На падворку прыватнага музея ў Януша шмат гасцей. Нехта шукае сабе крэсла, нехта разглядае старыя сячкарні, бочкі, пакінутыя без даху над галавой, вынесены для антуражу патэфон.
У рамках кампаніі “Культура паляпшае жыццё” ад “Будзьма беларусамі” тут праходзіць чарговая сустрэча з цыклу, прысвечанага культурным ды субкультурным формам жыцця ў Горадні ўчора і сёння.
— Кажуць, чалавек культурны, калі ходзіць штотыдзень у тэатр. А што наконт хаджэння ў рэстаран? — вітае гасцей вядоўца Хрысціна Марчук. — Нашая сустрэча са спадаром Янушам акурат прысвечаная гэтай далікатнай тэме, бо ён мае вялікі досвед (смех публікі)… я па добраму! Маю на ўвазе, як даследчык!
Размова пачынаецца з першага паходу Януша ў рэстаран у 15 гадоў, ідзецца пра лікёры, цэны ў рублях і капейках, Янушавага сябра Халоднага, дзеці якога сталі музыкамі (Паруліс як карэнны гарадзенец шчыра здзіўляецца, што прысутныя іх не ведаюць). З залы час ад часу чуваць рэплікі-папраўкі:
— Кава з каньяком — 51 капейку каштавала!
— А які гэта год?
— А што гралі?
— За што заплацяць — тое і гралі. Карацей, яны былі малайцы, — Януш расказвае гісторыю, як Чэслаў Немен прапаноўваў яму набыць гітару, але Паруліс не купіў, бо не ўмеў граць. Цяпер моцна пераймаецца, што прапусціў экспанат для музея…
“Беларусь” славілася бойкамі ды стралянінай
У размову ўключаецца грунтоўны мастадонт ад вывучэння горада Віктар Саяпін, якому таксама ёсць што сказаць пра пітную культуру:
— Пасля вайны ў Горадні было два рэстараны. Адзін на Гараднічанскай, 20, былы знакаміты “Раяль”, пасля “Аўрора” і ўрэшце — “Нёман”. Другі з іх — рэстаран “Беларусь”, на рагу Віленскай, Савецкай ды Ажэшкі. Ну і рэстаран на вакзале яшчэ — але гэта асобная песня… Мой улюбёны ў часы юнацтва!
“Рэстаран “Нёман”, паводле Саяпіна, лічыўся элітным. Наведвалі чыноўнікі, вайскоўцы — тыя, хто меў грошы. Вось яны і любілі там бавіць час. Граў добры аркестр, прафесійныя музыкі, якія гралі там яшчэ з даваенных гадоў.
— А “Беларусь”, — працягвае Віктар Юр’евіч, — быў для сярэдняга класу і ніжэй. Па вайне ён славіўся пастаяннымі бойкамі ды стралянінай — пісталетаў жа шмат было, нават у дзяцей. Януш можа пацвердзіць, што ў той час сярод пацаноў, калі ты не меў зброі — ты проста не глядзеўся
Польская кухня ды “Зубр”— “Скаціна”
Саяпін згадвае, што ў Горадні быў яшчэ і польскі рэстаран. Там, дзе некалі была скандальная “Беларусь”, зачыненая па шматлікіх просьбах, адчыніўся “Беласток”. Польская кухня, інтэр’еры, аформленыя палякамі, мясцовыя кухары вучыліся таксама ў Польшчы. Месца карысталася папулярнасцю, таму існаваў своеасаблівы чэк-бар, альбо уваходны білет, на які ты мог адразу нешта ўзяць — паўтара рублі. Але купляць трэ было за два-тры дні!
Былі і гіганты ў савецкай рэстараннай сістэме. Напрыклад, “Зубр”, які ў народзе называўся “Скаціна”. Не проста рэстаран, а цэлы комплекс грамадскага харчавання. На першым паверсе вялікая кавярня ды крама “Кулінарыя”. На другім — дыетычная сталоўка. Рэстаран — ужо на трэцім (наконт парадку паверхаў сярод гасцей узнікаюць спантанныя спрэчкі).
“П’яны кут” — для стомленых пралетарыяў
— Ці правільна я разумею, што ў 70-х рэстаран ужо не быў раскошай, а цалкам сацыяльнай з’явай? — цікавіцца Хрысціна ў Саяпіна
— Так, гэта было месца, дзе бавілі час. У горадзе пара кінатэатраў, клубаў, адзін тэатр… ну і была такая з’ява як “П’яны кут” на развязцы Гарнавых і Савецкіх памежнікаў, дзе працоўныя пасля цяжкога дня адпачывалі, так скажам. На кожным куце там стаялі піўнушкі. А Занёманскі раён акурат быў прамысловым…
Размова пераключаецца на фруктовыя віны, альбо “чарнілы”. Самае таннае віно — “фруктовіч” як казалі ў народзе, — каштавала 82 капейкі. Але тады фруктовыя віны былі насамрэч натуральнымі.
— На Савецкай была крама №5, там куплялі “фруктовіча” — і ў кішэнь! — весела кажа Саяпін, — Адтуль — у суседні будынак “Бліннай” (сучасны рэстаран “Раскоша”) і пілі ўжо там. Разлілі бутэльку пад сталом на траіх (на траіх акурат добра разліваецца — да “марусінага паяску” на стакане), выпілі ды закусілі блінчыкамі!
