This movie requires Flash Player 9
23.12.2016 | Мастацтва

Мастак Зміцер Шапавалаў: “Тэма войска ВКЛ мае стаць візітоўкай Беларусі”

Зміцер Шапавалаў займаецца станковай графікай на тэму ваяроў Вялікага Княства і марыць стварыць грандыёзны вайсковы альбом з выявамі.

Большасць працаў мастака — гэта графіка: афорты, малюнкі, гравюры. З вялізных матрыцаў лінарытаў і мініяцюрных гравюрак памерам з кніжны экслібрыс пазіраюць лісоўчыкі 1612 года, крылатыя гусары з леапардавымі накідкамі, байцы артылерыйскай абслугі і г.д. Ёсць і цалкам адрозныя па выкананні творы на тую ж тэму: напрыклад, мадэль галеона з Курляндскага флоту ВКЛ, праўда, яшчэ не завершаная.

Пра мастацтва, мінуўшчыну, гістарычную дакладнасць і фантазію чытачам budzma.by распавядае Зміцер Шапавалаў.

 

“Натхняўся Матэйкам і Караткевічам”

Большасць тваіх працаў апелюе да сармацкага стылю. Як ты да гэтага прыйшоў?

— “Сармацкая” хутчэй тэма, а не стыль. Я працую па тэме ваеннага мінулага нашай Бацькаўшчыны. Мне заўсёды падабалася гісторыя, яшчэ са школы: гартаў падручнікі, разглядаў выявы. На мяне моцна паўздзейнічаў у свой час фільм “Агнём і мячом” паводле Сянкевіча. Калі прачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” — стала яшчэ больш цікава. Найперш, канечне, прыцягваюць увагу розныя ваенныя аспекты мінуўшчыны. Да гэтай пары, як бачыце, цікавасць не згасла.

Ці былі нейкія мастакі, якія для цябе выконвалі ролю арыенціраў?

— Натхняў, безумоўна, Ян Матэйка, асабліва па батальных матывах, але і шмат іншых. Паўплываў і мой улюбёны мастак Альбрэхт Дзюрэр. Наогул, мастакі эпохі Адраджэння, на маю думку, — бясспрэчныя аўтарытэты.

Ты малюеш для замоўнікаў, якія павесяць сабе гэтыя творы ў хаце, для калекцыянераў, для выставаў?..

— Я адкрыты для любых прапановаў (смяецца). На практыцы, канечне, гэта збольшага мая зацікаўленасць і маё жаданне, але, бывае, і людзі нешта замаўляюць, і выстаўляецца нешта. Праз нейкі час вельмі хацеў бы зладзіць асабістую выставу. Была ідэя праілюстраваць працу альбо працы па ваеннай гісторыі часоў ВКЛ. Але сустрэчных памкненняў з боку аўтараў альбо выдаўцоў пакуль няма.

 

“Замоўцы — апантаныя беларушчынай бізнесмены”

А ты кансультуешся з кімсьці з гісторыкаў?

— Па-першае, у плане гістарычнай кансультацыі мне дапамагае прафесар Юрась Бохан, які ці не найлепшы спец па гісторыі ўзбраення ВКЛ. Ён дае матэрыялы, крыніцы, выявы, як выглядала тая ці іншая рэч. Без яго наўрад ці б працы былі настолькі гістарычна дакладныміаз. Бо калі не ўлічваць асаблівасцяў і адметнасці часу, атрымаецца фэнтэзі.

Твае замоўцы — гэта бізнесмены, апантаныя беларушчынай гісторыкі, нехта іншы?..

— Апантаныя беларушчынай бізнесмены (смяецца). Такіх няшмат, канечне, але ёсць. Наогул, вялікага прыбытку гэтая праца не прыносіць. Зарабляць атрымліваецца, але не столькі, колькі патрэбна для жыцця. Я раблю тое, што ў мяне атрымліваецца, а згодна з водгукамі збоку, атрымліваецца не так і блага. Значыць, ёсць сэнс працягваць.

