Літаратурная вечарына Уладзіміра Сіўчыкава прайшла 30 кастрычніка ў Жодзінскім краязнаўчым музеі.
Распавядае аўтар: “Меркавалася імпрэза найперш як прэзентацыя маіх сёлетніх, апошніх па часе выхаду кніг “Кошык Велікодны” (вершы дзецям) і “Уладзевы гісторыі” (кароткая проза), але маршалак, навуковы супрацоўнік Музея Віктар Аўчарэнка паводле свайго сцэнарыя разгарнуў яе ў мой жыццёва-творчы партрэт. Падводзіў да тых ці іншых дат, асвятляў пэўныя падзеі і прапаноўваў выбраць сярод гасцей “ахвяру”, кагосьці з супрацоўнікаў музея (дырэктарка Музея Ірына Супрановіч сказала ўступныя і заключныя словы), маіх колішніх настаўнікаў (мой цёзка Уладзімір Мікалаевіч Макараў быў у мяне за першага настаўніка малявання), трэнераў (Міхал Зяленавіч Элімелах выгадаваў на водасховішчы на Плісе некалькіх чэмпіёнаў свету па веславанні), літаратараў (мой даўні апанент па асвятленні гісторыі Жодзіна Галіна Іванаўна Аніскевіч), сяброў (Алесь Казак паспеў панамаляваць і падарыць выступоўцам сяброўскія шаржы), сваякоў (стрыечная сястра Валянціна Крывенка расказала, як была ў мяне і за выхавацельку, а жонка Раіса Шастак гаварыла найбольш пра супольную выдавецкую дзейнасць).
Натуральна, дэкламаваў я творы са сваіх кніжак, а таксама з перыёдыкаў – часопісаў “Вясёлка”, “Дзеяслоў”, а таксама “Бярозка”, у якой працаваў у залаты адраджэнцкі час – напрыканцы васьмідзесятых – напачатку дзевяностых гадоў, нагадаў прысутным, што сабраліся мы падчас Асянінаў – Восеньскіх Дзядоў, адказаў на пытанні сваіх землякоў.
Музычнай аздобаю вечарыне сталіся спевы (“Простыя рэчы”, “Калыханка” і “Зялёныя рукавы”) ў выкананні Ксеніі Стрыжэцкай пад акампанемент гітары.
Ад імя грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” падарыў я найбольш актыўным удзельнікам вечарыны цішоткі, а таксама кнігі з новай выдавецкай серыі “Мая беларуская кніга”, падпісаў бібліяфілам свае кнігі.
Прыемным бонусам для прысутных (30-35 чалавек) была бясплатная экскурсія па музеі, дзе ці не найбольш гарачыя водгукі выклікала зала прыроды з некалькімі дзесяткамі пудзілаў птушак і жывёл жодзінца-таксідэрміста Генадзя Пузанкевіча.”
Уладзімір Сіўчыкаў