“Піўныя куты” і фруктовыя віны — сведчанне поўнай адсутнасці культуры ўжывання алкаголю, піва ў першую чаргу. Напрыканцы Савецкага Саюза гэтая з’ява стала масавай. Акурат іх называлі “ташнілаўкамі”. Гэта былі мужчынскія ўстановы, дзе мужчыны сустракаліся, каб пакамунікаваць, але заканчвалася гэта ўсё ўжо па-рознаму… Зноў жа, праз адсутнасць культуры піцця.
Казаць таксістам “Адвязіце на Кубу!”
У размову ўключаецца Хрысціна Хомбак, першы арт-дырэктар бара “Куба” (там Януша некалі бясплатна пачаставалі півам за падабенства да Хэмінгуэя), уносячы ў дыскусію подых сённяшняга дня.
— У нас у асноўным п’юць піва, прыходзяць па атмасферу па прынцыпе: “зайду ў бар, сустрэну таго і таго”, неабавязкова сяброў, але тых, з кім не супраць камунікаваць. Нумар адзін па продажах — лідскае бюджэтнае піва. Мы спрабавалі прапагандаваць таксама тэму кавы і гарбаты, аднак піва застаецца на першым месцы. Бярэш бакал і цягнеш яго гадзіну — ёсць час паразмаўляць. Наступная гадзіна — наступны бакал.
“Куба” — адзін з нешматлікіх у горадзе тэматычных бараў з уласным тварам ды сталым колам наведвальнікаў. Канцэпцыі афармлення дакладнай спачатку наогул не было. Аўтарам хацелася, каб было пашарпана, танна, без белых палоў, абрусаў ды ўсяго празрыста-шклянога. А назва мелася быць простай і лаканічнай, з ненавязлівай аналогіяй з “выспай свабоды” да каб таксістам было прыкольна казаць: “Адвязіце на Кубу!”
Чаму не згадаць “Раяль” або цукерню Катоўскага?
Раман Бараноўскі з месца прапаноўвае адшукаць мелодыі, якія былі папулярныя ў рэстаранах перадваеннай Горадні. Да размовы падключаецца Януш, згадваючы, што мае купу старых нотаў, пласцінкі ды патэфон.
— Сапраўды, Раман закрануў вельмі важную тэму — у нас няма традыцыяў, — канстатуе Саяпін, — Толькі бар “На тэлеграфнай” захаваў ад пачатку не толькі месца і назву, але і фірмовае блюда — кураня табака, як у 70-я.
Гісторык прыводзіць у прыклад мост у Нямеччыне, якому 600 гадоў. Побач з ім — карчма, якую зладзілі для будаўнікоў моста. Фірмовае блюда ўжо 600 гадоў — дзве сасіскі ды куфаль піва. З усёй Еўропы туды едуць каб паглядзець ды пакаштаваць.
— У нас жа аніводзін рэстаран не можа пахваліцца традыцыямі. Даваенныя рэстараны: “Раяль”, “Еўропа”, цукерня Катоўскага, кавярня Леанарда Шыпоўскага — чаму б гэта не ўспомніць? На міжнароднай выставе кандытараў у Ніцы ў 30-х гарадзенская кавярня “Арыент” атрымала залаты медаль на гэтай выставе — за фірмовыя ўсходнія стравы! Цяпер гэта не ўкладаецца ў галаве!
— Віця, ты кажаш пра традыцыі? — перарывае Паруліс, — Бачыш, у мяне вісіць Нептун — з аднайменнага рэстарана? Набыў за 500 тысяч у валацугаў, якія цягнулі на металалом. Вось табе і традыцыі!
Размова зноўку выходзіць з канцэптуальнага рэчышча, перацякаючы ў настальгію старых сяброў, знаёмых альбо наўпрост сведак старой Горадні, якім ёсць, што згадаць:
— Раскажы пра “Сосны”!
— О, “Сосны”…
— А афіцэрская сталоўка?
— Ого, памятаю…
Няма традыцыяў? Будуць “п’яныя куты”…
Сапраўды, калі ў старыя сцены засяляецца новы рэстаран — усё ламаюць, перарабляюць і даюць новую назву. Ніводзін рэстаран у горадзе з 1000-гадовай гісторыяй (!) не можа пахваліцца старым інтэр’ерам, назвай, традыцыямі. Два-тры гады — і чарговая піўнушка закрыецца, каб саступіць месца наступнай — і так далей. У той час як пісьменная гульня з пітной культурай і пітнымі традыцыямі з’яўляецца адным з турыстычных брэндаў у Еўропе. Беларусь як і Горадня пакуль можа пахваліцца, на жаль, толькі традыцыямі “п’яных кутоў”…
Мажлівасці, аднак, відавочныя. Яскравы прыклад — атмасферны бар “Куба”, арганізаваны нібыта насуперак папсовым піўнухам у старым цэнтры горада — па сутнасці тым жа “піўным кутам”, толькі з чыстымі прыбіральнямі ды паголенымі афіцыянтамі. А для жывой і цікавай рэстараннай культуры, якая прыцягвала б у горад турыстаў, трэба ж не так і шмат: распытаць у гісторыка Саяпіна пра інтэр’еры “Раяля” ці кавярні Шыпоўскага ды набыць у калекцыянера Паруліса купу старыя ноты ды патэфон.
Алесь Кіркевіч, фота Аляксандра Саенкі