Адразу пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе распачалося змаганне між новапаўсталымі дзяржавамі за спрэчныя памежныя тэрыторыі. Вышэйшая Рада Антанты (створаная 11 лістапада 1917 г. у складзе кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і ЗША і па аднаму міністру з кожнай краіны) старалася, як магла, стрымаць вакханалію войнаў: прапаноўвала, часам навязвала мірную дэмаркацыю межаў, праводзіла апытанне (плебісцыты) мясцовых жыхароў, пры неабходнасці ўводзіла свае войскі ў канфліктныя раёны.
Межы Польшчы на 1920 год
Ваяўнічых нацыяналізмаў «не спыніць, не стрымаць»
Ваяўнічых нацыяналізмаў, якія апынуліся зусім блізка да спаўнення запаветнай мары — стварэння ўласнай дзяржавы — ужо было «не спыніць, не стрымаць». Плебісцыты прызнаваліся толькі, калі яны былі на сваю карысць, пасярэдніцкія рашэнні Антанты ігнараваліся ці сабатаваліся, а ўсё вырашала колькасць дывізій (паводле выразу Юзафа Пілсудскага). Войскаў самой Антанты было недастаткова, каб спыніць, развесці праціўнікаў, бо салдаты, прайшоўшы праз жахі сусветнай вайны, папросту не хацелі больш ваяваць.
Як усплыла справа Лініі Керзона
Самым цяжкім і крывавым змаганнем за новыя межы стала польска-савецкая вайна 1919-1921 гадоў. Падчас яе і ўсплыла справа г. зв. Лініі Керзона.
Яна звязаная са спробай Антанты спыніць буйны бальшавіцкі контрнаступ, які пачаўся 4 ліпеня 1920 г. Ужо на наступны дзень польскі ўрад звярнуўся па дапамогу да Вышэйшай Рады Антанты, якая якраз праводзіла канферэнцыю ў Бельгіі, у Спа. 11 ліпеня 1920 г. брытанскі міністр замежных спраў лорд Джордж Керзон выслаў бальшавіцкаму наркому Чычэрыну ноту з патрабаваннем спыніць наступ на дакладна акрэсленай дэмаркацыйнай лініі. У выпадку адмовы Антанта пагражала падтрымаць Польшчу «ўсімі наяўнымі сродкамі».
Польскі міжваенны плакат. Фота: Archiwum Państwowe w Radomiu (szukajwarchiwach.gov.pl )
Лінія размежавання варожых войскаў была вызначаная «з запасам», амаль на 300 км далей на захад ад лініі баявога сутыкнення, каб даць бальшавікам час «затармазіць»: прыняць рашэнне і спыніць войскі (11 ліпеня бальшавіцкія войскі занялі Мінск). Ніякіх гістарычных, этнічных (моўных) падстаў і абгрунтаванняў гэтая лінія не мела і была выключна сітуацыйна-тэхнічнай. Праходзіла ўсяго ў 10 км на захад ад Гародні (этнічная мяжа, як і гістарычны Гарадзенскі павет, сягалі нашмат далей на захад, пад Беласток), а ў Берасці ўвогуле ішла па гарадской ускраіне.
Бальшавікі Керзона «паслалі», бо былі на ўздыме, наступалі, перамагалі і бачылі паход на Польшчу як кавалак дарогі да Заходняй Еўропы, дзе нібыта рабочы клас толькі іх і чакае, каб паўстаць. Само сабой, па планах бальшавікоў, польскія працоўныя таксама з нецярпеннем чакалі чырвоныя войскі. Польскае кіраўніцтва таксама не прыняло лінію Керзона, бо мела нашмат «шырэйшыя» планы адносна мяжы на ўсходзе.
Бальшавікоў спынілі і пагналі назад пад Варшавай, па Рыжскай дамове польска-савецкая мяжа прайшла амаль на 300 км далей на ўсход, перарэзаўшы «па-жывому» Беларусь з Украінай і, здавалася, лінія Керзона, як кажуць, «адышла ў нябыт».
Усталяванне рэальнай беларуска-польскай мяжы
Па капрызе гісторыі гэтая цалкам штучная мяжа ажыла падчас Другой сусветнай вайны. Спачатку Сталін пасля нападу СССР на Польшчу дамовіўся 29 верасня 1939 г. з Гітлерам «пра дружбу і мяжу» па лініі Керзона з адным адхіленнем на захад у раёне Беластока.
Потым ужо ў складзе антыгітлераўскай кааліцыі падчас канферэнцыі Вялікай тройкі ў Тэгеране Сталін пры актыўнай падтрымцы Чэрчыля акрэсліў пасляваенную польскую ўсходнюю мяжу ўздоўж лініі Керзона.
На пасляваеннай польска-савецкай мяжы. Фота: cdnn1.ukraina.ru
Пасля вайны так яе і правялі, з адносна невялікімі адхіленнямі на карысць Польшчы. Між іншым, польская дэлегацыя прасіла ў Сталіна ўсю Белавежскую пушчу (маўляў, лесу ў нас мала, а ў СССР яго навалам), але атрымала толькі меншую яе частку.
Пасля пазнейшых невялікіх карэкціровак выпадковая і нерэалізаваная дэмаркацыйная лінія з 1920 г. стала рэальнай польска-беларускай (і польска-ўкраінскай мяжой).
Мяжа каля Брэсцкай крэпасці. Фота: bangkokbook.ru
Праз тое Берасце сёння мае дадатковую турыстычную цікавостку — берасцейцы і госці горада могуць бясплатна любавацца на дзяржаўную мяжу, што называецца, не выходзячы з горада.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Курс на Захад! Круты паварот беларускай гісторыі