На Tuzin.fm распачалося галасаваньне ў самым важным туры сэзону.
«Няма таго, што раньш было», – гэтую фразу часта даводзіцца чуць у дачыненьні да чарту на «Тузіне». Слухачы згадваюць часіны, калі ў нас за 1-ае месца змагаліся Zet, IQ48 і UltraВожык і кажуць, што цяпер такіх гітоў як «Белакрылы анёл», «Выйсьце» і «Атлянтыда» ужо не зьяўляецца. Між тым, у тыя часы, на якія спасылаюцца цяпер, было прынята згадваць ранейшыя часы – трохі вальнейшыя для музыкаў, калі N.R.M. і «Новае Неба» выступалі ў парку Горкага, а Neuro Dubelачольваў гіт-парад кліпаў на БТ. У тыя гады таксама згадвалі з настальгіяй пра ранейшыя часы…Гэта нармальна– азірацца назад і згадваць найлепшае. Самае яркае і важнае найлепей бачна якраз на адлегласьці. Між тым, працэс ідзе. І ўжо 12-ты сэзон па ліку мы маем з чаго выбіраць, і выбар гэты зрабіць няпроста, бо годных і вартых беларускамоўных песень зьяўляецца ўсё болей. Прычым у розных стылях, што асабліва радуе.
Усе рэйтынгі можна паглядзець па тэгу мэгатур-2015. У выніковых турах відэа і альбомаў возьмуць удзел усе ўдзельнікі чартаў.
Пасьля стартавага пэрыяду, штодня ў кожным з чартаў мэгатуру будзе здымацца апошняя кампазыцыя, пакуль іх не застаецца 12. У выніковых турах галасы абнуляцца і будзе ісьці галасаваньне да апошняга, з дапамогай якога вызначыцца Песьня, Кліп і Альбом гэтага сэзону на Tuzin.fm.
Tuzin.fm