17-19 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшла ІІІ лабараторыя рэжысёрскіх праектаў.
Лабараторыя мае на мэце актуалізаваць праблемы, звязаныя з сучаснай беларускай рэжысурай, і праходзіць у выглядзе прэзентацый гатовых спектакляў і ўрыўкаў, якія робяць як студэнты-рэжысёры, так і іх больш дасведчаныя калегі. Так, у рамках лабараторыі былі паказаныя дзве дыпломныя работы рэжысёраў майстэрні Віталя Катавіцкага Юліі Альшэўскай і Солх Дуст Анушэ, якія мне, на жаль, паглядзець не давялося.
Затое я пазнаёміўся з прэзентацыямі эскізаў, якія яшчэ могуць стаць самастойнымі работамі.
Чытку п’есы Юха Ёкела “Фундаменталісты” студэнт-рэжысёр Дзмітрый Цішко са студэнтамі акцёрскай майстэрні Мікалая Кірычэнкі рыхтаваў яшчэ да мінулага форуму “TEART”. На першы погляд гэтая п’еса напісаная для больш сталых артыстаў, але ў ёй ёсць фідбэкі пра юнацтва і маладосць галоўных герояў. І можа быць такое рашэнне, калі пасунуты ў бок маладосці ўзрост выканаўцаў зробіцца сапраўдным мастацкім вобразам. Але відавочна, што выканаўцы пакуль толькі шукаюць свае інтанацыі.
Цікава, як успрымаецца публікай гісторыя пастара, які шукае месца для сваёй веры ў сучасным свеце навукі і абстрактныя меркаванні пра мараль і веру выпрабоўвае на сваім ўласным жыцці, у стасунках з жанчынай, якую працягвае кахаць з юнацкіх гадоў, сустрэўшы праз 20 гадоў. У святле тэатральна-рэлігійных скандалаў вакол “Тангейзера” сюжэт Юха Ёкела выглядае ў нечым нават небяспечным. Але рэжысёр робіць усё, каб перш за ўсё актуалізавалася менавіта рамантычная лінія. Ці слушны гэты выбар, сказаць складана.
Валянціна Мароз, вядомы педагог і рэжысёр, таксама прэзентавала работу на курсе Мікалая Кірычэнкі, і гэта сучасная польская п’еса “Аднакласнікі” Тадэвуша Слабадзянка. Класная гісторыя, дзе ў ёмістай форме перадаюцца самыя важныя падзеі ўсходняй Польшчы, звязаныя з ІІ сусветнай вайной. У адрозненне ад папярэдняга ўрыўку, гэта масавы праект, дзе занятыя, здаецца, усе студэнты курса. У рэжысёра атрымалася задаць рытмічна-пластычную дамінанту. Маладыя акцёры ў бадзёрым тэмпе расказваюць гісторыі маладых людзей свайго ўзросту 70-гадовай даўніны. Палякі, габрэі, рускія, немцы — сяброўства і варожасць вырастаюць нібыта з дзіцячых гульняў з сапраўднымі дарослымі наступствамі.
Гэта выдатны матэрыял для студэнцкай работы, таму што не толькі дазваляе праявіць сябе прафесійна, але акунае ў сапраўдную праблемную гісторыю, вымушае маладых людзей выказваць сваю пазіцыю, сваё стаўленне да адносна нядаўніх падзей.
Наступны ўрывак называўся “Каралева прыгажосці з Лінейна”, гэтую сучасную п’есу Марціна Макдонаха мае паставіць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа Ірына Цішкевіч. П’еса шмат ставіцца ў тым ліку ў Беларусі, але няма такога, што тут нельга сказаць нечага новага. Тут ёсць стаўка не на атмасферны побытавы тэатр, а спроба выявіць узаемаадносіны герояў сімвалічна, за кошт эфектных мізансцэн. Артысты існуюць вельмі па-рознаму, але збольшага менавіта акцёрскія ролі ў гэтым спектаклі могуць стаць вельмі эфектнымі. Тэма бацькоў і дзяцей увогуле вельмі актуальная, ці атрымаецца ў рэжысёра ў такой абстрактнай тэме знайсці сапраўдны нерв, пакажа прэм’ера.
Станіслаў Савосцін зрабіў вельмі эфектны і прадуманы эскіз па п’есе Дароты Маслоўскай “Двое бедных румынаў, якія размаўляюць па-польску”. Драматург выкарыстоўвае вельмі складаны для рэалізацыі на тэатры мантажны прыём. Што характэрна, рэжысёр-пачатковец знаходзіць выразныя сродкі для яго рэалізацыі выключна за кошт акцёраў. Дарота Маслоўская – гэта такая драматург-панк, і высокі тэмп, вядома, апраўданы. У перспектыве ён мог бы стаць самастойнай музычнай партытурай, бо ўвогуле музычная форма працы з сучасным тэкстам вельмі і вельмі перспектыўная. У дадзены момант урывак ідзе пад балканскія рытмы Брэгавіча, што таксама мае права на існаванне.
Вынікі лабараторыі падводзіць рана, але вельмі радуе, што яна настолькі тэматычна разнастайная. Там ёсць і рэлігія, і гістарычная памяць, і пытанне пакаленняў, і нават гендар (паводле словаў крытыка Людмілы Грамыка пра работу Юліі Альшэўскай). Рэжысёры не ставяцца да выбару матэрыялу фармальна. Пераважная праца з сучаснымі тэкстамі выглядае апраўданай (хоць гэта і не самамэта).
Галоўны спрэчны момант тычыцца інфармацыйнага поля вакол маладых рэжысёраў, і гэта выявілася ў фінальнай дыскусіі. Паміж крытыкамі і рэжысёрамі ў Беларусі яўны канфлікт, і няправільна рабіць выгляд, быццам яго няма. Крытыкі аперыруюць паняткамі мастацкага працэсу, які кожны разумее і ўспрымае па-свойму. Рэжысёры тым часам зыходзяць са сваіх уласных памкненняў да развіцця. І агульнага, супольнага погляду на сваю дзейнасць няма, і зладзіць дыялог вельмі і вельмі складана.
Пытанне, як развіваць рэжысуру, адкрытае, і яно не толькі беларуская праблема. Выдатна, што існуе прастора, дзе дыскусія можа весціся не абстрактна, а на прыкладзе канкрэтных работ.
Аляксей Стрэльнікаў