Ці маеш ты канкурэнтаў у Беларусі, якія працуюць з той жа тэмай?

— Наўрад ці варта казаць пра канкурэнтаў, хутчэй гэта калегі. Мой добры сябар Ілля Андрэеў арганізаваў графічную майстэрню imago.by. Гэта чалавек, апантаны гісторыяй, які збірае старажытныя выявы, гравюры, мапы па гісторыі ВКЛ. Усё гэта ў адсканаваным выглядзе ён выкладае на свой сайт. Таксама ён ініцыяваў выраб факсімільных мапаў і гравюраў, якія захаваліся ў невялікай колькасці і непад’ёмныя ў плане кошту нават для калекцыянераў. Тыя ж выявы, якія робіць ён, аформленыя ў рамку, можа набыць сабе кожны. Я таксама ўдзельнічаю ў ягоным праекце.

Вельмі паважаны мной Павал Татарнікаў аздабляе багата гістарычных кніжак, можна лічыць, што мы працуем у адной тэме. З іншага боку, ён працуе з акварэллю — а гэта іншы свет. Я ж працую ў графічных тэхніках — малюнак, афорт. У дадатак, я больш працую ў кірунку ўмоўнага рэалізму, з меншай доляй фантазіі.

“Войска ВКЛ — гэта такая ж легенда, як брытанскі флот”

Наколькі для цябе важны гэты рэалізм: каб зброя, рыштунак, ландшафты адпавядалі абранай эпосе?

— На розных этапах было па-рознаму. Калі я працаваў, напрыклад, над лінарытам “Грунвальд”, то яшчэ не быў знаёмы са сп. Боханам. Таму і атрымалася даволі фэнтэзійнае бачанне а-ля Матэйка. Вядома ж, напрыклад, што і на ягоным батальным палатне, прысвечаным Грунвальду, ззаду мільгаюць крылатыя гусары, якіх у той час быць не магло.

Пасля я ўжо пачаў паглыбляцца ў дэталі. Мне цікава паказаць прыгажосць рыштунку, які існаваў у нейкі канкрэтны час. Бо мастакі часам закрываюць на гэта вочы і замяняюць тое, што палічылі непрыгожым, нейкімі аналагамі з пазнейшых эпохаў. Маўляў, чаму б на паўстагоддзя не перасунуць нейкую рэч альбо мадэль шалома?

Хрэстаматыйны ў гэтым плане выпадак з мастаком, прозвішча не прыгадаю, які рабіў ілюстрацыі ў ХІХ ст. пра вікінгаў. Менавіта ён палічыў дарэчным дамаляваць ім да шаломаў рогі, што пасля стала паўнавартаснай часткай выяўленчай традыцыі. У гісторыі нічога такога не было, але мастак зрабіў з гэтага ўстойлівы міф: вікінг мае быць у “рагатым” шаломе!

Ці маеш ты творчую мару?

— Так, бо з усіх сваіх аркушаў я марыў зрабіць акурат кнігу па войску Вялікага Княства Літоўскага з XIV па XVII стст. Гэта меўся б быць тоўсты альбом з вялікай колькасцю ілюстрацыяў. Файна было б, каб такая рэч займела папулярнасць, прадавалася паўсюдна і разыходзілася па хатніх бібліятэках і ў якасці падарункаў. Магчыма, кагосьці б гэта падштурхнула да далейшых праектаў у такім ключы.

Я лічу, што тэма войска Вялікага Княства мае стаць візітоўкай нашай краіны. Як у Вялікабрытаніі стаў легендай брытанскі флот, так у нас — вайсковая справа часоў ВКЛ. Бо столькі войнаў, колькі было ў нас, наўрад ці было ў нейкім іншым кавалку Еўропы. Як бачым, і палякі, і літоўцы лічаць за гонар той факт, што і іх продкі спрычынілся да гэтага, — дзяржава ж была адзінай. Таксама і нам трэба браць у абарот гэты пласт, падводзіць грамадства да сваёй нацыянальнай памяці і сваіх герояў.

 

Размаўляў Алесь Кіркевіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика