На мезансцене сучаснай беларускай музыкі замаячыў новы цікавы і не зусім звычайны калектыў – Martin S. Спачатку гурт заявіў пра сябе на нацыянальным адборы на Еўрабачанне 2012, сабраўшы нядрэнныя водгукі журы. Аднак тады гэты калектыў прадстаўляў для ўсіх поўную загадку, бо да гэтага Martin S. не быў заўважаны ні ў тусоўках ні ў салянках, ды й наогул пра гурт ніхто нічога не чуў.
Пасля гэтага, праз непрацяглы час, у адным са сталічных клубаў на канцэртным мерапрыемстве гурт правеў сваю прэзентацыю, выканаўшы толькі адну песню, але нават гэтага было дастаткова, каб узмацніць інтрыгу і пакінуць гледача ў захапленні. Не прайшло і тыдня, як Martin S. зноў нагадаў пра сабе выклаўшы ў сетку цізер сінгла «Мала Месца».
Як заяўляе гурт, самі яны не плануюць абмяжоўвацца толькі музыкай. Менавіта пра гэта яны напісалі ў сваім блогу: “Але музыкай я не абмяжоўваюся. Ну мяркуй сам, калі чалавек пачынае дзеяць, дык ці можна знайсці рамкі, якія яго стрымаюць? Таму будзь гатовы да таго, што аднойчы я паклічу цябе, напрыклад, на сумеснае маляванне самай вялікай каровы ў свеце або «на бульбу» да маёй бабулі. Усе вар’ятскія праекты, якія прыйдуць у маю «хворую» галаву я збіраюся абавязкова рэалізоўваць, і рабіць гэта я хачу менавіта разам з табой, не азіраючыся на тое, музыка ты ці палітык, мужчына ці жанчына, носіш капялюшы ці не. Бо кожнаму ёсць што сказаць».
І сапраўды Martin S. ужо пачаў актыўна адваёўваць сваё месца ў блогасферы, распавядаючы пра ўласнае жыццё, размаўляючы з чытачом на адной мове. Адзінае, што застаецца загадкай, дык гэта існаванне самога персанажа Martin S. Ён рэальны? І вось зараз у сетку выкладзены і сам сінгл.