«Словы сапраўды скончыліся. Ад літаратараў засталіся адно манахромныя выявы, якія ня хочуць сказаць вам нічога. За іх гэта зробіце вы. Як зможаце сабе дазволіць», — адзначаецца на вокладцы кнігі паштовак «Канец словаў-2: home collection», якая складаецца з 30 фота аголеных літаратараў.
Далі сабе распрануць — «і фізічна, і метафарычна» — Віталь Рыжкоў, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Адамовіч, Юрась Барысевіч і Анатоль Івашчанка.
Як распавяла аўтар і каардынатар праекту Дар’я Сітнікава, «усё пачалося яшчэ год таму, калі мы рабілі каляндар «Канец словаў». Бо разам з ім мы выпусцілі і бонус — некалькі паштовак з фотаздымкамі літаратараў. І зірнуўшы на гэты ўдалы бонус, мы вырашылі зрабіць яго паўнавартасным праектам. Тым больш, што водгукі былі вельмі станоўчыя».
«Нам патрэбна эротыка. Сьціплая. Хатняя. Мужчынская», — анансуюць свае дзіця аўтары праекту ў прадмове да выдання.
«Мне куды больш няёмка было не з-за распранутасці, а з-за таго, што здымалася гэта ўсё дома, куды я толькі пераехаў і не паспеў зрабіць усё так, каб было не сорамна запрасіць госця, — прызнаўся Віталь Рыжкоў. — Што да аголенасці, то мы адразу дамовіліся, што на фота можна будзе пабачыць не больш, чым на гарадскім пляжы. Не думаю, што адэкватнага чалавека гэта можа збянтэжыць. Таму з лёгкім сэрцам я ўзяў удзел у праекце».
«Жонка дала згоду на мой удзел, астатняе мяне не хвалюе, — выказаў сваё меркаванне наконт аголенасці Севярын Квяткоўскі. — Я не баюся свайго тоўстага жывату альбо недастаткова шырокіх плеч».