Тры гады таму выйшаў першы нумар незалежнага літаратурна-мастацкага часопіса “Макулатура”. што яднае ў сабе новае пакаленне пісьменнікаў і мастакоў. За гэты час пабачыла свет шэсць тэматычных выпускаў, праект паспеў зладзіць імпрэзы ў Мінску, Празе, Бабруйску, Гародні, адбыліся выставы ілюстрацый у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў Галерэі Саюза дызайнераў. У вечарынах “Макулатуры” бралі ўдзел яскравыя беларускія пісьменнікі і мастакі, а таксама Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл. “Макулатура” выявілася як культурны феномен.
Літаратурна-мастацкі часопіс. Бадай, у дадзеным выпадку дакладней і не скажаш – і літаратурная, і мастацкая часткі “Макулатуры” з’яўляюцца важкімі, раўназначнымі. Той выпадак, калі звыклы тэрмін набывае новае жыццё і сапраўды раскрываецца напоўніцу. У культурным жыцці Беларусі праект стаўся тым, чаго бракавала, і гэта знаходзіць пацверджанне як у незгасальным імпэце стваральнікаў часопіса, так і ва ўсё большай папулярнасці і запатрабаванасці “Макулатуры”. Новыя імёны, новыя падыходы. Пляцоўка стала стартавай для многіх маладых мастакоў і пісьменнікаў, дала магчымасць выказацца, прыўнесці сваё – без шаблонаў, ціску і межаў кшталту “трэба толькі вось так і гэтак, астатняе – не мастацтва і ўвогуле ад лукавага”. Ілюстрацыі, зробленыя ў розных тэхніках, індывідуальныя па стылі і арыгінальныя па выкананні, не толькі адлюстроўваюць вобразнае мастацкае ўспрыманне літаратурных тэкстаў, але і з’яўляюцца самастойнымі і скончанымі працамі. Многія творцы называюць для сябе “Макулатуру” свежым паветрам, а “Макулатура”, у сваю чаргу, імкнецца паказаць, што менавіта смелыя, здольныя на эксперыменты аўтары ствараюць будучыню як для літаратуры, так і для ўсіх плыняў мастацтва.
Заснавальнікі часопіса, пісьменнік Сяргей Календа і мастачка Васіліса Паляніна-Календа, падкрэсліваюць: “Макуларура” абапіраецца на дзве рэчы – свабоду творчасці і максімальную незалежнасць. Канечне, а чаго яшчэ чакаць ад маладой крыві? Вера ў сябе, упэўненасць у сваім, задача – змяніць свет. Вымалёўваецца такая сабе перспектыўная літ-арт-суполка.
Васіліса Паляніна-Календа
Як гэта – быць галоўным мастаком часопіса “Макулатура”?
Гэта прыўкрасны досвед. Я заўсёды захаплялася людзьмі, якія маглі пісьменна і правільна арганізаваць супольную мастацкую дзейнасць, – куратарамі, рэдактарамі, дырэктарамі… Я не адказная за чужую працу, маю на ўвазе – за працу, што рабіла не я, аднак адчуваю вялікую адказнасць за тое, што раблю цяпер, бо быць мастаком і быць мастацкім кіраўніком – абсалютна розныя рэчы. Першае выклікае ў мяне менш пэўных унутраных пытанняў, чым другое. Безумоўна, дзякуючы гэтаму ты шмат чаму вучышся і атрымліваеш карысны вопыт у іншай плыні, як для мастацкага, так і для сацыяльнага развіцця. Калі ты кіруеш праектам, ты павінен больш ведаць, больш камунікаваць, сачыць за мастацкім жыццём і ўмець правільна данесці задачу. Гэта пэўнае развіццё ў першую чаргу для мяне самой, а чым больш досведу і інфармацыі ты атрымліваеш, тым больш насычаешся ўнутрана.
Ці можна лічыць каманду мастакоў “Макулатуры” асобнай творчай суполкай, групай?
Так, кожная каманда – апрыёры асобная суполка. У нашым праекце дастаткова ярка праглядаюцца акцэнты на канкрэтных тэмах – незалежнага мастацтва, свабоды эксперыментаў, разбурэння абмежаванняў, іроніі над стэрэатыпамі, захаплення смелымі і інавацыйнымі падыходамі як у тэхнічным, так і ў псіхалагічным сэнсе.
Чым адрозніваецца “макулатурнае” мастацтва ад іншага?
