Арганізатары «М.@rt.кантакт-24» распавялі пра адметнасці сёлетнега тэтральнага форума, які павінен адбыцца з 21 па 27 сакавіка ў Магілёве, піша газета «Звязда».
Мерапрыемства будзе праводзіцца ў сямнаццаты раз. Імпрэзу другі год запар узначальвае міністр культуры.
Акрамя паказаў спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў пройдуць майстар-класы, творчыя сустрэчы, запрацуе маладзёжная творчая лабараторыя.
Асноўная праграма ўключае 25 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Балгарыі і Расіі.
З Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ў Магілёў прыедуць 4 тэатры — драмтэатр «На Ліцейным», Пецярбургскі камерны тэатр «ТАК», тэатр пантамімы і пластыкі «Атэлье» і Ладзейнапольскі драмтэатр-студыя «Красавік».
Прыедзе Каляда-тэатр з Екацярынбурга са спектаклем «Тарас Бульба». Іркуцкі акадэмічны драмтэатр імя Ахлопкава з п’есай «Твардоўскі: Васіль Цёркін. Кніга пра байца». Кыргызскі дзяржтэатр юнага гледача імя Бакен Кыдыкеевай з Бішкека прадставіць монаспектакль «Үмүт» («Надзея») — гісторыю пра жанчыну, якая адправіла сына на Вялікую Айчынную вайну з надзеяй, што ён вернецца. Дзяржаўны рускі драмтэатр ім. К. С. Станіслаўскага з Ерэвана раскажа пра паводзіны чалавека, якія абумоўліваюць інстынкты. Балгарскі тэатр з Сафіі «Сляза і смех» прадставіць п'есу паводле твору «Дэкамерон» Джавані Бакачо.
Беларусь на тэатральным форуме прадставяць тэатры з Магілёва, Мінска, Брэста і Гомеля.
Фота: bykhov.by
Дырэктар тэатра Ірына Белякова расказала, што праграма форума пачала фармавацца адразу ж пасля таго, як толькі закончыўся папярэдні. «Мы актыўна наведвалі расійскія тэатры, прыглядаліся да калектываў. Некаторых запрашалі пасля таго, як убачылі іх работу на сцэне і атрымалі ад яе вялікае задавальненне. Наш тэатр выступае за пашырэнне межаў форума. Сёлета запланаваны паказ спектакля «Жаніцьба» ў Бялынічах — культурнай сталіцы гэтага года».
Паколькі сёлетні год праходзіць пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларусі, для аматараў тэатра падрыхтаваны падарунак. «Яны змогуць па білетах на спектаклі наведаць яшчэ і экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перасовачная выстава ад якога будзе працаваць у тэатральным скверы», — удакладніў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун.
Журы Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт» прадставяць вядомыя тэатразнаўцы Беларусі, Расіі, Кыргыстана, Ізраіля. Узначаліць журы расійскі і ізраільскі рэжысёр, педагог, крытык Віктар Шрайман.
«М.@rt.контакт» быў заснаваны ў 2006 годзе тагачасным дырэктарам Магілёўскага драматычнага тэатру Андрэем Новікавым. У лістападзе 2020 года яго вызвалілі ад пасады ў звязку са скасаваннем кантракта. Сапраўднай прычынай скасавання кантракта з Андрэем Новікавым называлі тое, што ён адмовіўся звальняць затрыманых на пратэстах супрацоўнікаў тэатру.