліку і сваіх), якіх было шмат на канцэрце, і разам з імі праспявала калыханку: «Гушкі, гушкі, прыляцелі птушкі, селі на варотах у чырвоных ботах». Напэўна, у гэты момант не было на свеце больш шчаслівых людзей, чым Круглова і дзеці побач з ёй. Выканаўшы пасля яшчэ адну песню, з пачуццём поўнага задавальнення Kriwi пакінулі сцэну, а гледачы — залю…
Вераніка Круглова
Пасля канцэрту хацелася даведацца ў Веранікі, калі чакаць новага альбому, калі і дзе будуць наступныя канцэрты, але… не хацелася перарываць ідылію і супакаенне. Мы і так ведаем, што альбом запісваецца, а гурт гатовы даваць канцэрты, але на ўсё свой час.
на першым фота – Вераніка Круглова