Мы не гонімся за поспехам ці моднымі плынямі. Мы не камерцыйны праект, не выглядаем як глянец і не выкарыстоўваем эпатажныя падыходы дзеля прыцягнення ўвагі. Мы робім тое, што нам падабаецца, што для нас важна, тое, аб чым нам хочацца распавесці. Часта гэта невясёлыя тэмы, часта ў тэкстах і ілюстрацыях больш дэпрэсіўнасці, чым пазітыву. Жыццё з усімі недахопамі, выпрабаваннямі і цяжкасцямі робіцца для нас формай абсурду і формай нашага разважання над ім. Мы не саромеемся паказаць тое, што нас хвалюе. Мы не саромеемся раскрываць шматграннасць кожнага з нас, выварочвацца навыварат, выклікаць непрыманне – як заўгодна, галоўнае быць шчырымі ў сваіх дзеяннях.
Як лічыш, ці можна назваць арт-суполку “Макулатуры” феноменам?
Беларуская мастацкая прастора пакуль што дастаткова вузкая. І, канечне, у нашай краіне такі праект можна вылучыць нават з той нагоды, што ў “Макулатуры” няма канкурэнцыі, няма хаця б аднаго часопіса, які працуе ў нашым фармаце. Назваць арт-суполку “Макулатуры” феноменам? Не ведаю, надта гучна сказана. Але тое, што мы робім, дадае нам жадання развівацца, рабіць нешта значнае, а ўсведамленне таго, што мы сталі першымі ў гэтым ключы, дадае нам больш адказнасці, але і больш упэўненасці ў дзеяннях. З аднаго боку, мы працягваем старую добрую традыцыю ілюстравання літаратурных тэкстаў, як гэта рабілася яшчэ ў старажытным Егіпце, з іншага, мы мяняем начынне звыклых нам рэчаў, спрабуем знайсці новыя падыходы, смелыя рашэнні і шчырыя вобразы. Арт-“Макулатура” – гэта лад жыцця кожнага мастака, кожнага аўтара. “Макулатура” – гэта пункт гледжання на сучасную рэчаіснасць. Калі кагосьці ён кране настолькі, што натхніць на рух яму ўслед, – хай часопіс называецца феноменам.
Даша Заічанка
Твае першыя крокі ў мастацтве. Якімі яны былі?
Мае першыя крокі ў мастацтве такія ж, як і мае першыя крокі ў гэтым свеце. На гэтае пытанне ўвогуле складана адказваць, лепей раскажу пра першае знаёмства з “Макулатурай”. Яно адбылося завочна: я прачытала пра часопіс у сеціве, штосьці зварухнулася ў сэрцы, і я адчула: трэба ім напісаць, звязацца з імі. Ужо тады было зразумела, што праект не камерцыйны, а культурна важны, важкі, і мне было прыемна прапанаваць ім свае ілюстратарскія руку і сэрца. Інтуіцыя мне не здрадзіла: за старонкамі “Макулатуры” стаяць светлыя, адкрытыя людзі з гарачымі сэрцамі. І гэта не толькі не змяншае іх прафесіяналізму, але дае значна больш матывацыі для сумеснай працы.
Чым вылучаецца “макулатурнае” мастацтва?
Спачатку я проста ілюстравала давераныя мне тэксты, аднак потым пачала задумвацца глыбей: што ж такое “Макулатура” наогул, хто гэтыя аўтары і мастакі-ілюстратары, з якімі я працую. “Макулатура” – незвычайнае выданне. Па-першае, тэксты, што друкуюцца на старонках гэтага часопіса, часцяком складана знайсці дзе-небудзь увогуле, такі сабе сапраўдны беларускі літаратурны андэграўнд. “Макулатурныя” ілюстрацыі з майго партфоліа – самыя вар’яцкія, і мне гэта надзвычай даспадобы. А па-другое, мастакі, што ілюструюць “Макулатуру”, маюць тут творчую свабоду, і хаця знаходзяцца яны на крыху чужой для іх тэрыторыі, засваенне ўжо распачалося.
Вольга Якубоўская
Чаму ты займаешся менавіта кніжным мастацтвам?
Мяне цікавяць розныя напрамкі ў мастацтве, я займаюся абстрактным жывапісам і графікай (літаграфіі, афорты, гравюры па лінолеуме, дрэве), увогуле я пад велізарным уражаннем ад сучаснай скульптуры і перфомансаў, аднак кніга для мяне – спалучэнне і графікі, і жывапісу, і скульптуры, яна сама па сабе – аб’ект мастацтва.
Шэсць гадоў таму я прыехала ў Чэхію і пачала вывучаць кніжны пераплёт і кніжную ілюстрацыю. Спачатку было складана: быў момант адмаўлення, адчужэння, а потым пераломны перыяд мінуў, і я закахалася ў кнігу, убачыла ў ёй аб’ект і мастацтва, і бясконцага пошуку сябе. Я пачала ствараць і ілюстраваць кнігі і да гэтага часу не магу наталіцца. Кнігі ручной працы – гэта мая справа.
