Ужо некалькі гадоў краіна са зьдзіўленьнем, доляй гонару і няменшай доляй зайздрасьці назірае за чароўнай эвалюцыяй Сяргея Міхалка і кампаніі з вобразаў і станаў буйных п’яніц у накірунак адчайных агітатараў-анарха-сындыкалістаў з накачанай біцухай і бляскам у вачох. На прэзэнтацыі новага альбому «Ляпісы» паўсталі перад журналістамі ў сваёй чарговай глыбока ізатэрычнай рэінкарнацыі. Для якой візуальная абалонка — толькі нагода для вывучэньня ўнутранага сэнсу, а жыцьцё пазбаўленае зьнешняга сьвету, паўсюдных селебрыці і тусовак.
Перад дзьвярыма тэхнічнага памяшканьня ля даху буйнейшага ў Беларусі віцебскага клюбу «Энэргія» стаіць шарэнга ахоўнікаў: толькі што яны правялі сюды праз натоўп фанатаў фронтмэнаў «Ляпіса Трубяцкога» Сяргея Міхалка і Паўла Булатнікава. Зоркі ў самым пачатку свайго эсэндэшнага туру выглядаюць стомленымі пасьля двухгадзіннага канцэрту і шматмесяцовай падрыхтоўкі новага альбому, выхад якога анансаваны толькі ўвесну. Булатнікаў раз-пораз падпірае галаву кулакамі. На ілбе Міхалка зморшчыны, бачна, што ён адчувае сябе няўтульна. Перад музыкамі натоўп журналістаў, пытаньні якіх раз-пораз натыкаюцца на «Не разумею!» Міхалка.