Маеце вольны час, а чытаць вам няма чаго? Ці, наадварот, столькі кніг навокал і незразумела, што з іх варта абраць? Урэшце, хутка лета — а звычка шмат чытаць летам захавалася яшчэ з часоў атрымання адукацыі.
Спецыяльна для вас “Будзьма” падрыхтавала новы праект “Літаратурны рэспект”. У межах яго нашы пісьменнікі-сучаснікі расказваюць пра кнігі калегаў (кожны мае права назваць толькі адну), на якія варта звярнуць самую пільную ўвагу. Да таго ж, пагадзіцеся, заўжды цікава даведацца, якую літаратуру любяць самі літаратары. Пісьменнікаў мы будзем апытваць па прынцыпе эстафеты — у першым выпуску мы пачалі апытанне пра вартыя кнігі з Віктара Марціновіча.
Віктар Марціновіч
— Ігар Бабкоў “Хвілінка”
Я вельмі раю прачытаць “Хвілінку” Ігара Бабкова — праграмны твор ад культавага аўтара, што спалучае сюжэтнасць новай беларускай прозы са стылістычнай выкшталцонасцю тэкстаў, што ствараліся ў дзевяностыя ды нулявыя. Твор адметны сваёй кампазіцыяй, сваімі дыялогамі і характарамі, але больш за ўсё той энергіяй, якая стаіць за словамі. Гэта тэкст-шыфроўка, маніфестам якога з’яўляецца заклік пакідаць празаічныя фрагменты як схроны ў патаемных месцах — для будучых генерацый.
У сэрцы гэтага твора ёсць містычны верш: я прачытаў яго год таму і памятаю дагэтуль, настолькі ён моцны. Пішу цяпер і чую, як пабеглі мурашкі па спіне і шыі — уся “Хвілінка” закручваецца вакол гэтага верша, бы па спіралі.
І вось, мы, нашая генерацыя, папросту страцілі веды пра тое, як можна ствараць такую прозу — што мяжуе з летуценнем, што стаіць за крок ад бессвядомага… “Хвілінка” пакідае ўражанне рамана, напісанага зданню, прывідам, што выйшаў з мінулага — прычым нават не нашага сярэднявечнага мінулага, а нейкага агульначалавечага мінулага, у якім закладзены ўсе нашыя страхі ды жарсці. І вось нарацыя вядзецца быццам бы пра Беларусь, але і пра Кітай, і пра перабудову, і пра сцяну, у якую біліся галовамі нашыя папярэднікі, прабілі яе, а там — Нішто…
Ігар Бабкоў
— Сяргей Дубавец “Сіні карабель у блакітным моры плыве”
Мушу абазначыць, што сёлета апроч кнігі Сяргея Дубаўца выйшла як мінімум пяць вельмі вартых увагі кніг, страшна важных для літаратуры. “Сіні карабель…” — фантастычна прыгожая кніга, якую сам аўтар на прэзентацыі назваў яе “кнігай ні пра што” — магчыма, гэта быў спосаб ухіліцца ад каментароў. Гэта кніга — своеасаблівая антыўтопія, але антыўтопія па-беларуску. На яе асабліва не было рэцэнзій, але гэта не проста новая кніга Дубаўца, а можа, нават кніга года ці кніга дзесяцігоддзя.
Сяргея Дубаўца ўсе ведаюць як журналіста “Свабоды”, эсэіста, публіцыста, які трымае руку на пульсе часу, парадаксальна думае, не баіцца ісці насуперак агульнай плыні. На гэтым фоне згубіўся Дубавец-празаік, аўтар тонкіх мадэрнісцкіх тэкстаў, страшна прыемна, што ён вярнуўся да нас менавіта як пісьменніка. Цяжка сказаць, пра што гэтая кніга, цікава, што адначасова з ёй выйшлі дзве іншыя антыўтопіі — “Мова” Віктара Марціновіча і “Дзеці Аліндаркі” Альгерда Бахарэвіча, “Дзеці Аліндаркі” — кніга шчырая і важная, той выпадак, калі аўтар спрабуе сказаць пра самае галоўнае, Віктар Марціновіч гуляецца ў іншага кшталту гульні. На фоне гэтых дзвюх надзвычай вартых кніг “Сіні карабель…” выглядае як нематываваны акт прыгажосці, які нічога нікому не спрабуе давесці і ператвараецца ў знак самадастатковасці беларускай літаратуры.
Сяргей Дубавец
— Артур Клінаў “Шклатара”
Артур Клінаў — не толькі пісьменнік, але і вядомы мастак, таму “Шклатара” аказалася раманам надзвычай маляўнічым, які чытаецца на адным дыханні. Дарэчы, у кнізе вельмі арганічна выкарыстоўваецца ненарматыўная лексіка, яна не раніць слых і заўсёды да месца. У “Шклатары” шмат п’янства, радасці, расчаравання — усяго, чаго часам так не хапае ў рэальным жыцці.
Што да персанажаў кнігі, якія маюць адпаведнікі ў сапраўдным жыцці, то я не чалавек тусоўкі, у кімсьці пазнаў знаёмых, у кімсьці — не, у любым разе кніга будзе цікавай нават тым, хто не ведае тусоўку: проста сядай і чытай.
У “Шклатары” ёсць сапраўдная інтрыга, нават некалькі, у тэксце перагукаюцца падзеі дзевятнаццатага стагоддзя і нашага часу, ёсць выдатныя аўтарскія развагі. Артур Клінаў — цалкам чалавек свайго пакалення, чалавек абсалютна еўрапейскі, які абапіраецца на еўрапейскія каштоўнасці. Чаго ў рамане няма, дык гэта спрадвечнага беларускага суму, развагаў пра долю-нядолю, затое ў “Шклатары” шмат жыцця, будзённасці, весялосці і бурлеску.
Падрыхтаваў Юрась Ускоў