Ці можна лічыць “макулатурнае” мастацтва з’явай?
“Макулатура” створаная на чыстым энтузіязме Сяргея і Васілісы, таму тут няма месца грашам і велізарным накладам. Затое гэты часопіс адлюстроўвае нашае андэграўднае беларускае мастацтва. Мне падабаецца, што ў гэтым праекце няма абмежаванняў ні па тэкстах, ні па ілюстрацыях: любая тэхніка выканання, усё, што пажадаеш. Па сутнасці, “Макулатура” ёсць пляцоўкай для свабоды ілюстратара і празаіка, і гэта мне страшэнна падабаецца!
Ганна Бундзелева
Чым цябе прывабіла “Макулатура”?
“Макулатуры” я асабіста ўдзячная за адкрытую творчую прастору. Гэта тычыцца і літаратурна-мастацкай паловы часопіса, і яго неад’емнай часткі – чытачоў. Я мела магчымасць знаходзіцца па абодва бакі – быць адначасова і чытачом, і ілюстратарам тэкстаў. Гэта было дастаткова цікава, таму што дазваляла шырэй пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай і яе прадстаўнікамі, чытаць сусветна вядомых аўтараў, а таксама сучасных, перакладзеных на беларускую мову, такіх як Картасар, Букоўскі, апавяданні расійскай пісьменніцы Улі Новы і іншых. Па-другое, пазнаёміцца з мастакамі, іх працамі, падыходамі і стаўленнем да тэм і тэкстаў часопіса, іх творчай мовай.
Для мяне як мастачкі зацікаўленасць “Макулатурай” паступова расла дзякуючы неабмежаванасці ў выбары мастацкіх сродкаў выказвання, магчымасці эксперыментаваць у візуальных і графічных кірунках рэальнага творчага праекта, які рэгулярна бачыць свет. Я паспрабавала працаваць у розных тэхніках, вынаходзіла розныя спосабы стаўлення да спецыфікі тэкстаў. Часам тэкст цалкам быў для мяне глебай, якую я перапрацоўвала ў візуальныя вобразы, а іншым разам вылучала асобныя, як я лічыла, грунтоўныя кавалкі з тэксту альбо думкі, на падставе якіх працавала. Я свядома не прытрымлівалася адзінай графічнай мовы, каб дакладней адчуць і зразумець сваю асабістую, зразумець характар свайго стылю. Гэта тое каштоўнае для мяне, што дае праца ў “Макулатуры”.
Якое, на тваю думку, галоўнае адрозненне “Макулатуры” ад іншых часопісаў і мастацкіх суполак?
Па-першае, “Макулатура” – некамерцыйны самастойны аўтарскі праект, заснаваны на культурніцкіх, асветніцкіх і мастацкіх інтарэсах сваіх стваральнікаў. Такі спіс якасцяў ужo адначасова дастаткова амбітны і няпросты ў рэалізацыі. Тым больш калі ўся арганізацыйная адказнасць, акрамя мастацкай дзейнасці ў часопісе падзяляецца толькі паміж дзвюма асобамі – такая сур’ёзная заяўка выклікае павагу і зацікаўленасць звонку.
Па-другое, вар’яцкая асаблівасць “Макулатуры” – адсутнасць фінансавання аднекуль, акрамя гаманцоў сваіх стваральнікаў. Гэты факт таксама выклікае павагу і дае магчымасць быць незалежнымі ад любых магчымых прадыктаваных умоў і навязаных ідэй.
Такая самастойнасць вымушае быць арганізаванымі, адказнымі за свой прадукт, калі хочаце, прафесійна дысцыплінаванымі.
Па-трэцяе, акрамя вялікай літаратурнага складніка часопіса ў “Макулатуры” ёсць мастацкі, які мае не дадатковы характар аздаблення тэкстаў, а фармуе самастойную частку часопіса. З ілюстрацыямі працуе добрая колькасць цікавых мастакоў, нават з розных кутоў свету.
Дзякуючы такому творчаму ўзаемадзеянню ў мастакоў “Макулатуры” адбыліся ўжо дзве выставы, дзе былі паказаныя найлепшыя працы з усіх нумароў за ўвесь час існавання часопіса. Ладзяцца цікавыя імпрэзы, сустрэчы з пісьменнікамі і мастакамі, начныя чытанні тэкстаў у кнігарні “логвінаЎ”, прысвечаныя выданню новых нумароў часопіса. Ды наогул, такі стракаты колазварот цікавых падзей і сімбіёз творчых людзей не дазваляе заставацца абыякавымі, убаку ад праекта такога кшталту.
Лера Лазук
Якім ты бачыш развіццё часопіса і групы мастакоў?
