Сустрэча паэтаў Веры Буланда і Міхася Скоблы ў санаторыі “Сасновы бор” і сядзібе “Залессе”, што ў Маладзечанскім раёне, 27 жніўня 2014 года прайшла ў цудоўнай і незвычайна цёплай абстаноўцы, шляхам гутаркі пра паэзію, Беларусь і кнігу прыйшлі разам да высновы, што мала ў наш час звяртаюцца людзі да паэзіі, да класічнай літаратуры, а яна, літаратура, насамрэч – самы галоўны багаж з усіх багажоў. Слухачам было цікава, як пішуцца вершы, на якія тэмы звяртаецца больш увагі, пераканана пацвярджалі, што наша беларуская мова – надзвычай прыгожая і меладычная, і ледзьве не ўторылі самому Ф. Багушэвічу, што на ёй, аказваецца, нядрэнна, а нават прыгожа не толькі гаварыць можна, але і творы пісаць арыгінальныя!
Вершы чыталіся на разнастайныя тэмы: інтымная лірыка перамяжоўвалася з радкамі, прысвечанымі Радзіме, маці, філасофскімі разважаннямі аб шчасці. А “Оду баразне” М. Скоблы так упадабалі, што прасілі “распячатку” верша нават адпачываючыя з Расіі.
О баразна – беларускі акоп!
Хай дыктатура ці мор у краіне,
Хай землятрус ці сусветны патоп –
А беларус баразны не пакіне.
Сапраўды, беларус не пакіне баразны, як і паэт пісьмовага стала, чыстага аркуша, на якім абавязкова ўзыдуць плады ўзрушанага натхнення.
У час правядзення конкурсу сярод адпачываючых выявіліся незвычайныя таленты, адна жанчына ўжо сталага веку прачытала байку, як потым выявілася, “самаробную”, г.зн. сама напісала, як саматканы абрус, вось так – і байка самаробная. Усе актыўныя суразмоўцы і ўдзельнікі конкурсу ад кампаніі “Будзьма беларусамі” атрымалі падарункі: торбачкі, паштоўкі “Мы – адметныя”, майкі, часопіс “Дзеяслоў”.