Для кінааматараў юбілейны ХХ міжнародны фестываль “Лістапад” пачаўся з паказу фільма “Параджанаў”, для кінабамонду – з чырвонай дарожкі ў Палацы Рэспублікі. Карэспандэнты Budzma.org паспелі ўсюды.
Параджанаў
Біяграфічная драма “Параджанаў” рэжысёраў Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай, намінаваная на прэмію “Оскар-2014” ад Украіны, стала фільмам адкрыцця невыпадкова. Па словах праграмнага дырэктара кінафестывалю Ігара Сукманава, сёлета арганізатары форуму робяць акцэнт на карцінах краін былога сацыялістычнага блока, а рэжысёр Сяргей Параджанаў – адна з ключавых фігур кінематографа тых часоў.
“Мы хацелі паказаць моладзі час, у якім жыў і ствараў вялікі мастак, – адзначыла Алена Фяцісава. – Быць мастаком, ствараць тое, што хочаш, заўсёды складана: і ў тыя часы, і сёння. Так будзе заўсёды. Мы хацелі, каб маладыя людзі, паглядзеўшы гэтае кіно, зацікавіліся творчасцю Параджанава”.
Ці атрымалася аўтарам дасягнуць гэтай мэты, пытанне спрэчнае. Аўтар гэтых радкоў, вялікі прыхільнік Параджанава, назірала за тым, што адбывалася на экране, з сумам. Так, у фільме ёсць факты з жыцця, дынамічны сюжэт, тэхніка, сістэма. Але без затрымак дыхання, без параджаннаўскай паэзіі – адным штрыхом. Няма тут аўтара “Ценяў забытых продкаў” і “Колеру граната”. Не атрымалася Параджанава.
Вось што расказала на прэс-канферэнцыі Алена Фяцісава: “Здымаць фільм пра яго жыццё па-за эпохай было б няправільна. Параджанаў не існаваў па-за часам, але разам з тым жыў па-за ўсім сусветам. Эпоха грала вялікую ролю, але, ствараючы яе, мы стараліся пазбягаць стэрэатыпаў і штампаў аб тым часе. Дрэнных людзей у фільме няма – такі быў час, кожны быў на сваім месцы. Магчыма, нехта зможа лепш за нас перадаць унутраны свет Параджанава”.
Чырвоная дарожка
Ужо некалькі гадоў запар мінскі фестываль адкрываецца чырвонай дарожкай. І амаль кожны раз свята псуе надвор’е: то дождж, то халодны вецер. У юбілейны год фестывалю арганізатары перастрахаваліся і перанеслі дарожку ў фае Палаца Рэспублікі. Дарэчы, сёлета беларускія актрысы прадэфілявалі ва ўборах ручной работы “от куцюр”. Спецыяльна для “Лістапада” іх сшыў мадэльер Дэні Дзюран, які апранае актрыс у Канах.
Па чырвонай дарожцы прайшліся каля 150 беларускіх і замежных кінематаграфістаў, сярод якіх Галіна Данэлія, Юозас Будрайціс, П’ер Леон, Аляксандр Зяльдовіч, Мікалай Бурляеў. Урачыстую цырымонію адкрыцця правялі тэлевядоўцы Сяргей Кацьер, Вікторыя Сянкевіч і шоумэн Вадзім Галыгін. Вядомы рэзідэнт Comedy Club спрабаваў жартаваць, імправізаваць, але мерапрыемства ўсё роўна не выходзіла за межы афіцыйнага. Спачатку на сцэну выйшаў міністр культуры Барыс Святлоў і зачытаў прывітанне ад Аляксандра Лукашэнкі. Легендзе савецкага кіно Юозасу Будрайцісу (дарэчы, акцёра можна будзе пабачыць у кінастужцы «Белыя росы-2») уручылі спецыяльны прыз прэзідэнта Беларусі “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў перадаў прывітанне “Лістападу” ад расійскага Саюза кінематаграфістаў і асабіста ад яго кіраўніка Мікіты Міхалкова (“Мікіта Сяргеевіч быў бы рады прысутнічаць у гэтай зале, але здымае свой чарговы фільм”).
Ганаровы старшыня кінафестывалю, народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі параўнаў фестываль з кнігай успамінаў Эрнэста Хэмінгуэя: «Лістапад» – гэта свята, якое заўсёды з табой.
Старшыня нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька згадаў першы “Лістапад” у 1994 годзе – “калі ў зале было холадна, і акцёры выходзілі на сцэну не ў вечаровых сукенках, а ў джынсах”. Пасля чаго абодва старшыні падзякавалі прэзідэнту за патранат фестывалю, паставілі аўтографы на талерцы і па старой кіношнай традыцыі разбілі яе аб штатыў кінакамеры. Пасля гэтага “Лістапад” быў афіцыйна адкрыты.
ХХ Мінскі міжнародны кінафестываль працягнецца да 8 лістапада. У асноўным конкурсе гульнявога кіно бяруць удзел 12 фільмаў. Беларусь прадстаўлена карцінай Канстанціна Лапушанскага “Роля”. Усе фестывальныя паказы праходзяць на пяці пляцоўках: у кінатэатрах “Цэнтральны “, “Мір”, “Піянер”, “Перамога” і Доме кіно.
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева