У літаратурны музей Максіма Багдановіча перадалі рэліквію, што належала каханай паэта.
На імпрэзе ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча “Планета кахання” супрацоўнікі прэзентавалі рэч, што не належала пісьменніку. Але асоба, што мела яе ў гаспадарцы, моцна паўплывала на Максіма.
Цяпер у фондах ёсць стогадовы куфар спадарыні, у якую быў закаханы Багдановіч. Гэты экспанат супрацоўнікі музея атрымалі з Пецярбурга зусім нядаўна, але чакалі яго дзесяць гадоў. Каштоўнасць рэчы ў тым, што яна належала Ганне Рафаілаўне Какуевай, спадарыні, якую багдановічазнаўцы лічаць правобразам Веранікі і натхняльніцай верша “Зорка Венера”. Ёй жа прысвечаная і паэма “У вёсцы”.
“З Ганнай Какуевай Багдановіч пазнаёміўся ў Яраслаўлі, яна была сястрой яго аднакласніка. Вядома, што гэтай дзяўчыне Максім прысвяціў шмат вершаў. У паэтычных вобразах паўстае яна сама і пачуцці паэта да яе”, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Мышкавец.
У лісце да Ластоўскага Багдановіч пісаў: “На рэдакцыю “Нашай Нівы” высылаю паэму “У вёсцы”, першую з аддзела “Мадонны”, гэты аддзел прысвячаю А.Р.К. Так толькі літары і пастаўце”. І доўгі час было невядома, каго паэт хаваў за такімі ініцыяламі.
Пасля Яраслаўля Максім і Ганна раз’ехаліся і больш не пабачыліся ніколі.
Галоўны бібліёграф бібліятэкі БССР Ніна Ватацы займалася Багдановічам, але не па працы, а па асабістым жаданні. Ватацы адшукала многіх нашчадкаў сям’і Багдановічаў, яго сяброў, завязала стасункі з імі і атрымала каштоўныя фотаздымкі, рэчы і кнігі. Знайшла Ватацы і сына Какуевай Мікалая Лілеева з Санкт-Пецярбурга. У лісце ён напісаў, што мае фотаздымак з аўтографам і рэчы сваёй маці, якія могуць зацікавіць музей. Дзякуючы іх ліставанню ў Беларусь вярнуўся “Вянок” Максіма Багдановіча, які ён уручыў свайму сябру Мікалаю, і фотапартрэт паэта 1911 года. Здымак Максім падарыў Ганне.
Імаверна, такі ж здымак Максім падпісаў радкамі паэмы.
“На “Вянку” дароўны надпіс “Мікалаю Рафаілавічу Какуеву ад аўтара”. А на абароце фотаздымка таксама быў аўтограф Багдановіча — пачатак паэмы “Вераніка” на расейскай мове. Гэты асобнік знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, а фотаздымак Ніна Ватацы падарыла музею падчас адкрыцця”, — гаворыць Мышкавец.
Пасла ўжо супрацоўнікі музея працягвалі камунікаваць з сынам Ганны Какуевай. Цяпер у музеі некалькі соцень рэчаў гэтай сям’і: фотаздымкі, паштоўкі, шкатулка і іншыя. “Мікалай Лілееў пагадзіўся перадаць куфар музею, але перавезці такі вялікі прадмет амаль у метр даўжынёй раней усё ніяк не выпадала”, — кажа Ірына.
На куфры зверху цвічкамі выбітыя ініцыялы А.К. — то бок гэты куфар ёй набылі да замужжа, а па сямейнай легендзе менавіта з ім Ганна адправілася ў Пецярбург вучыцца ў кансерваторыі.
“Вельмі сімвалічна, што гэты куфар мы атрымалі сёлета, калі 24 красавіка споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Какуевай”, — падкрэсліла Мышкавец.
У поўным зборы твораў Багдановіча можна знайсці чацвярны акраверш, прысвечаны каханай дзяўчыне:
Ах, как умеете Вы, Анна,
Не замечать, что я влюблен.
Но все же шлю я Вам не стон,
А возглас радостный: осанна!
(Першыя і апошнія літары ў радках утвараюць імя.)
Марыя Грыц