Пра развіццё часопіса – пытанне даволі агульнае. Мяркую, праз уласнае развіццё кожнага мастака ды аўтара Арт-“Макулатура” і будзе развівацца. Тое, што адбываецца ўзаемадзеянне паміж мастакамі і пісьменнікамі, – таксама вельмі важна і цікава.
Чым адметнае “макулатурнае” мастацтва?
Перадусім свабодай ды шчырасцю – і для мяне гэта вельмі каштоўна. Адсутнасць цэнзуры ставіць кожнага аўтара перад уласным выбарам: што казаць і якія сродкі выкарыстоўваць. А гэта і ёсць найлепшай глебай для творчасці, на маю думку. Я перакананая, што мастацтва – тэрыторыя максімальнай свабоды. Быццам ствараецца паралельная рэчаіснасць, дзе можна ўбачыць пра чалавека і яго жыццё тое, чаго не бачна ў штодзённым жыцці, тое, што бачыць і паказваць не прынята, але яно ёсць… Ствараецца больш поўная і рэальная карціна пра чалавека і свет, а значыць, і магчымасць быць больш сапраўдным…
Сяргей Сакума
Што азначае тваё імя? Ці гэта псеўданім?
Калі раблю малюнкі, я выкарыстоўваю імя Sakuma Shigeru. Маё прозвішча сапраўды Сакума, і яно японскае, але, наколькі я ведаю, асаблівага значэння не мае. Shigeru – звычайнае японскае імя, якое я спецыяльна падабраў, каб было сугучна з Сяргеем. Вядома, цяпер нейкая мода на ўсходняе, японскае – перадусім дзякуючы анімэ, фільмам, літаратуры, сучасным тэхналогіям… Але для мяне сапраўдным адкрыццём было тое, што і японцы цікавяцца беларускай культурай. У Японіі ёсць людзі, якія перакладаюць сучасную беларускую літаратуру на японскую мову, вывучаюць беларускую ў цэнтры Токіа і размаўляюць на ёй – гэта неверагодна. І ўсё гэта – магчымасць паглядзець на звычайныя рэчы з іншага ракурсу.
Як ты пачаў працаваць з “Макулатурай”?
Супрацоўнічаць з “Макулатурай” я пачаў даволі нечакана і раптоўна. Тады мне трэба было нешта рабіць, каб пазбыцца цяжкіх думак. І малюнкі аказаліся выратаваннем. Увогуле, беларуская літаратура – асаблівая. Мне здаецца, яе можна апісаць словамі “магічны рэалізм”. Яна аб тым, чаго хочуць беларусы і чаго ў іх ужо няма ці яшчэ няма. А яшчэ для мяне як для непрафесійнага ілюстратара было вельмі прыемна, што “Макулатура” дае мастакам поўную свабоду: ніхто не стаіць над душой і не кажа, як маляваць і што маляваць – звычайна нам дасылаюць твор, мы яго чытаем і пасля робім ілюстрацыі, як адчуваем.
Літаратура і мастацтва для мяне – адно і тое ж. Спосаб зразумець сябе, разабрацца з часам, выявіць свой настрой.
Ian Pavetra
Ці ёсць розніца паміж ілюстратарам і мастаком?
Часцей за ўсё адбываецца так, што мастак выяўляе тое, што ў яго галаве, а ілюстратар – тое, што ў галаве аўтара, але праз прызму ўласнае свядомасці. Хаця калі разглядаць ілюстрацыю па-за кантэкстам літаратурнага твора, то атрымліваецца, што ён ужо і мастак. Калі натхніцца музыкай, то гэта ілюстрацыя ці самастойны твор атрымаецца? На гэтае пытанне адказаць складаней. А калі, па карціне мастака напішуць апавяданне, то атрымаецца, што гэта ўжо ілюстрацыя і пісьменнік – ілюстратар. Карацей, заблытана ўсё з мастакамі і ілюстратарамі. І галоўнае: як ні назаві – асабліва сутнасці не змяняе: чалавек ператварае нейронныя імпульсы ў карцінкі. Калі хтосьці мае схільнасць да філасофіі, ён можа падумаць пра ўсё гэта далей сам, а так лепей папіць гарбаткі, а то можна расперажывацца і сапсаваць сабе нервы праз тое, што ўсё ў гэтым свеце так складана, нават проста са значэннем словаў.
Што такое “Макулатура”?
Гэта абвяржэнне абыходкавага меркавання пра тое, што ў нашай краіне ніхто нічога не робіць і ўвогуле ўсе няздары, лайдакі і вупыры. Ну і плюс хітрая камбінацыя тэкстаў і карцінак.
Ліда Наліўка, Сяргей Календа