Выйшаў другі нумар часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, прысвечаны мадэрнізму. У ім змешчаныя пераклады 40 аўтараў з 15 моваў.
Назва нумару – “Кухня мадэрнізму” – акрэслівае яго канцэпцыю. Змест падаецца ў выглядзе меню, дзе чытачы могуць выбраць страву сабе па гусце: у раздзелах “Салаты”, “Закускі”, “Дары мора”, “Супы”, “Гарачае”, “Дэсерты”, “Напоі” і “Цыгарэты” змешчаныя тэксты, што прэзентуюць самыя разнастайныя кірункі мадэрнізму і эстэтычныя праграмы. У раздзеле “Кава і да кавы” – інтэрв’ю з амерыканскай паэткай Эмі Лоўэл 1916 году “Чым новая паэзія адрозніваецца ад старой”, дзе пісьменніца разважае пра рэформу паэзіі і новыя шляхі літаратуры. Раздзел “Гарнір” месціць артыкулы, прысвечаныя творчасці аўтараў нумару, а таксама рэцэнзію Ганны Янкута на анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах “Галасы з-за небакраю”. У раздзеле “Рэцэпты” чытач знойдзе мадэрнісцкія маніфесты (“Першы маніфест футурызму” Ф. Т. Марынэці, “Маніфест да першага вечара дадаізму” Хуга Баля, прадмову да п’есы “Грудзі Тырэсія” Гіёма Апалінэра, дзе ўпершыню прагучала слова “сюррэалізм” і абгрунтаванне яго эстэтычных прынцыпаў), нобелеўскую лекцыю Ўільяма Батлера Ейтса “Ірландскі тэатральны рух”, а таксама эсэ Міхаіла Кузміна і Мікалая Гумілёва; апошняе прысвечанае паэтычным перакладам і адкрывае на сайце раздзел “Семінар”.
Раздзел “Страва ад шэфа” прэзентуе майстар-клас гэтага нумару і змяшчае інтэрв’ю з Андрэем Хадановічам, куды неўзабаве будзе дададзенае відэа.
У нумары 12 паэтычных падборак, у якіх – як творы аўтараў, што раней перакладаліся на беларускую мову (Ў. Б. Ейтс, Г. Апалінэр – гэтыя падборкі змяшчаюць і ранейшыя пераклады, і новыя, Б. Лесьмян, Л. Стаф), так і аўтараў, з якіх на беларускую мову або перакладаліся адзінкавыя творы, або не перакладаліся зусім, – перш за ўсё гэта адны з самых значных паэтаў нацыянальных літаратураў Партугаліі (Фэрнанду Пэсоа), Англіі (Алфрэд Эдвард Хаўсмэн), Амерыкі (Эмі Лоўэл), Нідэрландаў (Ян Якаб Слаўэрхоф), Украіны (Багдан-Ігар Антоныч) і інш. Ёсць таксама дзве падборкі, якія прэзентуюць нямецкамоўную мадэрнісцкую паэзію (пераклады Васіля Сёмухі) і мадэрнісцкую паэзію Швецыі (пераклады Алесі Башарымавай).
У раздзеле “Проза” – апавяданні Дэвіда Герберта Лоўрэнса, Марыю дэ Са-Карнэйру, Георга Гайма, Стыга Дагермана, Вірджыніі Вулф, Данііла Хармса, Міколы Хвылявога, а таксама Ладзіслава Кліма, кніга якога ў перакладах Макса Шчура мае неўзабаве выйсці.
Драматургія прадстаўленая п’есамі Вацлава Гаўла “Пратэст”, Міколы Куліша “Народны Малахій”, Рэймона Радыге “Пеліканы” і драмай абсурду Станіслава Ігнацы Віткевіча “Шаўцы”.
У раздзеле “Спадчына”, што актуалізуе ранейшыя пераклады, змяшчаецца кніга Сэсара Вальехі “Чорныя геральды”, што выйшла ў 1993 годзе ў перакладзе Рыгора Барадуліна, падборка апавяданняў Франца Кафкі ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, аповесць Стэфана Жаромскага “Верная рака” ў перакладзе Міхала Дубянецкага і апавяданне Джэймса Джойса “Прыкрае здарэнне” ў перакладзе Ігара Бабкова.
Пераклады пераможцаў конкурсу, што ладзіўся часопісам, змешчаныя асобнай падборкай.
Трэці нумар часопіса “ПрайдзіСвет” мае быць містычна-калядным. Да гэтага нумару таксама будзе прымеркаваны перакладніцкі конкурс.