Чытка п’есы Віталя Каралёва “Участковыя” — частка праекта Цэнтра беларускай драматургіі, падчас якога сучасныя тэксты для тэатра прэзентуюць у спецыфічных нетэатральных прасторах. Прыватны тэатральны кватэрнік — напэўна, самы банальны спосаб выйсці за межы звыклай тэатральнасці. Самы банальны і, напэўна, самы эфектыўны.
Я ведаю працэс падрыхтоўкі праекта: спачатку была амбіцыя зрабіць чытку ў міліцэйскім пастарунку. Але выбар быў зроблены на карысць прыватнай кватэры ў Асмалоўцы. Яна не адпавядае ўбранню кватэры, апісанай у п’есе, дзе гаворка ідзе пра забойства ў заможнай кватэры элітнай новабудоўлі. Але адбываецца вельмі цікавая рэч…
П’еса напісаная ў апавядальнай манеры, галоўны герой нібыта расказвае гледачам сваю гісторыю, у якую ўплятаюцца рэальныя героі. Падчас чыткі галоўны герой у выкананні Арцёма Курэня заходзіць у пад’езд, дзе яго чакае публіка. Тэкст даецца ў яго падачы, часткова праз аўдыёзапіс, праз жывыя дыялогі з партнёрамі.
З самага пачатку здзіўляешся паставе галоўнага выканаўца. Ён быццам вельмі хваляваўся перад публікай. У сваёй цывільнай вопратцы ён не надта нагадваў звыклы вобраз міліцыянера. На абмеркаванні драматург патлумачыў, што ўчастковымі робяцца, як правіла, выпускнікі ВНУ — кшталту гістфака ці філфака, таму рафінаваны выгляд Арцёма Курэня трапіў у вобраз.
У пад’ездзе глядзець спектакль нязвыкла. Вузка і цесна. Герой з’яўляецца эфектна, але кожная хвіліна расцягваецца.
Пасля невялічкага intro мы нарэшце аказваемся перад уваходам у кватэру, дзе, мы так разумеем, адбылося забойства. Як толькі нас запускаюць у памяшканне, атмасфера змяняецца. На падлозе крэйдай абведзены сілуэт. Гледачы праходзіць праз калідор у пакой, адкуль чуваць гукі выбухаў (нехта сядзіць за камп’ютарам і грае ў WOT), галоўны герой сядзіць за сталом. Усе расселіся, і тут заходзіць іншы чалавек, садзіцца насупраць галоўнага героя. І тут мы разумеем, што прысутнічаем на допыце.
Сцэна, якую разыгрываюць Ілля Ясінскі і Арцём Курэнь, робіць вельмі глыбокае ўражанне. Ліпкае адчуванне небяспекі робіцца зусім сціплымі сродкамі. Ясінскі ленавата, абыякава ўдакладняе дэталі. Курэнь імкнецца спакойна, не хвалюючыся, распавесці ўсё як было. Але ці то праз вельмі маленькае памяшканне, што мы можам нават дакрануцца да выканаўцаў, ці то праз саму сітуацыю допыту (хоць галоўны герой наўрад ці пад следствам, хутчэй нават сведка).
Самы галоўны момант у мастацкім творы — калі галоўны герой раптам змяняе свае паказанні, і сведчыць так, што ў яго партнёра, напарніка могуць быць праблемы, акцёры разыгрываюць як бы між іншым, не робячы ніякага на тым акцэнту. Пасля спектакля гэта выклікала дыскусію, маўляў, як так адбываецца, што такое ўвогуле можа сёння ўспрымацца нармальна. Настолькі гэта насуперак традыцыйнаму ўспрыманню сяброўства і таварыства, у якім наша грамадства выхоўвалася, напрыклад, усе савецкія часы. “Сам погибай, а товарища выручай”.
Арганізатары чыткі расказвалі, што перад імі таксама паўстала гэта пытанне, наколькі герой лёгка сягае на “цёмны бок”. Без прымусу, без асаблівай пагрозы. Але тое, у якой атмасферы адбываўся гэты самы допыт, скрадвае напружанне. Ідэя рэжысёра Алены Сілуцінай была ў тым, што герой Курэня быццам бы нават не ўсвядоміў, што зрабіў, і гэтае ўсведамленне адбываецца ўжо падчас самога спектаклю.
Прызнаюся шчыра, што мяне вельмі ўзрушыла пабачанае. Менавіта ў аспекце таго, што нядаўнія адназначна амаральныя ўчынкі сёння могуць успрымацца цалкам натуральна. Амаральныя ўчынкі ў амаральных абставінах. Колер сцяга і мова раптам зрабіліся важнейшымі, чым тое, як мы стасуемся з уласнымі сябрамі. Абарона аўтарскіх правоў стала важнейшай за творчасць.
П’еса В.Каралёва ўяўляе сабой такі меладраматычны мінімалізм (нечым нагадвае пілотную серыю новага мянтоўскага серыялу), зробленая такімі самымі мінімалісцкімі сродкамі, яна раптам выяўляе, што нават на такім элементарным узроўні грамадству бракуе нейкіх важных унутраных сувязяў. Мы ўцямна не можам патлумачыць, што трымае нас разам.
Невыпадкова п’еса так пранізліва загучала менавіта ў камернай кватэрнай абстаноўцы. Упэўнены, што нават на невялікай сцэне Тэатра беларускай драматургіі шмат якія сэнсы гэтага спектакля зніклі б. “Кватэрнае пытанне”, па словах Булгакава, сапсавала масквічоў, дык, можа быць, не на плошчы, не ў буйных залах, а менавіта па кватэрах і неабходна шукаць тое, што нас яднае?
Аляксей Стрэльнікаў